Экономика

Вось закрытая статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Пасля засакрэчвання статыстыкі па экспарце калійных угнаенняў Белстат не перастаў яе збіраць, проста спыніў публікацыю ў агульным доступе. Наша Ніва здабыла такую статыстыку за тры папярэднія гады.

Сталы для пінг-понгу ў шахце пад Салігорскам. Фота: Наша Ніва

У здабытай «Нашай Нівай» статыстыцы адлюстраваны тры паказчыкі: аб'ём экспарту, яго агульны кошт і сярэдняя цана за тону.

З дапамогай гэтай статыстыкі і даных за мінулыя гады мы здолелі даць прыкладную ацэнку прыбытковасці экспарту калію пасля ўвядзення санкцый і пачатку вайны.

Спачатку разгледзім закрытыя ад насельніцтва Беларусі даныя.

Мы бачым тут агульныя трэнды: прасяданне экспарту пасля забароны на транзіт цераз Літву ў 2022-м, частковае аднаўленне 2023-га пасля таго, як удалося выпрацаваць новую лагістыку праз Расію.

Такім чынам, аб'ёмы экспарту яшчэ не дасягнулі дасанкцыйных, яны ніжэйшыя на 2,7 мільёна тон, або на 22%.

Сярэдняя цана рэалізацыі амаль роўная цане 2021 года, але трэба ўлічыць інфляцыю даляра 12% за 2021—2023 гады.

І таксама бачым валавую выручку.

Трэба асобна нагадаць, што лічбы валавой выручкі не роўныя лічбам прыбытку.

З даступнай нам статыстыцы немагчыма дакладна ацаніць прыбыткі ад здабычы калію. Без доступу да актуальнай бухгалтэрыі мы можам прыкінуць гэта толькі па грубай экстрапаляцыі лічбаў папярэдніх перыядаў. Гэта магчыма.

Мы ўзялі 2018 і 2019 гады — самыя свежыя з даступных фінансавых даных «Беларуськалія» і Беларускай калійнай кампаніі і параўналі іх з данымі аб аб'ёмах экспарту і валютнай выручкі за тыя ж гады. Так мы вылічылі прыкладны сабекошт здабычы і транспарту ўгнаенняў у дасанкцыйныя гады.

Прыведзеныя ў табліцы лічбы не з'яўляюцца абсалютна дакладнымі, маюць аб'ектыўныя пагрэшнасці, але прыкладна адлюстроўваюць парадак лічбаў.

Паводле падлікаў «Нашай Нівы», сабекошт здабычы адной тоны калійных угнаенняў (маецца на ўвазе ўжо тона ў пераліку на 100% утрыманне карысных рэчываў) «Беларуськаліем» — лічба каля $70.

Лічбу $72 за тону ў 2012-м называла кіраўніца аналітычнага дэпартамента Газпрамбанка Дар'я Снітко.

У гэтую лічбу ўваходзяць толькі выдаткі на тэхналагічны працэс здабычы, а таксама заробкі рабочых, яна не фінальная. Да яе трэба дадаваць цану фрахту і адміністрацыйных выдаткаў.

З усім разам сабекошт тоны ў 2018—2019 круціўся вакол $200 і вышэй.

Аналітыкі галіны ў 2019-м называлі лічбу $252 як «практычна роўную сабекошту вялікіх кампаній», сярод якіх, безумоўна, і «Беларуськалій».

З гэтых разлікаў бачная прыкрая асаблівасць экспарту з сухапутнай краіны — вялізная доля транспартных выдаткаў у сабекошце.

Экспарт праз Клайпеду быў самым выгадным, лагістычнае плячо пры ім было найкарацейшае. Але і пры ім выдаткі на дастаўку дасягалі пад 40% сабекошту, бо рынкі асноўных спажыўцоў вельмі далёкія.

Шахцёры ўдзельнічалі ў руху за свабодныя выбары і супраць дыктатуры ў 2020-м, улады адказалі на гэта жорсткімі рэпрэсіямі і знішчэннем незалежных прафсаюзаў. Фота: Наша Ніва

Нехта з чытачоў можа здзівіцца рэнтабельнасці 2018—2019-га і спытаць, як жа тады ўдавалася столькі зарабляць, калі індыкатыўная цана ў гэтыя гады была $260-280 за тону?

Тлумачэнне ёсць. Індыкатыўныя цэны за тону абазначаюць толькі цану за тону на складзе вытворцы. Каб гэтая тона стала тваёй, кліент у рэальнасці плоціць кратна больш. Кантракты заключаюцца па формуле Cost and Freight (CFR) — кошт плюс дастаўка.

Вось і Беларуская калійная кампанія, для ілюстрацыі, у 2023-м публічна абуралася дэмпінгам канадскай Canpotex, якая абваліла цану з $590 долараў да $307 па формуле CFR (кошт + дастаўка).

Калі кліент гатовы плаціць $590 (гэта лічба для прыкладу, у 2022-м некаторыя плацілі і па $800, і па $1000), то дэльта паміж сабекоштам і гатоўнасцю кліента плаціць — твой заробак. Зніжаеш сабекошт, на нечым эканоміш — зарабляеш больш.

І тут можна падкрэсліць першую галоўную выснову з апублікаванай намі статыстыкі: падсанкцыйны беларускі калій цяпер прадаецца з драконаўскім дысконтам да актуальных рынкавых цэнаў.

Другая галоўная выснова: з улікам дысконту і росту выдаткаў на транспарт кошт рэалізацыі ў $252,16 за тону ўжо блізкі да сабекошту мінулых перыядаў.

У выніку санкцый «Беларуськалій» перастаў быць той суперрэнтабельнай арганізацыяй, якой ён быў да 2021 года.

Мы нават не можам з упэўненасцю сказаць, ці ён увогуле пасля пачатку вайны працуе з прыбыткам ці ў страту, бо выдаткі на лагістыку ў сабекошце павінны вырасці, пацягнуўшы ўверх і сам сабекошт.

Што праўда, у «Беларуськалія» заставалася магчымасць кампенсаваць рост выдаткаў на лагістыку скарачэннем адміністратыўных выдаткаў, якіх таксама агулам набягала пад 30% ад сабекошту.

Мяркуючы па ўскосных дадзеных, такіх, як скарачэнне сярэдніх заробкаў у Салігорскім раёне, можна меркаваць, што шляхам аптымізацыі выдаткаў кіраўніцтва «Беларуськалія» і дзейнічала.

Тэхнік у шахце «Беларуськалія». Фота: Наша Ніва

Беларускі менеджмент, сакратаркі і рабочыя, але і сям'я Аляксандра Лукашэнкі сталі зарабляць менш, а расійскія пасярэднікі, спекулянты і спажыўцы на далёкіх рынках сталі зарабляць больш.

Аляксандр Лукашэнка наракаў на «вельмі нізкія цэны на калійныя ўгнаенні», праз што іх даводзіцца прадаваць «за нішто, амаль па сабекошце, а тое і ніжэй часам».

Нашыя разлікі гэтыя нараканні пацвярджаюць.

Можна зрабіць выснову, што Беларусь кроўна зацікаўленая ў зняцці санкцый з «Беларуськалія», гэта рэальна пытанне на 1,5—2 мільярды даляраў штогод.

Іншым варыянтам можа быць картэльная змова з «Уралкаліем», каб разам зменшыць здабычу і штучна падняць цэны.

Але расійскі бок не асабліва зацікаўлены ў такім падыходзе, бо ў расіян, якія здабываюць сыравіну ў Прыураллі, няма праблем з лагістыкай. «Уралкалій» мінулы год спрацаваў з рэнтабельнасцю 39,8%, а 2022-ы — з 57,4%.

Так што рэальнасць у тым, што пакуль што дэмпінгуюць канадцы, якія знаходзяцца блізка (у водна-транспартным сэнсе) да асноўных спажывецкіх рынкаў, а рускія сціснулі зубы і церпяць. І нават калі яны з часам і пагодзяцца рызыкнуць, адмовіцца ад існуючых прыбыткаў у замен на ўяўныя будучыя, то ў «Беларуськалія» вельмі вузкая дэльта, у межах якой ён можа эксперыментаваць з цаной да пачатку работы ў мінус.

Таму трэці варыянт, пра які таксама разважае Лукашэнка — стварыць заводы ў трэціх юрысдыкцыях, якія будуць прымаць соль па сабекошце, рабіць з яе ўгнаенні і прадаваць без дысконту, а потым дзяліцца прыбыткам з Мінскам.

Гэтымі краінамі, відавочна, не могуць быць Індыя, Кітай і Бразілія — асноўныя спажыўцы. Таму што няма логікі ў тым, каб рабіць у сябе танна і прадаваць самому ж сабе дорага. Гэта павінна быць нейкая іншая юрысдыкцыя, дастаткова нецывілізаваная для таго, каб начхаць на амерыканскія і еўрапейскія санкцыі, і дастаткова надзейная для таго, каб рабіць там справы на мільярды даляраў і верыць, што з табой разлічацца. Дагэтуль, аднак, такой пракладкі не створана.

Вяртанне даходаў ад экспарту калію застаецца патэнцыйна галоўнай матывацыяй для Аляксандра Лукашэнкі, каб нармалізаваць адносіны з заходнімі суседзямі і Захадам у цэлым. Абставіны для такога палітычнага рашэння могуць скласціся тады, калі Расія з нейкіх прычын сцісне субсідаванне Лукашэнкі да тых аб'ёмаў, пры якіх выпадзенне калійных прыбыткаў стане нясцерпным для нармальнага напаўнення дзяржаўнага бюджэту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(8)