Вольскі: «Улады нават пакрыўдзіліся: ну, як так? Мы іх застрашваем, а ніхто не баіцца»

Вядомы музыкант разважае, да чаго прывяло паралельна з уладай жыццё.

— Мы ж былі такія фанабэрлівыя! Мы жылі паралельна з гэтай уладаю. Тыпу, яна — сабе, а мы — сабе. Сьмешныя гэтыя дэпутаты, сядзяць, нічога ня робяць, ім штосьці там скідваюць зьверху, яны на аўтамаце падпісваюць-ухваляюць, сьмех дай годзе! — піша Лявон Вольскі. — І неяк зьнянацку высьветлілася, што за процьму гадоў яны столькі ўсяго панападпісвалі, столькі напрыймалі! А мы, выяўляецца, павінныя гэтаму ўсяму падпарадкоўвацца, бо гэта (хто б мог падумаць?!) закон!

Яны і ў кватэру да цябе могуць уварвацца без аніякага ордэру, і на вуліцы скруціць, нічога не прад'явіўшы, і машыну ты мусіш спыняць любому, хто ў абы-якім форменным адзеньні, і абраза гонару і годнасьці, і ўсё-усё-усё.

А калі што не супадае, ня вяжацца, не вымалёўваецца, дык прызначаны судзьдзя ва ўсім разьбярэцца і адправіць куды трэба. Цябе. Ці справу. На дапрацоўку. А ты пакуль пасядзіш. А калі ім нехта зусім ужо не спадабаецца, дык яны могуць і ў расход. А што? Супрацоўнік Іван Іваноў зьмененым голасам дасьць паказаньні, што гэты грамадзянін кінуўся на яго з нажом. Супрацоўнік Пятроў пацьвердзіць. Судзьдзя вынясе свой вэрдыкт, маўляў, усё было зроблена слушна.

І ўсё гэта добра б спрацоўвала, каб народ застаўся той самы, які ён быў, калі прыймаліся гэтыя пункты, папраўкі, дадаткі і ўся іншая патрэбная ім лухта. Але людзі ўжо іншыя. Іх палохаюць, а яны не баяцца! Улады нават пакрыўдзіліся: ну, як так? Мы іх застрашваем, лякаем, а ніхто не баіцца. Мы крычым: пасадзім, зачынім, заб'ем! Не баяцца. Што за народзец такі? Няправільны нейкі народзец. Налівай, карочэ, Мікалаевіч, а то я расстроіўся нешта!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(34)