Вольскі: «Апускання рук у пытанні палітвязняў нельга дапусціць — трэба пастаянна біць у гэтую кропку»

Музыка — пра важнасць тэмы палітзняволеных.

— Чалавечы арганізм, калі нешта непрыемнае, пачынае фільтраваць гэта. Ты не хочаш слухаць пра палітвязняў, якія ўжо тры гады сядзяць, лепей паглядзіш разгрузачны фільм.

Калі мы былі яшчэ ў Беларусі і былі чорныя спісы, пры нейкіх размовах, інтэрв’ю я казаў, што ёсць чорныя спісы, і я ў іх знаходжуся каля дзесяці гадоў. Усе адразу: а пра нешта іншае можна пагаварыць? Нецікавая тэма.

Лявон Вольскі, фота Yury Sidun

Тое ж самае з палітвязнямі. Калі пастаянна не дзяўбці пра гэта, дык людзі забываюцца імгненна. Так і міжнародная грамадскасць: зараз столькі выклікаў — праблемы з пастаўкамі зброі Украіне, Ізраіль. Якія палітвязні? А людзей перманентна катуюць, літаральна забіваюць.

Апускання рук у гэтым пытанні нельга дапусціць — трэба пастаянна біць у гэтую кропку. Калі будзе, як раней, хаця была значна меншая колькасць зняволеных, то будзе так: па адным пачнуць выпускаць, а за гэта — гандаль, адчыняць нейкі пераход, яшчэ нешта.

Я не магу сам даць нейкага адэкватнага рэцэпту, але калі будзе навязаная ранейшая схема, значыцца, мы зноў пагаджаемся з гэтымі людзьмі і зноў ідзем па напрацаванай, калі аднаго выпусцілі — адкрылі памежны пераход, другога выпусцілі — крыху скінулі санкцыі.

Гэта не жарцікі, людзі ў закладніках — і гэта не адна тысяча людзей.

Калі я гляджу на ўмовы папярэдняга следства і ў калоніях, то такога, насамрэч, ніколі не было. Гэтыя жоўтыя біркі, прэсінг ШЫЗА. Палітвязні кажуць, што ШЫЗА вельмі цяжка вытрымаць. Там проста сагрэцца немагчыма. Ну і іншыя метады пакарання — усё гэта выкарыстоўвацца.

Раней такога не было. Ніколі не было магчыма, каб ад чалавека не было ніякіх звестак год.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(31)