Вольскі: «Агрэсара трэба спыняць з самага пачатку, пакуль ён не зрабіўся моцны»

Лявон Вольскі на Budzma.org — пра вайну ва Ўкраіне і рэакцыю сусьветных лідэраў.

Лявон Вольскі

Чырвоны гузік і новы рускі парадак

Пуцін паразмаўляў з Шольцам і пачаў узмоцнена бамбіць Украіну.

Ці, можа, ён пачаў гэта рабіць у адказ на дазвол, нядаўна дадзены Украіне — выкарыстоўваць дальнабойную зброю? Маўляў, я ўдару па, напрыклад, Адэсе, па жылым квартале, каб было шмат ахвяраў, хахлы (яны так называюць украінцаў) у адказ бахнуць па Расіі (яны так называюць Расею) з ATAСMC, а мы тады выкарыстаем ядзерную зброю! Ці яшчэ ня выкарыстаем, але пакажам, што вось ён — чырвоны гузік, засталося толькі націснуць на яго.

Ну, а як? Гэта адэкватны адказ Расіі (яны так называюць Расею) на супольны ўдар Украіны з краінамі NATO па нашай тэрыторыі. Усе спалохаюцца (я іх ведаю, сярод іх няма рашучых і сьмелых) і аддадуць мне Украіну. Напачатку — Усходнюю, а потым — і ўсю. А там паступова пачнем разьбірацца з Прыбалтыкай (яны так называюць краіны Балтыі), Польшчай і ўсякімі там Малдавіямі (яны так называюць Малдову), якія адбіліся ад рук і якія трэба да гэтых рук зноў прыбраць. І такім чынам паступова (але досыць хутка, я ж ужо не такі малады, трэба пасьпець гэта ўсё абцяпаць да канца жыцьця) усталюем у сьвеце новы рускі парадак.

Enjoy!

Так думае Пуцін. А ўсе настолькі баяцца, што ён скарыстаецца сваёй (ці калісьці ў 1990-х забранай ва Ўкраіны) ядравай зброяй, што шэпчуць адно аднаму: «Ня трэба злаваць дзеда», хаця гэтаму дзеду не патрэбныя ніякія падставы для злосьці. Ён сам увасабленьне гэтае злосьці, для яго чалавечыя жыцьці наогул нічога ня вартыя — мільён туды, мільён сюды — якая розьніца?

Адно што гэты дзед наколькі злосны, настолькі й баязьлівы, і, каб яму з самага пачатку, зь ягонага ўварваньня ва Ўкраіну выразна прадэманстравалі, што ён тут, у Эўропе, не гаспадар, ён бы сабе зашыўся ў свой бункер і пасьпяхова працягнуў мучыць сваіх падданых. А цяпер мучыць увесь сьвет.

Бо тады, напачатку, забракавала рашучасьці, не хапіла сьмеласьці, а галоўнае — еднасьці ў сусьветных лідэраў, каб падтрымаць Украіну, і вось вынік. Enjoy!

Няўжо цяжка правесьці паралелі?

Не хапіла ня толькі сьмеласьці, рашучасьці, еднасьці. Простага здаровага сэнсу. Нават прагматызму. Дастаткова проста параўнаць цяперашнюю, блізкую да катастрофы, сытуацыю з тым, што адбывалася ў Эўропе якія дзевяноста гадоў таму, і ўсё будзе ясна.

Агрэсара трэба спыняць з самага пачатку, пакуль ён не перабудаваў эканоміку на ваенны лад, пакуль не зрабіўся моцны, пакуль не захапіў новыя тэрыторыі.

Каб тады, у 1938-м, не аддалі Гітлеру Судэцкую вобласьць (яе нацысты захапілі, дбаючы пра правы нямецкамоўнага насельніцтва, памятаеце?), каб сусьветныя лідэры праявілі рашучасьць і нязломнасьць, каб аб’ядналіся б супраць агрэсара, дык і не была б акупаваная неўзабаве ледзьве ня ўся Эўропа.

Дык няўжо цяжка правесьці паралелі? Усё ж паўтараецца з дакладнасьцю, якая папросту палохае. Але сьвет нічога ня бачыць і ня чуе. Не адчувае. Ён ужо амаль гатовы саступіць частку Ўкраіны ў абмен на прыпыненьне ваенных дзеяньняў. Толькі б не паўстаў ядравы прывід Трэцяе сусьветнае.

«Ня трэба злаваць дзеда»

Цікава, як у 1930-х гадах мінулага стагоддзя казалі міжсоб сусьветныя лідэры пра нямецкага канцлера: «Ня трэба злаваць яфрэйтара»? І ў выніку — самі ведаеце, што здарылася з гэтым сьветам.

І Пуцін ім, цяперашнім лідэрам, скажа: «Так-так, аддайце нам тое, што мы заваявалі, нават не заваявалі, а вызвалілі, дбаючы, натуральна, пра правы рускамоўнага насельніцтва, і на гэтым — усё. «СВО» (яны так называюць вайну) скончыцца, сьвет уздыхне спакойна, усё патаньнее, і людзі будуць шчасьлівыя. А калі ня хочаце, дык вось яна — ядзерная зброя, магу выкарыстаць у любы момант, асабліва, калі ўдарыце па Расеі».

І вакол разносіцца шэпт: «Ня трэба злаваць дзеда, ня трэба злаваць дзеда...».

А дзед глядзіць на гэта і думае: «Баяцца. Значыць, паважаюць. Значыць, можна працягваць рабіць усё, што захочаш».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(27)