Политика
Руслан Гарбачоў

Віталь Каратыш: «У войску я адчуваў сябе большым палітыкам, чым тут!»

25-гадовы лунінецкі палітык Віталь Каратыш расказаў «Салідарнасці», чаму хоць ён і не перамог на парламенцкіх выбарах, але стаў дэпутатам; як яго запрашалі ўзначаліць БРСМ, а замест гэтага ён стаў аўтарытэтам у войску; і чаму 10 год у глухой апазіцыі для яго не страшны тэрмін.

Даведка «Салідарнасці»:

Віталь Каратыш – нарадзіўся, вырас і жыве ў геаграфічным цэнтры беларускага Палесся: вёсцы Кажан-гарадок Лунінецкага раёна. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт па спецыяльнасці «дзяржаўнае кіраванне». Працаваў эканамістам у калгасе, дырэктарам сельскага Дома культуры.

У пачатку 2006 года кіраваў перадвыбарчым штабам кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча па Лунінецкім раёне, быў звольнены з працы. Лічыць, што выжыў дзякуючы натуральнай гаспадарцы і сваім харчам. У 2008-м – кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Прызваны ў войска (465 ракетная брыгада ў Асіповічах) у той жа дзень, калі была зарэгістравана яго ініцыятыўная група по зборы подпісаў. Ужо два месяцы як дзембель.

Халасцяк (але не прынцыповы).

Віталь Каратыш на цэнтральных выліцах Лунінца

– Віталь, нафіга вам маладому гэта палітыка?

– Да мяне амаль з такім самым пытаннем неяк падыходзіў намеснік старшыні райвыканкама. Ён сказаў: «Віталь, мы за табою назіраем, ты праяўляеш сур’ёзную грамадскую актыўнасць. Такія людзі патрэбны ў кіраўніцтве раёна. Калі ты жадаеш, мы табе дапаможам у гэтым накірунку прасунуцца».

Пасля ён агучыў зусім ужо канкрэтную прапанову: зробім спачатку табе выпрабаваўчы тэрмін – будзеш кіраваць раённай ячэйкай БРСМ, атрымоўваць грошы. Я падзякаваў за давер, але, канешне, адмовіўся.

– Чаму?

– Па-першае, я прынцыпова ніколі нічога не буду мець з БРСМам. Але справа нават не ў гэтым... Калі ты прыйдзеш да нейкай ўлады праз пратэктарат кагосьці, ты будзеш ім заўсёды абавязаны. А я хачу, каб мяне абралі на выбарах, каб я быў абавязаны і справаздачны толькі выбарцам. А так мяне зрабілі б марыянеткай.

– Намеснік старшыні райвыканкама на ваш адказ пакрыўдзіўся?

– Пасля гэтай размовы мяне пачалі «прэсаваць». Перад выбарамі здарыліся «пасадкі» і ўрэшце мяне звольнілі з пасады дырэктара клуба.

Адзін чыноўнік з райвыканкама паабяцаў, што я нідзе не змагу знайсці ў Лунінецы працы. «Табе месца ў нашым раёне няма», – так і сказаў. Хаця можа гэта ён зрабіў з лепшымі памкненнямі: каб я не марнаваў тут сваё жыццё?

– Але вы працягваеце займацца палітычнай дзейнасцю ў Лунінецкім раёне. Няўжо бачыце нейкія перспектывы? Лічыце, што сітуацыя можа змяніцца?

– Адназначна. Трэба сказаць, зараз я большы ўхіл раблю на свае асабістыя палітычныя дасягненні. Зразумеў, што ні партыі, ні рухі не могуць даць мне падтрымку народа на месцах. На апошніх парламенцкіх выбарах я ўжо быў беспартыйным кандыдатам.

Разам з братам – кіраўніком гуртка керамікі ў цэнтры дзіцячай творчасці

Як да гэтага паставіліся ў Партыі БНФ, сябрам якой вы з’яўляецеся?

– Шчыра сказаць, мне было ўсё роўна, як да гэтага там паставяцца. З былым кіраўніцтвам партыі не было пра што размаўляць. Ды і яму таксама было ўсё роўна, што са мной адбываецца. Хаця я разумею, што ў іх сваіх праблем хапала, а рэсурсаў не было. Ніякай падтрымкі я не атрымліваў, таму і вырашыў разлічваць толькі на свае сілы.

– А калі яшчэ гадоў 10 ў Беларусі палітычная сітуацыя не зменіцца, што вы будзеце рабіць?

– Ну значыць буду яшчэ 10 гадоў удзельнічаць у лакальных кампаніях, працаваць з людзьмі, яшчэ больш умацоўваць свой аўтарытэт. 10 гадоў – для мяне не страшны тэрмін. Мая жыццёвая мэта – прайсці ў парламент, адстойваць там прынцыпы дэмакратыі і незалежнасці. А калі ставіш перад сабою амбітныя мэты, трэба нечым ахвяраваць.

– А як вы ўмацоўваеце свой аўтарытэт?

– Ды па рознаму. Памятаю, калі працаваў дырэктарам клубу, то часцяком прыходзілася шляхам мірных перамоваў спыняць бойкі.

Аднойчы двум забіякам прапанаваў: высветліце хто мацнейшы ў спаборніцтве на руках. Вынес ім стол, паставіў яго сярод залі, і яны пачалі змагацца на руках. Пасля ўжо і іншыя хлопцы захацелі сябе паспрабаваць.

Так з маючай адбыцца бойкі я зрабіў фізічна-культурнае мерапрыемства. Трэба ўмець размаўляць з людзьмі.

– Ёсць у вас мянушка ў Лунінецкім раёне?

– У раёне не, а ў войску на мяне казалі «дэпутат». Дарэчы, хоць я пакуль што быў толькі кандыдатам у дэпутаты, часам да мяне прыходзяць людзі і спрабуюць вырашыць свае праблемы. «Ты ж там дэпутат, ты ж павінен дапамагаць нам», – кажуць яны.

Калі людзі за мяне прагаласавалі, яны пасля не ўдаюцца ў падрабязнасці – перамог я ці не. Вось гэта наш хлопец, я за яго галасаваў, ён мой дэпутат. Я, канешне, ім дапамагаю, хоць дэпутатам і не з’яўляюся.

– Як да вас ставіліся ў войску?

– Калі нашы дзембеля звальняліся, то падыходзілі да мяне раіцца. Пыталі што далей будзе ў Беларусі, у што лепей укладаць грошы – еўра ці даляры? Прасілі мой нумар тэлефона, каб звяртацца, калі ўзнікнуць праблемы. Я здолеў паказаць сябе, і яны лічылі мяне надзвычай сур’ёзным чалавекам. Дарэчы, відаць, у маёй асобе яны ўпершыню пабачылі апазіцыю – жывога хлопца з нармальнымі ідэямі.

Наш адказ Чэмберлену. Як жа блізка апазіцыя да народу!

Я да таго, што нешта вельмі ціха вы служылі ў войску. Вунь, напрыклад, Франак Вячорка: пайшоў у войска са скандалам, пасля напісаў не адну скаргу.

– Проста да службы ў войску я стаўлюся нармальна. Усе мае знаёмыя, сябры служылі. А я што – асаблівы?

– Дык вас жа забралі падчас парламенцкімі выбарамі. Вы ж палітпрызыўнік!

– Мае правы парушылі толькі тым, што прызвалі мяне подла, з парушэннем працэдуры. Ну а калі я ўжо апынуўся ў войску – як я буду патрабаваць асаблівых умоваў, калі побач са мной тысячы салдат нясуць такія ж цяжкасці армейскага жыцця?

Беларуская армія атрымоўвае мізернае фінансаванне і патрабаваць у гэтых умовах нешта… Ды і ад каго патрабаваць: не ад міністэрства абароны, а ад сваіх прапаршчыкаў, капітанаў?

Я не лічу, што служыў «ціха». Я служыў гучна: выконваючы працу, як і ўсе астатнія салдаты, а пасля яшчэ браў на сябе грамадскую нагрузку. Гэта мне дазваляла часцей выходзіць за межы вайсковага гарадка, знаёміцца з людзьмі, размаўляць з афіцэрамі.

Я вывучыў пазіцыю кантрактнікаў і афіцэраў наконт рэфармавання беларускага войска. На ўроках баявой падрыхтоўкі мяне не тое што, ніхто не мог пераспрэчыць, у мяне запытліваліся, каб я патлумачыў, у якіх аспектах нам невыгадны саюз з Расіяй, чаму здарыўся «малочны» канфлікт, як развіваўся сусветны фінансавы крызіс.

Я выцягнуў з войска максімум! Мяне запёрлі як мага далей ад дому – ну і што? Значыць, у мяне з’явіліся сябры ўжо там.

У войску я адчуваў сябе там большым палітыкам, чым тут! Падпалкоўнік да мяне падыходзіў і пытаў: «Віталік, як ты лічыш, як далей будуць развіваца падзеі, як мы будзем супрацоўнічаць з Еўропай?»

Я заваяваў аўтарытэт. А што заваяваў чалавек, які ў войску піша розныя скаргі, выносіць бруд за межы вайсковай часткі?

– Тое, што моладзевых актывістаў забіраюць у войска – нармальна?

– Так. Дрэнна, калі забіраюць сапраўды хворых – гэта сапраўды супрацьзаконна. Але гэта праблема не толькі моладзевых актывістаў, гэта праблема ўсіх!

План па прызыву выконваюць любымі сродкамі. У маёй вайсковай частцы былі людзі з яўнымі парушэннямі здароўя. Я змагаўся б не толькі за «палітычных», а за ўсіх, каго прызвалі супрацьзаконна.

Чытайце таксама пра рэгіянальных палітыкаў:

Слонім. Іван Шэга: «Все нормально, еще ни одного коммуниста мы не повесили»

Кобрын. Аляксандр Мех: «У мяне ёсць толькі адзін план на жыццё – пазбавіцца ад дыктатуры»

Барысаў. Леў Марголін: «Я не заморачиваюсь по поводу того, что оппозиции нужно повышать свою популярность»

Бабруйск. Алесь Чыгір: «Я, напэўна, павінен быў набіць ім морды і сказаць: як вы падлы, асвятлялі расійска-грузінскую вайну?!»

Глыбокае. Яраслаў Берніковіч: «Мы не звяры»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)