Политика
Юрась Вітальеў, «Еўрарадыё»

«Віктар Лукашэнка не проста так робіць палітычную кар´еру»

Еўрарадыё паразмаўляла са Станіславам Бялкоўскім, Аляксеем Кузьміным і Кірылам Коктышам. На думку расійскіх палітолагаў, Беларусь у палітычным плане Расію больш не цікавіць.

Масква ўзяла курс на мінімізацыю транзітнай залежнасці ад Беларусі. Каб легалізаваць рэжым у Еўропе, балатавацца на бліжэйшых выбарах, магчыма, будзе Віктар Лукашэнка.

Дырэктар Інстытута нацыянальнай стратэгіі расійскі палітолаг Станіслаў Бялкоўскі ў размове з Еўрарадыё выказаў думку, што Расія ніяк не будзе ўмешвацца ў ход будучай прэзідэнцкай кампаніі.

"Я лічу, што Расія не будзе ўмешвацца ў працэс. Але нават калі яна б хацела, я не бачу механізмаў, якія б дазволілі ёй аказаць нейкі значны ўплыў на вынік выбараў. Улічваючы тое, што ў Беларусі моцны кантроль прэзідэнта і іншымі палітычнымі механізмамі, такое ўмяшальніцтва проста малаверагодна".

Немагчыма гэта па 3 прычынах. Па-першае, у Расіі няма асэнсаванай палітычнай стратэгіі адносна Беларусі. Яе прыярытэтна цікавяць бізнэс-пытанні, таму ёй абыякава. Па-другое, у Расіі няма свайго кандыдата. І няма сістэмы выхавання свайго кандыдата ў суседніх краінах. Гэтая сістэма даўно разбураная, кажа палітолаг. І яе немагчыма аднавіць да наступных выбараў. І па-трэцяе, сам Лукашэнка не дазволіць аказаць прынцыповы ўплыў на вынік выбараў у Беларусі.

"Магчымасць умяшальніцтва Расіі і беларускія выбары я ацэньваю як нулявую. Таму што Расія пачала разумець, што ёй умешвацца ў выбары шкодна. Бо кожны раз, калі яна лічыць, што выбірае прарасійскага кандыдата, атрымоўваецца бог ведае што," — сказаў Еўрарадыё палітолаг, саветнік кампаніі экспертнага кансультавання НІАКОН Аляксей Кузьмін.

З такой думкай пагаджаецца і чалец асацыяцыі палітычных экспертаў і кансультантаў Кірыл Коктыш. З 2003 года Расія ўстрымліваецца ад падтрымкі кандыдатаў. Украінскі досвед быў прызнаны негатыўным, таму пасля яго Расія да гэтага не вярталася.

Калі ўлада не зможа адказаць на выклікі часу, яна зменіцца.

Кірыл Коктыш не выключае магчымасці, што выбары будуць перанесеныя на больш раннія тэрміны.

"І сусветны крызіс, і будаўніцтва БТС-2 — гэта сур'ёзныя выклікі для Беларусі," — кажа ён.

Калі беларуская ўлада ў стане адказаць на гэтыя выклікі, то яна застанецца. Калі будзе правал, улада будзе іншая і яна не будзе складацца з цяперашніх эліт. З іншага боку, апазіцыя не генеруе адказы на гэтыя выклікі, якія б былі мацнейшымі за тое, што робіць улада, — зазначыў у размове з Еўрарадыё палітолаг.

"Паварот нафты ў абыход Беларусі — гэта пазбаўленне Расіі ад залежнасці ад Беларусі. Таму будуць пад пытаннем і датацыі Расіі, у тым ліку і жаданне набываць беларускую прадукцыю, а гэта даволі шмат," — кажа ў інтэрв'ю Еўрарадыё Кірыл Коктыш.

А паварот нафты — гэта ўжо факт. Бо на апошняй сустрэчы прэм'ера і прэзідэнта было дэкларавана, што 100 кіламетраў нафтаправода ўжо пабудавана. Расія праінвеставала туды 2,5 мільярды долараў. А будаваць яго Расія пачала як раз тады, калі Беларусь пачала рэалізацыю "Ўсходняга партнёрства".

Масква ўзяла курс на мінімізацыю транзітнай залежнасці ад Беларусі.

Зараз мае месца не столькі разыходжанне інтарэсаў, колькі глыбокая асабістая непрыязнасць паміж кіраўніцтвам Расіі і Беларусі. Якая ўжо не будзе пераадолена, бо няма нічога, што б магло змяніць адносіны гаспадароў Крамля і прэзідэнта Беларусі, распавёў Еўрарадыё Станіслаў Бялкоўскі:

"З іншага боку, калі Лукашэнка адмовіўся дэ-факта ад будаўніцтва Саюзнай дзяржавы і пачаў рух на Захад — зразумела, што ніякай агульнай платформы паміж Масквой і Мінскам быць не можа. Але іншая справа, што ў Масквы няма альтэрнатывы. А тыя пытанні, якія яе рэальна цікавяць: пытанні прыватызацыі, пытанні кантролю над энерганосьбітамі, пытанне будаўніцтва АЭС намаганнямі расійскіх падрадчыкаў, а не заходніх — яна можа вырашаць і з Лукашэнкам".

"Пры ўсіх дыскамфортах, якія мае Расія з Аляксандрам Рыгоравічам, яна разумее, што вышпурнуць яго з гэтага месца практычна не магчыма," — патлумачыў Еўрарадыё Аляксей Кузьмін.

Расія пастанавіла для сябе, што яе цікавяць пытанні эканомікі і бізнэса, а з кім іх вырашаць — не важна. Таму любы выбар народаў сумежных з Расіяй краінаў будзе прыняты. І ўжо пасля выбараў Крэмль будзе далей працаваць.

"Расію задаволіць той кандыдат, які будзе рэалізоўваць зразумелую доўгатэрміновую стратэгію, якая больш-менш будзе дапасоўвацца з расійскай. Расія не зацікаўленая ў экспансіі на беларускую тэрыторыю: у яе праблемы з развіццём сваёй эканомікі, наўрад ці Расія зацікаўленая ў прамым палітычным умяшальніцтве. Але Расія зацікаўленая ў Саюзнай дзяржаве," — лічыць Кірыл Коктыш.

Апазіцыі няма сэнсу разлічваць на падтрымку Расіі.

Палітолаг Станіслаў Бялкоўскі не бачыць сёння прарасійскіх сілаў у Беларусі. Таму спадзяванні некаторых прадстаўнікоў цяперашняй апазіцыі, якой бы яна ні была, на падтрымку Масквы, лічыць неапраўданымі. Такія сілы не будуць стварацца і з ініцыятывы Расіі. Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю Еўрарадыё:

"Калі толькі з'явіцца буйны беларускі палітык, уявім сабе неверагоднае, які сам па ўласнай ініцыятыве, абапіраючыся на ўласныя рэсурсы, кіне выклік Аляксандру Лукашэнку, і абвесціць сябе прарасійскай фігурай, тады ён можа разлічваць не нейкую падтрымку Масквы. Сама Расія ініцыяваць з'яўленне такога палітыка не будзе. Больш за тое, Крэмль расчараваны канцэпцыяй прарасійскіх сілаў у сумежных краінах, бо яны з'яўляюцца прарасійскімі, пакуль ім патрэбная падтрымка Масквы, перш за ўсё фінансавая. Калі яны падтрымку атрымоўваюць і выйграюць выбары, то хутка паварочваюцца на Захад".

Ці будзе прэзідэнтам Віктар Лукашэнка?

Аляксандр Лукашэнка шмат разоў казаў, што ніхто з яго старэйшых сыноў не стане кіраўніком дзяржавы. Але ж вядома, што аўтарытарны лідэр — гаспадар свайго слова: захацеў — даў, захацеў — назад забраў. Таму магчыма, што на наступных выбарах можа балатавацца Віктар Лукашэнка, такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў вядомы расійскі палітолаг Станіслаў Бялкоўскі.

"Для мяне абсалютна відавочна, што Віктар Лукашэнка робіць палітычную кар'еру. Ён паступова прарастае ў самастойную палітычную фігуру. Я не думаю, што гэта проста так".

Зразумела, што рэжым Лукашэнкі застанецца аўтарытарным, кажа палітолаг. І Лукашэнка зробіць усё, каб на нявызначаны час захаваць уладу. Але ўлічваючы ягонае імкненне на Захад, ён будзе намагацца надаць максімальную легітымнасць выбарам. І тут для яго лягчэй перадаць прэзідэнцкі пост сваяку, чым знаходзіцца ў прэзідэнцкім крэсле самому. Але калі Віктар Лукашэнка не будзе гатовы стаць прэзідэнтам, то на наступных выбарах будзе балатавацца ягоны бацька.

З гэтым не пагаджаюцца іншыя палітолагі. Аляксей Кузьмін сказаў Еўрарадыё, што Віктар яшчэ не дарос.

"Аляксандру Рыгоравічу патрэбны, прынамсі, яшчэ адзін тэрмін. З простай прычыны, што Віктар Аляксандравіч не ўтрымае Беларусь ва ўмовах нарастаючага фінансава-эканамічнага крызісу. А Аляксандр Рыгоравіч так-сяк, але зможа".

"Гэта ўсё падобна на спекуляцыю. Віктар Лукашэнка не публічны палітык. І наўрад ці Аляксандр Лукашэнка будзе так рызыкаваць," — выказаў Еўрарадыё сваё меркаванне Кірыл Коктыш.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)