«Веру, што пажыву ў вольнай Беларусі»

59-гадовы жыхар Наваградку Сяргей Лаўрушчык шэсьць гадоў ствараў прыватны музэй. Праз актыўны ўдзел у пратэстах да яго прыйшла міліцыя. Экспанаты прызналі зброяй, гаспадара дома — амаль злачынцам. Сяргей расказаў Радыё Свабода, што быў вымушаны пакінуць Беларусь.

Што адбылося

23 сакавіка ў Сяргея быў дзень нараджэньня. Пасьля працы ён трохі выпіў з калегамі шампанскага і вярнуўся дахаты. У дзьверы пагрукалі. Жыхар не адразу ўцяміў, хто ж прыйшоў яго «віншаваць». За дзьвярамі стаялі сама меней сем супрацоўнікаў міліцыі. Прыйшлі рабіць ператрус.

— Мы сапраўды зь мясцовымі «партызанамі» рыхтаваліся да Дня Волі. Плянавалі паміж шматпавярховымі дамамі павесіць трохмэтровы сьцяг. У мяне былі яшчэ іншыя сьцягі, вялікі шасьцімэтровы і стандартны; улёткі, наклейкі да Дня Волі. Усё гэта забралі, — кажа жыхар Наваградку.

Апроч сымболікі, міліцыю зацікавілі экспанаты музэю. Гэта былі штых-нож, кулямётны дыск, частка аўтамата і іншае. Міліцыя дала справаздачу (у тым ліку на дзяржаўных тэлеканалах), што ў «змагара» знайшлі зброю, «цэлы арсэнал».

Сябры дапамаглі Сяргею ўратавацца ад турмы.

— Спачатку нашы «партызаны» мяне хавалі на кватэры. Потым вывозілі ў Менск на аўтамабілі, але спачатку загрыміравалі, каб ня трапіў на камэры назіраньня. Потым — на самалёт і ў Кіеў, — апавядае ўласьнік музэю.

У Кіеве ён жыў ля Залатой брамы, чым па-дзіцячы цешыцца.

— Залатая брама была пабудаваная як галоўны ўезд у Верхні горад з паўднёвага боку, пры Яраславу Мудрым! Ён жа, згодна адной з гістарычных вэрсій, лічыцца заснавальнікам Наваградку, былой сталіцы нашага Вялікага Княства Літоўскага! — з радасьцю ўспамінае Сяргей.

Пасьля Кіева ён пераедзе жыць у Польшчу. Каб «быць бліжэй да роднага і любімага Наваградку».

— Каб, як той казаў, не пасьпелі ворагі дабегчы да канадзкай, а ў нашым выпадку расейскай мяжы, — жартуе жыхар Наваградку.

«Як здымалі нашы сьцягі, у мяне сьлёзы былі на вачах»

У Наваградку ў Сяргея Лаўрушчыка засталіся жонка, дарослыя дзеці, дзьве кватэры, дом, любімая праца і хобі. Наперадзе — невядомасьць. Але ўцякач ня траціць аптымізму.

У Наваградку ён працаваў майстрам у «Водаканале». У першы ж дзень у Кіеве падышоў да рабацяг, якія нешта капалі, і спытаўся, ці трэба ім супрацоўнік. І адразу атрымаў працу.

— Я не магу сядзець бяз працы! Тым больш трубы, камунікацыі — гэта ж маё, я люблю гэта! Я і ў Наваградку навёў парадак на працы: зрабіў маленькі фантан, хацеў зрабіць і вялікі. Праз ачыстку ў нас праходзіць да пяці тысяч кубоў вады, можна было б, такую я меў ідэю, зрабіць генэратар, каб нешта пусьціць у народную гаспадарку, — расказвае жыхар Наваградку.

Ці займаўся ён грамадзка-палітычнай дзейнасьцю?

— Я з 90-х не хацеў, каб палітрук быў прэзыдэнтам. Галасаваў за Пазьняка. Як здымалі нашы сьцягі, у мяне сьлёзы былі на вачах. Герб «Пагоня» ўвогуле пайшоў з Наваградку! Цяпер нашых людзей караюць на сьцяг, за нашы каштоўнасьці. Як можна добраахвотна адмаўляцца ад такіх каштоўнасьцяў? Я лічу, што мова — наш скарб і наша зброя, — нагадвае жыхар Наваградку.

«Музэй — маё небясьпечнае хобі»

У наваградзкім музэі Сяргея Лаўрушчыка

Сяргей Лаўрушчык шмат год займаўся стварэньнем прыватнага музэю, захаваньнем спадчыны, ушанаваньнем выбітных людзей. У музэі Сяргей марыў стварыць асобныя пакоі для Сярэднявечча (якое вельмі любіць), Першай і Другой сусьветных вайнаў, савецкага часу.

Для гэтага зьбіраў прадметы побыту, кнігі, патэфоны, манэты, гузікі і пярсьцёнкі. Знойдзеныя часткі кулямёта, штых-нажы, наканечнікі стрэлаў, іншую ржавую зброю ён меў для экспазыцыі, прысьвечанай войнам.

Яшчэ Сяргей разам з аднадумцамі плянаваў паставіць у родным горадзе помнік Міндоўгу і Яхіму Карскаму. Для гэтага падрыхтавалі валун, на якім плянавалі разьмясьціць партрэт Карскага з бронзы. У гэтым абяцаў дапамагчы вядомы скульптар Генік Лойка. «Але цяпер і Лойка за мяжой...» — з сумам канстатуе жыхар Наваградку.

Макет помніка Карскаму захоўваецца ў Сяргея ў музэі. Ён верыць, што з часам помнік будзе ўсё ж зроблены, а землякі будуць памятаць пра Карскага. Верыць у тое, што яшчэ магчымае ажыцьцяўленьне мары і плянаў — аднавіць бібліятэку Храптовіча.

«У намесьніка начальніка міліцыі губа трэслася — яны думалі, мы іх браць будзем!»

У Сяргея Лаўрушчыка няма адчуваньня, што пратэст цалкам задушаны, а беларусы запалоханыя.

— Нічога страшнага! Ёсьць у нас і «партызаны», і вельмі шмат незадаволеных. Можа, і добра, што мы не адразу тады ўвосень перамаглі. Бо тыя, як я кажу, ворагі нашы, засталіся б і ставілі нам палкі ў колы. Цяпер яны паказалі сябе — і мы ведаем, хто ёсьць хто, — разважае жыхар Наваградку.

Ён сьцьвярджае, што ў пэрыяд збору подпісаў з 600 работнікаў камунальнай гаспадаркі Наваградчыны толькі 21 падпісаўся за Лукашэнку.

Сяргей з радасьцю прыгадвае моманты, калі больш за тысячу чалавек выходзілі на плошчу ў Наваградку зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

— Неяк сяброў затрымалі. Мы сталі ў калёну і пайшлі да будынка міліцыі. Пачалі крычаць: «Выпускай!» Сілавікі спалохаліся, закрылі жалюзі. Начальнік міліцыі стаяў у цывільным каля выканкаму і пазіраў на гэта, у ягонага намесьніка трэслася губа. Мы выбралі сваю раду. Як зьменіцца ўлада — мы там усё наладзім! — кажа ўласьнік музэю.

Калі міліцыянты пачалі рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэсту, жыхары Наваградку зьмянілі мэтады супраціву. Пачалі арганізоўваць платныя экскурсіі па горадзе. Праўда, яны былі пад «аховай».

— Нас было недзе чалавек сорак, і столькі ж прыкладна міліцыянтаў. Яны нічога не маглі зрабіць, хадзілі за намі. Праўда, у канцы сакавіка ўдзельнікаў экскурсіі ўсё ж затрымалі, а супрацоўніц музэю — такіх таленавітых, разумных — звольнілі. Пайшлі за людзей і пазбавіліся любімай працы, — кажа Сяргей.

Увосень ён трапіў пад затрыманьне, якое сябры здымалі на відэа, і потым адсядзеў 10 сутак. За час «сутак» захварэў на каранавірус і пнэўманію. Разам з тым Сяргей кажа, што «ня ўсё блага» ў наваградзкай міліцыі.

— Ну, можа, чатыры-пяць такіх ёсьць міліцыянтаў, якія рвуцца, праяўляюць ініцыятыву, хочуць мо пагоны новыя ці мэдаль атрымаць. Астатнія нармальныя хлопцы. Выконваюць загады, але ня рвуцца. Старшыня выканкаму нам на плошчы крычаў, што будзе адданы Лукашэнку да канца. Намесьніца ягоная, ідэоляг... Ну хто там яшчэ так моцна за ўладу, апроч іх? — кажа ўласьнік музэю.

«Вожык задушыць зялёнага тхара»

Сяргей верыць у перамены, кажа: «Ды ў паветры ўжо пахне свабодай!» Пра сябе гаворыць, што ня мае страху, толькі злосьць.

Ён расказвае пра сны сваёй прыяцелькі-паэткі.

— Калі выбралі Лукашэнку ў 94-м, то яна сасьніла, што ў нашым грамадзтве пабудавалі такі капітальны будынак, які будзе вельмі доўга стаяць. Зь яе сьмяяліся, маўляў, ну як так можа быць, у нас жа толькі два тэрміны паводле Канстытуцыі. Але вось як яно выйшла!

Цяпер яна сасьніла, што вожык душыць тхара. Той ужо зялёны ўвесь, прыдушаны, але яшчэ дыхае. Разумееце? Я думаю, што неўзабаве ня будзе дыхаць. Вожык — гэта ўсе мы, з іголкамі. На штыках можна прыйсьці да ўлады. Але доўга не пратрымаесься. Мы пажывём яшчэ ў вольнай Беларусі, — упэўнены жыхар Наваградку.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.8 (оценок:23)