Общество

Вандалізм у «віцебскіх Курапатах»: знішчаны крыжы, шыльды і ўказальнікі да месцаў расстрэлаў

Скрушную карціну заспелі наведнікі мемарыялу, узведзенага ў памяць ахвяраў сталінскіх расстрэлаў каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну.

Як паведамляе «Віцебская в*сна», невядомыя выламалі драўляныя крыжы, на якіх былі шыльды з прозвішчамі расстраляных, знішчылі ўказальнікі, па якіх можна было дайсці да ямін, дзе ў 2014 годзе былі знойдзены выкінутыя на паверхню чалавечыя парэшткі.

Відавочна, што жалезныя апоры былі зрэзаны, жалезная шыльда з надпісам «Мемарыял «Хайсы» знята з балтоў, а рамка пагнута. На думку Яна Дзяржаўцава, стваральніка ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты», гэта сведчыць пра арганізаваную дзейнасць уладаў дзеля знішчэння памяці пра гэтае месца масавых расстрэлаў.

Паводле спадара Дзяржаўцава, наўрад ці вандалізм у дачыненні да мемарыяла можна аднесці на рахунак нейкіх хуліганаў, якія выпадкова апынуліся ў гэтых мясцінах:

— Хуліганы маглі зламаць адзін-два драўляных крыжы, але ж знішчаны практычна ўсе. Каб зрэзаць указальнікі, адназначна патрэбная тэхніка. Ламаць шыльды на крыжах на вышыні 3-4 метры таксама не стане выпадковы мінак.

Я мяркую, усё гэта было зроблена знарок, і вінаваты тут не простыя людзі. Жыхары найбліжэйшых вёсак выдатна ведаюць пра тутэйшыя падзеі ў 1937-38 гады, яны самі дзяліліся ўспамінамі, пачутымі ад старэйшага пакалення, і выказвалі адназначнае меркаванне, што ў памяць пра бязвінна забітых патрэбны мемарыял...

Але гэтую думку катэгарычна не падзяляюць у Мазалаўскім сельсавеце, ад самага пачатку там выказвалі незадавальненне нашай дзейнасцю па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінізму. Не выключаю, што па загадзе мясцовых уладаў і былі знішчаны крыжы, шыльды і ўказальнікі.

Пытанне, што цяпер рабіць, вельмі складанае для Яна Дзяржаўцава. Усталёўваць новыя крыжы ў цяперашніх умовах наўрад ці мае сэнс, бо найверагодней, што самаробны мемарыял будуць знішчаць і надалей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(5)