Валянціна Гарцуева — пра мерапрыемствы з удзелам Лукашэнкі: «Ніхто не сыходзіць, пакуль не стоміцца «чалавек». Гэта няволя, здзекі»

Актрыса Купалаўскага тэатра Валянціна Гарцуева — пра заробкі ў беларускім тэатры, сяброўства з Наталляй Эйсмант і пра тое, чаму яе абуралі імпрэзы з удзелам правіцеля.

Валянціна Гарцуева

Валянціна Гарцуева ў інтэрв’ю Жыццё-маліна распавяла, што калісьці была лепшай сяброўкай з Наталляй Эйсмант, якая зараз займае пасаду прэс-сакратаркі Лукашэнкі.

— Мы паступілі на адзін акторскі курс, на другім курсе пачалі сябраваць. У мяне быў вельмі складаны характар, яна таксама не падарунак, і вось на гэтай глебе мы сышліся.

Я была сведкай на яе вяселлі. Там была частка супрацоўнікаў тэлебачання і частка як быццам тэатральнай суполкі. І мы разбіліся на гэтыя групы.

На момант яе прызначэння мы ўжо вельмі рэдка сустракаліся, у нас ужо разышліся жыцці. Яна звязвала сваё жыццё з дзяржаўным тэлебачаннем, я — з тэатрам. Нават не стала агульных тэм, каб паразмаўляць.

Апошні раз мы бачыліся, калі мне ўручалі медаль Францыска Скарыны, гэта быў 2019 год. Яна падышла, сказала, што вельмі радая, што я атрымліваю гэтую ўзнагароду.

Але, звяртае ўвагу Гарцуева, гэтае мерапрыемства яе абурала ад пачатку. Як і іншыя, дзе прысутнічаў Лукашэнка.

— Ты павінен ісці, тусавацца. Пакуль яны не стомяцца, сысці я не магу. Ніхто не сыходзіць, пакуль не стоміцца «чалавек». Па-другое, на такую тусоўку мяне запрасілі без мужа. Я не разумею гэтага. Там усе павінны танчыць, запрашаць адзін аднога. І гэта ўсё да ночы.

Мяне тады ўразіла, што ў Лукашэнкі вельмі шмат энергіі. Магчыма, не часта, але ён любіць паслухаць расейскую эстраду, запрасіць да сябе.

Там была спявачка Слава. «Браво-бис. Бис-браво», яна паўтарала і паўтарала песні. Яму вельмі падабалася, ён такі нястомны быў. А мне ўжо было вельмі цяжка, сядзела і думала, калі гэта скончыцца. Гэта няволя, здзекі.

Усё было б добра, калі б у гэтым была свабода: прыйшоў і сышоў, калі захацеў. Але мы заўсёды разумелі, дзе жывем. Нават у больш-менш вегетарыянскія часы.

Напрыклад, праўладны канцэрт, дзе ты проста чытаеш вершы Максіма Багдановіча, нічога дрэннага нібыта не робіш, але ўсе разумелі, што гэта канцэрт для аднаго чалавека, адчувалі адказнасць, што ты не можаш захварэць.

Ці зможа Валянціна Гарцуева штосьці сказаць былой сяброўцы, калі сустрэне яе?

— Калі ты кладзеш смецце на падлогу, я магу сказаць: ты дрэнна робіш. А калі ідзе размова пра злачынства такога маштабу, я не ведаю, што тут можна казаць.

Я ведала Наташу як чалавека, які ў цяжкую хвіліну дапаможа, якому можна патэлефанаваць ноччу, даверыць сакрэты.

Я абсалютна не хачу, не ведаю і не зведаю пра чалавека, які з'яўляецца часткай рэжыму, працуе на яго і які магчыма ўдзельнічаў у гвалце. Не думаю, што калі-небудзь змагу штосьці сказаць ці нават паглядзець у вочы.

Актрыса шчыра распавяла пра заробкі ў тэатры.

— Я не ведаю, чаму нас вучаць, што артыст павінен быць бедны і галодны. Артыст у Беларусі, канешне, галодны. Калі я шмат працавала і было шмат роляў, то ў Купалаўскім я магла зарабляць каля 1000 беларускіх рублёў, — распавядае Валянціна.

— Навошта мне гэта было? Ну, вось так, люблю тэатр. Сапраўды люблю і лічу гэту прафесію класнай.

Артысты, якім была неабходная тэрміновая кар'ера (а яна будуецца толькі ў кіно), якія хацелі мець грошы, яны ўсе з'язджалі. Паступалі ў маскоўскі тэатральны. Заставаліся тыя, хто любіць Беларусь і любіць тэатр.

У мяне часта пыталіся, ці было мне цяжка сыходзіць з тэатра. Я потым зразумела, што ў нейкім сэнсе цяжка не было, бо была пэўная стомленасць ад гэтай сістэмы рэпертуарнага тэатра. І я не ведаю, ці магчыма яе змяніць.

У рэпертуары, тлумачыць акторка, ёсць 20-30 спектакляў.

— Кожны дзень ты граеш розныя спектаклі, часам два. Часам мы можам сыграць аднолькавыя чатыры спектаклі за два дні, і так месяц за месяцам.

Міністэрства культуры займацца галкамі, напаўняльнасцю залі, колькасцю наведванняў, прададзеных квіткоў. Ім трэба ставіць галкі, а акторы гэта ўсё выконваюць. Нават, калі гэта не мае дачынення да тэатра і творчасці. Калі ты працуеш як матор, тут гамон тэатру.

Канешне, мы ўсё роўна любілі прафесію. І іншай сістэмы нам не прапанавалі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(12)