Политика
Алесь Пілецкі, «Наша нiва»

В.а. старшыні незалежнага Саюза палякаў стала Анжаліка Арэхва

19 чэрвеня ў Гродне прайшло паседжанне Рады незалежнага Саюза палякаў Беларусі. На ім вырашалася пытанне аб адстаўцы Анжалікі Борыс.

Дзве Анжалікі: Борыс і Арэхва (справа).

Кіраўнічка СПБ заявіла аб сваім намеры сысці з пасады 12 чэрвеня. Яе рашэнне было нечаканым для сяброў арганізацыі. Актывісты спадзяваліся пераканаць Борыс змяніць рашэнне. Аднак – не ўдалося. Адстаўка Борыс была прынятая Радай арганізацыі.

Выбары выканаўцы абавязкаў старшыні праходзілі на альтэрнатыўнай аснове, аднак абсалютную большасць галасоў набрала Анжаліка Арэхва, якая дагэтуль адказвала ў СПБ за пытанні асветы.

«Рашэнне прапанаваць сваю кандыдатуру было складаным для мяне. Для ўсіх нас змена кіраўніка арганізацыі была вялікай нечаканасцю. Аднак я была павінна прыняць рашэнне удзельнічаць у выбарах. Хачу зазначыць, што СПБ надалей застанецца культурніцкай грамадскай арганізацыяй. Ніякіх зменаў не адбудзецца. Мы будзем старацца атрымаць легальны статус у Беларусі», — адзначыла Анжаліка Арэхва ў размове з карэспандэнтам «НН».

Згодна са Статутам Саюза палякаў, А.Арэхва будзе займаць пасаду в.а. старшыні на працягу двух з паловай гадоў, да наступных выбараў кіраўніка арганізацыі.

На сходзе Рады таксама было прынятае рашэнне надаць Анжаліцы Борыс статус ганаровага сябра арганізацыі і звярнуца да ўладаў Польшчы з прапановай уганараваць яе за заслугі перад Саюзам палякаў Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)