Общество

Уся «PRAVDA» пра Беларусь

15 красавіка ў Вільні выйшаў унікальны нумар культавага літоўскага моладзевага часопісу «Pravda», цалкам прысьвечаны Беларусі. 68 каляровых старонак і 30 тысяч асобнікаў, якія паказваюць і расказваюць пра малавядомую літоўцам (а мо і самім беларусам) урбаністычную Беларусь – зь яе культурным і палітычным андэграўндам, трэндамі, яскравымі асобамі, музыкай і кіно.

Зламаць стэрэатыпы пра бліжэйшых суседзяў і справакаваць дыскусію – дзеля гэтага беларускі мультымэдыя-часопіс “34” і літоўскі гарадзскі часопіс “Pravda” разам стварылі гэты экспэрыментальны для абодвух выданьняў cross-border нумар.

 

Стэрэатыпы літоўцаў пра беларусаў, менскія гарадзкія міты, Топ-10 беларускіх музычных альбомаў і агляд незалежнага кіно, інтэрвію і партфоліё фатографа Андрэя Лянкевіча, агляд грамадзка-палітычных кампаніяў у сымбалях, экскурсія ў арт-галерэю “Падземка”, жыцьцё “на костках” і мапа Менску ад “34” (цяпер па-літоўску) – вось няпоўны пералік таго, пра што даведаюцца чытачы “Pravda: Baltarusija”.

 

Інга Норке, галоўны рэдактар “Pravda”: “Працаваць над гэтым нумарам разам зь беларускай камандай было супэраўскім экспэрымэнтам. Упершыню “Pravda” рыхтавала нумар не самастойна, а супольна зь іншым выданьнем. Большасьць артыкулаў – гэта матэрыялы часопісу “34”, перакладзеныя на літоўскую мову і адаптаваныя да друкаванага выданьня. Я думаю, што гэты нумар, хаця і нетыповы для нашага фармату, будзе вельмі цікавым для нашай аўдыторыі. Гэта, напэўна, самы палітычны выпуск “Pravda” за ўсю нашу гісторыю. Ужо ўчора, адразу пасьля таго, як нумар зьявіўся ў распаўсюдзе, да нас павалілі emailы і званкі з самымі рознымі меркаваньнямі. Але дзеля таго нумар і рабіўся: каб справакаваць гарачую дыскусію пра Беларусь. Ды й увогуле, хутка лета і, можа, пачытаўшы “Pravda”, хтосьці з маладых літоўцаў вырашыць паехаць адпачыць у Беларусь, а ня ў Індыю, скажам. Бліжэй, а экзотыкі і вострых адчуваньняў ня менш”.

Стваральнікі “34”: “Гэтае пытаньне ўзьнікае рана ці позна ва ўсіх, хто перасякае беларуска-літоўскую мяжу ў любы бок. Сапраўды: што мы можам сказаць пра нашых суседзяў? Што за людзі, які ў іх характар, як сябе паводзяць і да т.п.? Калі падумаць, то атрымліваецца, што жывем мы сабе за 200 км ад адзін ад аднаго (па беларускіх мерках, 200 000 мэтраў – гэта не адлегласьць) і думаць ня думаем, хто ў нас суседзямі. Адсюль і ўзьнікла ідэя супольнага праекту з “Pravda”. Цяпер літоўцы чытаюць пра Беларусь, а напачатку чэрвеня выйдзе нумар нашага мультымэдыя-часопісу, прысьвечаны Літве. Наша чарга ламаць межы і стэрэатыпы”.

ДАВЕДКА

Андэграўндны мультымэдыя-праект “34” (Менск, Беларусь) ствараецца маладымі энтузіястамі з абвостраным пачуцьцём сацыяльнай адказнасьці. Далучыцца да праекту можа кожны: //community.livejournal.com/4asapopi3

PRAVDA (Вільня, Літва) – штомесяцавы бясплатны гарадзкі часопіс, вэб-старонка, радыё і фэстываль аднахвіліннага кіно. Наклад: 30 тысяч асобнікаў. Аўдыторыя – моладзь 16-30 год. “Pravda” – гэта больш, чым часопіс. Гэта фэномэн. Гэта ідэя. Гэта выключэньне. “Pravda” распавядае гісторыі, пра якія не наважваецца пісаць ніводнае іншае літоўскае выданьне. “Pravda” – гэта спалучэньне авангарднай моды, трэндаў, фота і музыкі.

//www.pravda.lt/

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)