Усаў: «Расіі трэба будзе нейкім чынам кампенсаваць свае палітычныя і маральныя страты ў вайне з Украінай. Ахвярай можа стаць Беларусь»

Палітолаг — пра тое, што значыць для Беларусі і Расіі вызваленне правабярэжнай часткі Херсонскай вобласці ад акупантаў.

Павел Усаў

— Для Расіі гэта чарговая параза, і гэта вельмі балючая параза, — мяркуе Павел Усаў. — Гэта прызнанне ў тым, што ўкраінскія войскі, украінскія ўлады значна больш эфектыўныя ў справах абароны краіны, чым расійскія ўлады ў пытаннях рэалізацыі ўласнай агрэсіі.

Расія яшчэ раз падкрэсліла, што яна не ў стане выканаць ніводнай сваёй тактычнай задачы і тым больш стратэгічнай задачы — паставіць Украіну і Захад на калені.

На працягу некалькіх месяцаў мы бачылі спробы напужаць і Украіну, і Захад сталым бамбардыраваннем крытычнай інфраструктуры, пагрозы і шантаж Захаду тым, што Расія выкарыстае брудную ядзерную зброю ці так званае тактычнае ядзернае ўзбраенне і нанясе ўдары па Украіне.

Да гэтага не дайшло. Каб спыніць украінскіх войскаў у ключавых накірунках — гэта Данбас і Херсон, Расія паспрабавала пашырыць сваю вайсковую прысутнасць у Беларусі, павялічыла свой вайсковы кантынгент — па розных дадзеных ужо да 5000. І такім чынам спрабавала адцягнуць увагу і стварыць дадатковую пагрозу.

Тым не менш, мы бачым, гэта было неэфектыўна і вынікі адступлення, фактычна ўцёкі расійскіх войск з Херсону ўжо даволі яскрава былі пракаментаваныя нават уласнымі расійскімі прапагандыстамі, якія ўпалі ў гістэрыку — ад Салаўёва да Скабеевай і Сіманьян, якія ва ўсім абвінавачваюць расійскае вайсковае і палітычнае кіраўніцтва.

Палітолаг звяртае ўвагу на тое, што сёння быў апублікаваны допіс Аляксандра Дугіна, які таксама прызваў Расію фактычна да ўнутранай рэвалюцыі, усклаўшы ўсю адказанасць за паразу, за прынятыя памылковыя рашэнні на самадзержца, то бок на Пуціна, не ўзгадваўшы ягонага прозвішча, але падкрэсліваючы, што Расія стаіць на краю свайго экзістіэнцыянальнага існавання, на краю цывілізацыйнага краху, што паказвае ўсе настроі і, магчыма, вядзе да таго, што ў Расіі ў хуткім часе пачнуцца ўнутраныя праблемы.

— Тым больш, што дзеянні расійскіх вайскоўцаў і дзеянні Пуціна, які нібы ўжо і не звяртае ўвагу на тое, што адбываецца ва Украіне, а толькі прымае нейкія дэкларатыўныя рашэнні, яны ўжо абуджаюць нянавісць нават тых, хто быў за вайну, хто казаў, што за тры дні возьмуць Кіеў, спадзеючыся на тое, што расийскае войска самае магутнае.

На думку палітолага, на сённяшні момант расійскае войска можна прыраўняць да войска зэро.

— Бо фактычна яго не існуе, і мабілізацыя, да якой прыбегла расійскае кіраўніцтва, гэтых пытанняў не вырашыла. Такім чынам мы бачым, што на сённяшні момент Расія не толькі ў вайсковым крызісе, і невядома як зараз бараніць іншыя рубяжы.

Мы можам назіраць даволі дынамічнае наступленне ўкраінскіх войскаў у Запарожскай вобласці, у Данбасе, у Данецкай і Луганскай абласцях. Нават кіраўніцтва так званых рэспублік было вымушанае адтуль вельмі хутка рэтыравацца. Канешне, не называючы гэта адступленнем.

Для Беларусі ў дадзеным кантэксце можна знайсці як пазітыўныя, так і негатыўныя вынікі эфектыўнага прасоўвання і вялікай перамогі Украіны ў вайне з Расіяй.

Калі мы кажам пра пазітыўныя вынікі, то, канешне, гэта сведчанне і дэманстрацыя таго, што існаванне рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі ў хуткім часе скончыцца, што інтэнсіўныя перамогі ўкраінскіх войскаў прывядуць да чарговага палітычнага крызісу ў Расіі і, безумоўна, гэта адаб’ецца на сітуацыі ў Беларусі.

Гэта будзе дэстабілізаваць псіхалагічна і маральна так званых прыхільнікаў рэжыма Лукашэнкі — «ябацек», якія імкнуцца да таго, каб зачысціць беларускую культурную і нацыянальную прастору. Відавочна, што часу ў іх не хопіць. Зараз яны павінны будуць думаць, як выжыць у новых абставінах, куды бегчы, калі гэтая вайна цалкам скончыцца паразай.

Палітолаг адзначае, што Лукашэнка, нават, калі Расія прайграе гэтую вайну, так хутка ад улады не адрачэцца.

— Напэўна, сістэма не праіснуе так доўга, як бы хацеў гэтага Лукашэнка, карэктуючы нейкія механізмы для прадаўжэння сваёй улады, перадачы яе на карысць сваіх сыноў ці паплечнікаў. Гэты сцэнар можа не спрацаваць.

Павел Усаў таксама распавёў пра магчымыя негатыўныя наступствы для Беларусі ў выніку паразы ва Украіне расейскіх вайскоўцаў.

— Чым менш будзе расійская вайсковая прысутнасць ва Украіне, тым больш яна будзе прысутная ў Беларусі. Расіі трэба будзе нейкім чынам кампенсаваць свае палітычныя і маральныя страты ў вайне з Украінай, паказаць, што параза гэтая не была дарэмная, што ёсць нейкія тэрытарыяльныя здабыткі.

І гэтым здабыткам, такой ахвярай можа стаць Беларусь, якую усё больш і больш інтэнсіўна будуць змушаць да інтэграцыі — эканамічнай, палітычнай і фактычна тэрытарыяльнай арганізацыі, інтэграцыі ў межах адзінай дзяржавы.

І канешне, для такой інтэграцыі не будзе хапаць неабходных рэсурсаў — палітычных, ідэалагічных, хаця ўвага расійскага грамадства на гэта будзе скіраваная.

Тым не менш, інтэграцыйныя працэсы, хутчэй нават паглынанне праз інтэграцыю Беларусі будзе патрабаваць дадатковых сродкаў і высілкаў, асабліва калі трэба будзе канчаткова аформіць адміністрацыю Лукашэнкі ў адміністрацыю палітычнай расійскай прысутнасці.

Пра той факт, што расійская прысутнасць у Беларусі пашыраецца і паглыбляецца, сведчыць не толькі інтэнсіўнае прыбыццё расійскіх войскаў у Беларусь. Канешне, гэта можа сведчыць пра тое, што Расія рыхтуецца да такога кроку адчаю, каб распачаць дзеянні і адчыніць яшчэ раз шырокі другі фронт, каб нейкім чынам змяніць сітуацыю, бо ўжо магчымасцяў наступаць з крымскага ці з данецкага накірунку на сённяшні дзень не існуе, бо знішчаная інфраструктура і так званыя «укрэпраёны» — стратэгічныя кропкі.

У Беларусі пакуль інфраструктура вайсковая яшчэ функцыянуе. За ўвесь час вайны па тэрыторыі Беларусі па вайсковай інфраструктуры не было нанесена ніводнага ўдару, таму гэта можа быць скарыстана Расіяй для таго, каб распачаць нейкую інтэнсіўную вайсковую актыўнасць з тэрыторыі Беларусі, што ў сваю чаргу можа прывесці да адваротных рэакцый і фактычна ўжо не стрымання Украіны ў рамках нежадання адчыняць другога фронта, а якраз-такі нанясенне жорсткіх прэвентыўных удараў па расійскай вайсковай інфраструктуры, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.8(17)