«Улада прадэкларавала гатовасць да зменаў унутры краіны, але намеры так і засталіся няздзейсненымі»

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» занепакоена сітуацыяй са сродкамі масавай інфармацыі, якая склалася ў краіне напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы і ў перыяд падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх.

Сёння ёсць усе падставы лічыць, што беларускія СМІ не здолеюць забяспечыць выбаршчыкаў аб’ектыўнай і своечасовай інфармацыяй, не стануць платформай для абмеркавання перадвыбарных праграм кандыдатаў.

Найбольш трывожнымі тэндэнцыямі апошняга часу з’яўляюцца вынясенне Міністэрствам інфармацыі папярэджанняў друкаваным СМІ (што, у прыватнасці, паставіла пад пагрозу выпуск газеты «Народная воля»), а таксама распрацоўка праекта ўказа пра рэгуляванне інтэрнет-рэсурсаў. Небяспека закрыцця аднаго са знакавых выданняў і абмежавання дзейнасці ў Інтэрнеце, які пакуль застаецца ў Беларусі зонай адносна свабоднага абарачэння інфармацыі, яшчэ далей адсуне нашу дзяржаву ад міжнародных стандартаў у галіне свабоды выказвання.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года шэраг грамадска-палітычных недзяржаўных выданняў былі пазбаўленыя магчымасці распаўсюджвацца праз сістэмы «Саюздрук» і «Белпошта». Некаторыя з гэтай прычыны вымушаныя былі спыніць ці прыпыніць выхад. Нягледзячы на тое, што пад ціскам міжнароднай супольнасці і дзякуючы грамадскім высілкам унутры краіны дзяржаўныя сістэмы распаўсюду прэсы аднавілі супрацоўніцтва з некалькімі газетамі, каля дзесятка недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў па-ранейшаму не могуць трапіць у кіёскі «Саюздруку» і падпісныя каталогі «Белпошты».

8 лютага споўніцца роўна год з часу ўступлення ў сілу новага закона «Аб сродках масавай інфармацыі». На працягу ўсяго гэтага часу беларускія СМІ праходзяць перарэгістрацыю, і ў цэлым гэты працэс працякаў бесканфліктна. Разам з тым, шэрагу новых грамадска-палітычных газет было адмоўлена ў рэгістрацыі. Замест таго, каб прыслухацца да рэкамендацый уплывовых журналісцкіх і праваабарончых арганізацый і міжнародных структур і прывесці беларускае заканадаўства ў адпаведнасць з сусветнымі стандартамі, Міністэрства інфармацыі ўвяло дадатковыя, не прадугледжаныя законам «Аб СМІ», абмежаванні на рэгістрацыю новых выданняў.

Узмацняецца і палітыка эканамічнай дыскрымінацыі недзяржаўнай прэсы. Па інфармацыі ГА «БАЖ», на пачатку 2010 года шэраг буйных рэкламадаўцаў пад ціскам уладаў у аднабаковым парадку пачалі спыняць супрацоўніцтва з недзяржаўнымі СМІ. Гэтыя дзеянні ставяць пад пагрозу развіццё незалежных сродкаў масавай інфармацыі, і, як вынік, — пагражаюць распаўсюду аб’ектыўнай інфармацыі ў беларускім грамадстве.

Не губляе актуальнасці і праблема акрэдытацыі карэспандэнтаў і адкрыцця афіцыйных прадстаўніцтваў замежных СМІ ў Беларусі. У канцы 2009 года беларускае МЗС дазволіла адкрыць у краіне карпункт «Еўрапейскага радыё для Беларусі» тэрмінам на 1 год, але гэта не вырашыла праблемы ў прынцыпе. Улады з аднаго боку адмаўляюць у акрэдытацыі журналістам замежных СМІ, а з іншага боку — абвяшчаюць нелегальнай іх дзейнасць і аказваюць ціск на журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі масмедыя.

Абвастрылася праблема доступу да інфармацыі і акрэдытацыі журналістаў пры органах улады. Асабліва балючая яна для рэгіянальных калег, якія робяцца закладнікамі разумення заканадаўства «Аб СМІ» чыноўнікамі мясцовага ўзроўню.

У Беларусі па-ранейшаму захоўваецца крымінальная адказнасць за паклёп і знявагу, а таксама за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь.

Новай трывожнай тэндэнцыяй можна назваць перашкоды з боку сілавых структур журналістам, што асвятляюць вулічныя акцыі. Прадстаўнікі праваахоўных органаў некалькі разоў мэтанакіравана, з прымяненнем сілы, перашкаджалі журналістам выконваць прафесійныя абавязкі, хаця іх права прысутнічаць у месцах правядзення грамадска значных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю замацавана ў дзейным законе «Аб СМІ».

Летась Беларусь упершыню ўключылася ў адзін з галоўных еўрапейскіх праектаў з суседнімі краінамі — «Усходняе партнёрства». Між тым, партнёрства і супрацоўніцтва павінныя грунтавацца на еўрапейскіх каштоўнасцях, ключавое месца сярод якіх займае свабода выказвання. Яна з’яўляецца не толькі фундаментальным правам чалавека, але і крытэрам выканання ўсіх астатніх яго правоў.

Афіцыйна ўлада прадэкларавала гатовасць да зменаў унутры краіны, але намеры так і засталіся няздзейсненымі. Мы вымушаныя канстатаваць, што агульнанацыянальны дыялог так і не распачаўся, як і не былі выкананыя рэкамендацыі еўрапейскіх структур па набліжэнні да дэмакратычных стандартаў у галіне СМІ.

ГА «БАЖ» працягвае падкрэсліваць: ніякі сапраўдны дыялог немагчымы без забеспячэння свабоды выказвання ў краіне і рэальнага паляпшэння сітуацыі са сродкамі масавай інфармацыі.

ГА «БАЖ» па-ранейшаму патрабуе выканання наступных умоваў:

1. Забеспячэнне роўных эканамічных умоваў для СМІ розных форм уласнасці, а менавіта:

- вяртанне ўсіх недзяржаўных грамадска-палітычных газет у сістэму «Саюздруку», падпісныя каталогі «Белпошты» і беларускія друкарні, а таксама недапушчальнасць абмежавання друку і распаўсюду ў будучым;

- выключэнне адміністрацыйнага і эканамічнага ціску на суб’ектаў гаспадарання, якія супрацоўнічаюць з рэдакцыямі незалежных СМІ.

2. Забеспячэнне поўнага доступу да інфармацыі, а менавіта:

- адмена артыкулаў Закона «Аб дзяржаўнай службе», а таксама палажэнняў ведамасных падзаконных актаў, якія абмяжоўваюць журналістаў у праве на доступ да інфармацыі пра дзейнасць органаў улады;

- гарантаванне свабоды акрэдытацыі карэспандэнтаў і адкрыцця афіцыйных прадстаўніцтваў замежных СМІ ў Беларусі, а таксама ўвядзенне заявачнага прынцыпу акрэдытацыі;

- недапушчальнасць выпадкаў адмовы дзяржаўных службоўцаў прадастаўляць інфармацыю журналістам.

3. Прывядзенне беларускага заканадаўства ў адпаведн¬асць з міжнароднымі прававымі нормамі, а менавіта:

- прывядзенне ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі законаў «Аб сродках масавай інфармацыі», «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і практыкі іх прымянення;

- адмена артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць крымінальнае пакаранне за дыфамацыю, а менавіта: артыкула 188 «Паклёп», артыкула 189 «Абраза», артыкула 367 «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», артыкула 368 «Абраза ў дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», артыкула 369 «Абраза прадстаўніка ўлады», артыкула 369–1 «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».

На думку ГА «БАЖ», гэтыя крокі паспрыяюць не толькі правядзенню адкрытых і дэмакратычных выбараў, але і паляпшэнню сітуацыі са свабодай выказвання і развіццю свабодных медыя ў Беларусі як неабходных умоваў развіцця дэмакратычнай краіны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)