Общество

«Удзячная ідэолягу за звальненьне». Што кажуць беларусы, якія засталіся бяз працы «праз палітыку»

За апошнія паўтара года многіх беларусаў пазвальнялі «за палітыку». Сытуацыя ў кожнага ўнікальная, піша Радыё Свабода. Унівэрсальнасьць гісторый у тым, што зь лёгкасьцю звальнялі як унікальных адмыслоўцаў зь вялізным досьведам, так і маладых спэцыялістаў. Прычым з аднолькавай фармулёўкай: «Вы самі ўсё разумееце».

Супрацоўніца Нацыянальнага банку, памежнік, рабочы, выкладчык музыкі, супрацоўніца дзяржаўнага тэлебачаньня расказалі пра свае «палітычныя звальненьні».

Фота Reuters

«Страціла працу ў банку, усьлед за ёю — інтэрнат. Пачала ўсё з нуля»

30-гадовая Анастасія сем гадоў працавала ў банках. У верасьні 2020 году атрымала пасаду галоўнага спэцыяліста ў юрыдычным упраўленьні Нацыянальнага банку. Яна з Наваградку. У Менску ад працы атрымала інтэрнат.

– Хадзіла на маршы ў Менску. Потым была на маршы ў Горадні, за што атрымала штраф. 15 лістапада 2020 году мяне, як і многіх беларусаў, затрымалі на „плошчы Перамен“, на акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Атрымала 15 сутак. У ізалятары захварэла на каранавірус. Таму пасьля вызваленьня пайшла на бальнічны, лячылася.

У сьнежні вярнулася на працу — пад клявіятурай ляжаў блянк звальненьня па ўласным жаданьні. Потым мне патэлефанавала начальства. Размова была кароткая: мы з табой сёньня разьвітваемся. Ці па ўласным жаданьні, ці будзе па-дрэннаму, выбірай. Я не хацела канфліктаваць, таму ў той жа дзень мяне звольнілі, — расказала Анастасія.

Яна кажа, што кіраўніцтва гаварыла пра «загад зьверху». Але калегі з банкаў спачувалі ёй і дапамагалі.

Анастасію «папрасілі» з інтэрнату, дзе яна жыла па хадайніцтве наймальніка.

– Давялося ўсё пачынаць з нуля. Некалькі месяцаў я не магла знайсьці працу. Толькі ў сакавіку нарэшце ўладкавалася працаваць у прыватную кампанію, юрыстам. Потым на мяне „праваахоўныя органы“ спрабавалі „павесіць“ нейкую абразу. Пачалі выклікаць на допыты, нагадвалі, што я маю „народны артыкул 23.34“, я разумела, што мяне ў спакоі не пакінуць, — кажа Анастасія.

Цяпер яна ў Славаччыне, у працэсе атрыманьня часовага віду на жыхарства. У Славаччыне невялікая дыяспара беларусаў. «Але кожны аўторак мы ходзім пад амбасаду Беларусі, праводзім акцыі салідарнасьці», — дадала беларуска.

Яна кажа, што і простыя славакі, і мясцовыя актывісты ведаюць пра сытуацыю ў Беларусі і спачуваюць беларусам.

– Мне здаецца, што ў бліжэйшыя гады я не змагу вярнуцца дахаты. Кожны чалавек, які меў хоць якое дачыненьне да пратэстаў, трапляе пад увагу „праваахоўных органаў“. Мая пазыцыя такая, што чым менш людзей будзе сядзець у турмах, тым лепш. Пра сябе магу сказаць, што я ні пра што не шкадую. Адно шкадую, што мы не дабіліся пакуль сваёй мэты, — кажа Анастасія.

«У турме з „былымі“ з розных органаў абыходзяцца вельмі жорстка»

Андрэй (імя зьменена, дадзеныя ёсьць у рэдакцыі. — РС) служыў да звальненьня памежнікам.

– Я адкрыта выказваў сваю пазыцыю — і быў звольнены за гэта. Тады яшчэ, летась і на пачатку 2021 году, прынамсі з памежнікамі «цацкаліся». Кіраўніцтва прасіла «падумаць», выклікалі на гутаркі, прасілі «выправіцца». Цяпер, як я ведаю, ніхто ні з кім не цырымоніцца — звальняюць адразу.

Асабліва тых памежнікаў, якія цяпер адмаўляюцца дапамагаць мігрантам. Так, ёсьць такія загады, і ёсьць тыя, хто ня хоча гэта рабіць. Што тычыцца мяне, то мяне звольнілі за «парушэньне ўмоў кантракту». Гэта проста — злавіць ці падлавіць чалавека на нейкіх парушэньнях і звольніць. Зь дзяржаўнай структуры лёгка можна звольніць любога чалавека, — кажа Андрэй.

Бяз працы ён не застаўся. Кажа, што меў іншую працу ўжо праз тры дні, як быў звольнены.

Андрэй ня мае расчараваньня — ні ад свайго звальненьня, ні ад усяго, што адбылося напярэдадні.

– Калі б можна было адматаць час назад — я ні пра што не шкадую і рабіў бы тое самае. Я які быў, такі і застаўся. Дый людзі, якіх я ведаю, засталіся на сваіх прынцыпах. Адзінае цяпер, што стараюся менш высоўвацца. Галоўная задача цяпер — захаваць сябе, таму што ў турмах да „былых“ з розных органаў ставяцца надзвычай жорстка, — кажа Андрэй.

«Шкадую толькі аб адным — што раней не сышла з тэлебачаньня»

Марына (імя зьмененае, дадзеныя ёсьць у рэдакцыі. — РС) больш за 20 гадоў працавала на адным з каналаў дзяржаўнага тэлебачаньня.

– Я ўвосень 2020 году актыўна выказвалася, як на Facebook, так і ў нашых тэлевізійных чатах. Але ня я адна, нас было вельмі шмат — тых, хто быў за перамены. Але мяне ня звольнілі, проста пачакалі да сканчэньня кантракту і не працягнулі яго. Наколькі я ведаю, «адказны за ідэалёгію» нават прынёс на мяне цэлую папку кампрамату, каб сказаць кіраўніцтву: «Глядзіце, вы што, каго вы трымаеце на працы!». Папраўдзе, у нас многіх не звальнялі, чакалі, пакуль скончыцца кантракт, і тады разьвітваліся зь імі. Або прымушалі перапісаць кантракт тэрмінам на шэсьць месяцаў. Я страціла працу тры месяцы таму, — кажа Марына.

Пасьля звальненьня яна спрабавала знайсьці іншую працу, пагатоў мае дзьве вышэйшыя адукацыі.

– Мне сказалі, што я нікуды не ўладкуюся. На дзяржаўныя службы мне шлях закрыты. Нават на прыватнае радыё мне закрыты шлях. Раней нашых з тэлебачаньня ахвотна бралі ў расейскія СМІ. Я таксама паспрабавала. Але адказ быў такі, што возьмуць толькі на прапагандысцкую працу. Што ж, мне 50 гадоў, але я цяпер перавучваюся на іншую прафэсію. Мне ў гэтым дапамагае ініцыятыва „Честные люди“. Ужо знайшла працу, — кажа Марына.

Яна дадае, што не шкадуе пра звальненьне.

– Шкадую толькі, што не зрабіла гэтага раней. Канечне, гэта праца, якой я аддала палову жыцьця. Але цяпер мне рэальна лягчэй дыхаць. Я нават сказала б „дзякуй“ ідэолягу за звальненьне. Бо працуеш, прыкіпеў да месца, і самому цяжка часам звольніцца. Цяпер на дзяржаўным тэлебачаньні наступаюць цяжкія часы. Чаму? Таму што вось зрабілі такую перадачу «X-фактор» — «дорага, багата». І цяпер праз гэта тэлевізійнікам рэжуць ганарары. Бо аклады ў нас малыя, асноўныя заробкі — ганарары. А тут Бузавай трэба плаціць. А грошы дзе браць? Вось рэжуць ганарары, — дадала Марына.

Яна ўпэўненая, што не прападзе. «Былі б у чалавека мазгі — знойдзе працу», — кажа жыхарка Менску.

«Я ня мушу паміраць на гэтай працы»

25-гадовы Аляксей рабіў на «ГроднаАзоце». Адпрацаваў там пяць гадоў. 26 кастрычніка 2020 году далучыўся да забастоўкі.

– Спачатку нас было на прахадной каля, можа, трохсот чалавек, потым неяк многія разышліся. Недзе каля сотні чалавек заставаліся на прахадной. Я так зразумеў, што забастоўка такая 26 кастрычніка была ня вельмі ўдалая, і вырашыў далей нешта рабіць на сваім месцы і ў прававым полі. Напрыклад, у нас забаронена прымаць зьмену, калі ёсьць паломкі ці парушэньні. А такое — спрэс. 27 кастрычніка я сказаў начальству, што зьмену ня буду прымаць, бо смурод, і зафіксавана парушэньне нормаў па аміяку. Начальства што зрабіла? Проста адключыла абсталяваньне, якое фіксуе парушэньні, загазаванасьць.

А мяне вывелі з аховай за тэрыторыю. Начальства сядзіць вышэй, і ім няма справы, што тут загазаванасьць і людзям цяжка дыхаць. Мяне мала таго, што вывелі з тэрыторыі і на маё месца тут жа паставілі іншага чалавека, але яшчэ і прымусілі мяне пісаць тлумачальную — на якой падставе я быў на працы ў непрацоўны час! Паставілі прагул і звольнілі, — кажа Аляксей.

Разам з такімі ж звольненымі рабочымі і з дапамогай незалежнага прафсаюзу ён судзіўся за незаконнае звальненьне.

– Але суд стаў не на наш бок. Я казаў у судзе, што я магу адмовіцца ад працы, калі там неспрыяльныя ўмовы, загазаванасьць — я ня мушу паміраць на працы! Але судзьдзя не пачуў нас, — дадаў былы работнік заводу.

Так ён застаўся бяз працы. Атрымаў дапамогу ад розных фондаў. У верасьні 2021 году Аляксея затрымалі як сьведку па справе «Рабочага руху».

«Забралі тэлефон, лаптоп, пагражалі, што могуць перавесьці са статусу сьведкі ў статус абвінавачанага. Калі вызваліўся, то доўга ня думаў і зьехаў зь Беларусі ў Польшчу», — кажа Аляксей.

Пра звальненьне ён не шкадуе.

– Пра свой выбар я не шкадую. Шкадую, што такая сытуацыя ў нас у Беларусі, што настолькі ўсё несправядліва! Крыўдна ад такой сытуацыі. Цяпер, як я бачу гэтыя крывадушныя заявы ўладаў, што яны так пераймаюцца за мігрантаў... Ды яны ніколі не пераймаліся за ўласных грамадзян, за бясьпеку на прадпрыемствах! Таму страшна падумаць, што можа быць з тымі мігрантамі на мяжы, — дадаў Аляксей.

У Польшчы ён ужо знайшоў працу.

«Крыўдна, што раней не сышоў»

Сяргею амаль 50 гадоў. Усе ягоныя працы былі зьвязаныя з аддзеламі культуры і адукацыі. Працаваў настаўнікам у школе, выкладчыкам гітары ў музычнай школе. Апошнюю працу меў у музычнай школе ў адным з райцэнтраў Беларусі.

– З 2015 году працаваў у гэтай музычнай школе. Кантракт працягвалі без пытаньняў. Не было заўваг і па працы. Пасьля падзей 2020 году кантракт не працягнулі. Дырэктар сказаў, што яму далі вусны загад на мяне, вось і ўсё. Справа была ў тым, што ўвосень мінулага году я пісаў заявы на выканкам, каб дазволілі правесьці санкцыянаваную акцыю. І плюс назіраў на выбарах. Ну, і з жонкай атрымалі раз „народны артыкул 23.34“ і штраф. Гэта аказалася дастатковым, каб мне не працягнулі кантракт, — кажа Сяргей.

Ён дадае, што калектыў шкадаваў пра ягонае звальненьне.

– Я лічу, што ўсё, што ні робіцца, — робіцца да лепшага. Шукаў працу па спэцыяльнасьці нават у суседніх райцэнтрах. Але мне сказалі, што такіх, як я, на працу не бяруць. Знайшоў цяпер усё-ткі працу. На хлеб з малаком зарабляю. Не шкадую ні пра што. Я ня тое што спадзяюся — я веру ў перамены да лепшага. Таму што дыктатуры на тое заплянаваныя, каб разваліцца, — дадаў жыхар райцэнтру.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(22)