Алесь Літоўчык, Еўрарадыё
У Пінску пенсіянер выходзіў пратэставаць з карытам і плакатамі

У Пінску 66-гадовы пенсіянер пратэставаў супраць несправядлівага падаткаабкладання і палітыкі ўладаў. На працягу паўгадзіны жыхар вёскі Пінкавічы Леанід Кароль стаяў з плакатамі каля стадыёна «Хваля», дзе яго і затрымалі міліцыянты.

Едучы ў раённы цэнтр, пенсіянер захапіў з сабой карыта для жывёлы, а таксама тры плакаты, на якіх былі надпісы «Кормушка», «Грабитель» і «Лукашенко на, жри и подавись». Больш за трое сутак Леанід Кароль знаходзіўся ў ізалятары, пасля быў суд.

Суддзя, даведаўшыся пра змест надпісаў на плакатах, сказаў, што гэта — не адміністрацыйная, а крымінальная справа. Таму неабходная дадатковая праверка і суд быў адкладены. Пакуль Леанід Кароль знаходзіцца дома і чакае далейшага развіцця сітуацыі. На пытанне, што падштурхнула яго на такі ўчынак, ён адказаў, што за ўсё з яго патрабуюць грошы: за даведку з сельсавету, за тое, што прыпісаў да сябе сына. Паводле словаў спадара Караля, калі ён прыйшоў у сельсавет і запытаўся, хто падпісвае такія законы, там адказалі, што Лукашэнка. «Вось я і выказаў сваю пазіцыю, звяртаючыся да таго, хто гэта прыдумаў. Па Канстытуцыі я маю на гэта права», — сказаў Леанід Кароль.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)