«У пэўным сэнсе Лукашэнка спрабуе апраўдацца. Але замест супакаеньня вэртыкальшчыкаў ён падвышае напружанасьць»

Палітолаг Валер Карбалевіч – пра вынікі апошняй нарады.

— Апошнім часам Лукашэнка даволі часта праводзіць розныя нарады з чынавенствам. Хоць, здавалася б, усё ў краіне супакоілася, аднак жа нейкае напружаньне існуе, — піша Валер Карбалевіч. —Хоць Лукашэнка перастаў адчуваць грамадзтва, але нюх на настроі ў асяродзьдзі намэнклятуры па-ранейшаму застаўся.

І, як можна меркаваць, настроі там для яго ня надта пазытыўныя. Напрыклад, нядаўна Лукашэнка казаў: яму дакладаюць, што нават жонкі футбалістаў — прыхільніцы бел-чырвона-белага сьцяга.

Трывожныя настроі ў асяродзьдзі чынавенства зразумелыя. На гэта ўплывае шмат чыньнікаў. Глухое незадавальненьне насельніцтва, якое, як паказаў мінулы год, можа выліцца ў публічныя пратэсты. Немагчыма схаваць, што краіна амаль у поўнай ізаляцыі. Сэктаральныя санкцыі, блякада паветранай прасторы з боку ЭЗ. Самавольства сілавых структур, якія зь цягам часу могуць прыйсьці і па чыноўнікаў. Напружаньне ў адносінах з суседзямі, асабліва на мяжы зь Літвой, што можа выліцца ў сілавы канфлікт.

Тым больш што Лукашэнка ўвесь час пужае вайной. Нават футбольныя клюбы ў эўракубках вымушаныя праводзіць хатнія матчы ў іншых краінах. І ніякай пэрспэктывы выйсьця Лукашэнка не прапануе. У «крэпасьці ў аблозе» жыць няўтульна ўсім.

Лукашэнка гэта адчувае і спрабуе загаварыць усіх, неяк супакоіць. Адсюль гэтыя бясконцыя нарады. 30 ліпеня адбылася ягоная сустрэча з актывам мясцовай вэртыкалі па актуальных пытаньнях грамадзка-палітычнага становішча.

У пэўным сэнсе Лукашэнка спрабуе апраўдацца. Але замест супакаеньня кіраўнікоў вэртыкалі ён, наадварот, падвышае напружанасьць. Акцэнт робіцца «на такіх аспэктах, як узмацненьне дысцыпліны, мабілізацыя і сабранасьць». І на гэтым тле дзіўна выглядае тэзіс, што «мы зьяўляемся ўзорам міжнацыянальнага, міжканфэсійнага і сацыяльнага адзінства». Калі так, то навошта ствараць «крэпасьць у аблозе»?

З выступу Лукашэнкі вынікае, што курс на таталітарызацыю Беларусі будзе працягвацца. Любая грамадзкая дзейнасьць «павінна абавязкова суадносіцца з вэктарам дзяржаўнай палітыкі». Недапушчальна выступаць супраць дзяржаўнага курсу.

Усе рэгіянальныя СМІ і мэдыярэсурсы могуць існаваць толькі з дазволу мясцовага выканкаму. З 1,5 тысячы грамадзкіх арганізацый 185 — гэта дэструктыўныя структуры, зь якімі трэба разабрацца.

Лукашэнка запэўніў, што рэфэрэндум аб новай Канстытуцыі пройдзе не пазьней як у лютым 2022 году.

І як вішанька на торце — чарговая спроба напужаць Захад. Лукашэнка прыгразіў, што на тэрыторыі Беларусі могуць быць разьмешчаны расейскія войскі. Ён заявіў: «Калі трэба будзе для бясьпекі «саюзнай дзяржавы», якую мы будуем, для бясьпекі Беларусі і Расеі разьмясьціць тут усе ўзброеныя сілы з усімі відамі ўзбраеньняў — яны будуць тут разьмешчаны неадкладна». То бок гаворка ўжо не пра базы, а менавіта пра войскі з «усімі відамі ўзбраеньняў». Такое, здаецца, гаворыцца ўпершыню.

Гэтая заява добра ўпісваецца ў курс на эскаляцыю канфлікту з Захадам. Тут і стварэньне міграцыйнага крызісу на мяжы зь Літвой, і пагроза зьяўленьня тут незаконных мігрантаў са зброяй.

І вось намёк на разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі расейскага войска. Напярэдадні верасьнёўскіх беларуска-расейскіх вучэньняў гэта прагучала асабліва пагрозьліва.

Аднак такія страшылкі на адрас Захаду ня ўпісваюцца нават у расейскую палітыку. Невыпадкова, што яшчэ Лукашэнка ня скончыў сваю прамову, як прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што «Беларусь не зьвярталася да РФ наконт магчымасьці разьмяшчэньня ў рэспубліцы расейскіх узброеных сілаў». Такое мяккае дыпляматычнае дэзавуяваньне.

Калі падводзіць вынікі, то можна канстатаваць, што супакоіць вэртыкаль не ўдалося. Наадварот, чынавенства арыентавалі на новую мабілізацыю.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:49)