Общество
Юлія Аляксандрава

У Мінску аштрафавалі ўдзельнікаў акцыі ў абарону іранскіх геяў

Удзельнікам акцыі ў абарону іранскіх геяў (10 маладых іранцаў чакаюць зараз смяротнага пакарання) каля амбасады Ірана ў Мінску прызначылі штрафы агульнай сумай каля 1,5 мільёнаў беларускіх рублёў. Зараз актывісты збіраюцца апеляваць да Камітэта па правах чалавека ААН.

«Усе мае сябры ўражаныя, што за мірную гуманістычную акцыю, у якой удзльнічала тры чалавекі, мне прысудзілі пакаранне памерам у месячны заробак», – распавёў «Салідарнасці» старшыня праваабарончага праекта «ГейБеларусь» Сяргей Андросенка.

Па выніках судоў, якія адбыліся 23 снежня, удзельніку акцыі Сяргею Прадзеду прызначылі штраф у 10 базавых велічынь (350 тысяч рублёў), а Андросенка прызналі вінаватым у арганізацыі несанкцыяванага пікета і прысудзілі 25 базавых велічынь (875 тысяч рублёў). Трэцяму удзельніку акцыі прысуд (штраф памерам 105 тысяч рублёў) вынеслі 17 снежня (на наступны дзень пасля правядзення пікета).

– Затое па ходу справы высветліўся адзін вельмі станоўчы факт, – з аптымізмам распавёў актывіст. – Сваю петыцыю мы, самі таго не ведаючы, переделі не проста супрацоўніку амбасады, які выходзіў на вуліцу падчас нашага пікета, а самаму амбсадару Ірана ў Беларусі!

Галоўная мэта – прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы геяў у Іране, была дасягнутая, лічыць Андросенка. Тым не менш, справа мусіць мець працяг:

– Я збіраюся падаваць касацыйную скаргу, хаця і ўсведамляю, што на нацыянальным узроўні (то бок, спасылаючыся на нацыянальнае заканадаўства) яна задаволена быць не можа. Але ж згодна з Канстытуцыяй у мяне ёсць права апеляваць і да міжнародных структур, таму гэтую справу планую даводзіць да Камітэта па правах чалавека ААН. Гэта пакажа жорсткасць беларускага заканадаўства ў пытаннях арганізацыі падобных мерапрыемстваў і абмежаванні ў магчымасцях выказаць сваю думку (нават калі гэта гуманістычная думка, а не палітычнае перакананне).

Падтрымаць удзельнікаў акцыі на суд прыйшлі прадстаўнікі Беларускага Хельсінскага камітэта, праваабарончага цэнтра «Вясна» (у тым ліку і старшыня Алесь Бяляцкі).

– Мы выступалі супраць народнага пакарання не за злачынства, а за фізіалагічную асаблівасць, – тлумачыць Андросенка. – Гэта тое ж самае, што пачаць забіваць у Беларусі рудых, блакітнавокіх ці ляўшэй. Усе мае сябры ўражаныя, што за мірную гуманістычную акцыю, у якой удзльнічала тры чалавекі, мне прысудзілі пакаранне памерам у месячны заробак. Атрымаць такі «калядны падарунак» ад дзяржавы напярэдадні Новага году… што можа быць «больш прыемным»?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)