Политика
Севярын Квяткоўскі, Радыё Свабода

У галадоўцы пратэсту “Маладога фронту” бяруць удзел ужо 27 чалавек

Працягваецца галадоўка, абвешчаная салігорскімі маладафронтаўцамі. Да яе далучыліся моладзевыя актывісты зь Менску, Горадні, Ліды й Кіева. Моладзь патрабуе спыніць крымінальны перасьлед лідэраў руху й вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў. Пасьля 15-сутачнага арышту ў турме на Акрэсьціна Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч далучыліся да галадоўнікаў.

Апошні з тых, хто далучыўся ў Салігорску — моладзевы актывіст Глеб Сандрас. Большасьць удзельнікаў галадуюць чацьверты дзень. На цяперашнюю хвіліну разам — восем асобаў, зь якіх трое непаўнагадовыя: браты Іван ды Ільля Шылы, а таксама Хрысьціна Самойлава. Патрабаваньні галадоўнікаў застаюцца нязьменнымі — вызваленьне палітычных зьняволеных, спыненьне перасьледу сябраў "Маладога Фронту" і аднаўленьне на вучобе ўдзельніка намётавага лягеру на Плошчы Максіма Сяменчыка.

Учора раніцай маладых людзей наведалі лекары, якія засьведчылі, што ў большасьці стан здароўя прымальны. Сёньня вечарам чакаецца падобны кантрольны візыт мэдыкаў. Галадоўнікі п'юць розныя напоі: сокі і мінэральныя воды. Намагаюцца менш рухацца. Некаторыя скардзіліся на болі ў галаве і жываце, але збольшага трымаюцца добра.

(Карэспандэнт: ) "Глеб, твой учынак эмацыйны, ці ты спадзяесься на практычныя вынікі галадоўкі?

(Сандрас: ) "Так, у першую чаргу, я хачу быць побач са сваімі сябрамі з "Маладога Фронту". І спадзяюся, што гэтая акцыя пратэсту яшчэ больш нас аб'яднае. І прыцягне ўвагу грамадзкасьці да праблемы палітычнага перасьледу ў Беларусі".

Варта прызнаць, што большасьць салігорцаў папросту ня ведае пра акцыю. А тыя выпадковыя мінакі, што бачаць на бальконе галадоўнікаў бел-чырвона-белы сьцяг і плякат са словам "Галадоўка", ня ведаюць, хто канкрэтна і дзеля чаго галадае.

Цікава, што ў будынку, дзе ладзіцца акцыя, месьціцца тэлеканал салігорскага гарвыканкаму — "СТК". У дырэкцыі тэлеканалу мне паведамілі, што дадуць інфармацыю пра акцыю толькі калі будзе згода кіраўніцтва гораду.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)