«У дзяцінстве лісты Пашу пісаў Чабурашка». Чаму Павел Севярынец круты

У сувязі з гадавінай знаходжання палітыка за кратамі журналіст Зміцер Панкавец склаў свой суб'ектыўны рэйтынг прычын, каб патлумачыць, чаму Павел Севярынец круты.

  1. Фактычна ён стварыў і сем гадоў кіраваў самай заўважнай моладзевай арганізацыяй за часамі лукашызму — «Маладым фронтам». Праз «МФ» прайшлі сотні і тысячы людзей, якія ствараюць павестку дня і сёння.
  2. Севярынец з сябрамі абаранілі Курапаты ў 2002 годзе, калі праз урочышча спрабавалі пракласці МКАД. Тады Павел практычна жыў у Курапатах, трымаў вахту памяці.
  3. Севярынец мог неаднаразова з’ехаць з Беларусі, але прынцыпова заставаўся тут. Нават свядома самастойна вяртаўся ў СІЗА, калі яго адпускалі адтуль на пахаванне. Для ўцёкаў ужо было ўсё падрахтавана, але Павел застаўся.
  4. Двойчы адсядзеў на «хіміі». Спачатку на «крайняй поўначы», у Малым Сітне на Полаччыне, дзе працаваў сучкарубам. А потым у Купліне на Пружаншчыне. Мяне ўражвала, як сістэмна кожны тыдзень Павел дасылаў лісты ў «НН», ніякіх адгаворак на стомленнасць ці загружанасць ні разу не было. Новы тыдзень — новы ліст. Так і паўсталі кнігі «Лісты з лесу» і «Беларуская глыбіня». Ганаруся, што нейкім чынам спрычыніўся да «Глыбіні», рэдагуючы ягоныя лісты ў «НН».
  5. Севярынца ўсяляк спрабавалі і спрабуюць зламаць. Яго білі, саджалі на суткі, у СІЗА. Але нікому не атрымлівалася зламаць ягоную веру ў лепшае. Калі вы бачылі відэа з Магілёва, дзе Павел пасля таго, як атрымаў 7 гадоў калоніі заводзіць людзей і падбадзёрвае тых, хто на волі, то самі ўсё разумееце.
  6. Гэта Севярынец зрабіў моднай крычалку «Верым! Можам! Пераможам!», якую мы пастаянна чулі на статысячных шэсцях летам і восенню 2020 года. А яшчэ раней яе перахапілі футбольныя заўзятары. Дарэчы, я не скажу, што Павел вельмі заўзяты футбольны аматар, але не помню, каб ён прапускаў нейкія значныя матчы і не быў у курсе падзей у футболе.
  7. Яшчэ нагадаю, што Павел не толькі палітык, але і прафесійны геолаг. Не гуманітарый! Ягоная дыпломная праца мела назву «Бурштын Беларусі».
  8. У Севярынца выдатная сям'я, якая падтрымлівае Паўла ва ўсіх ягоных выпрабаваннях і пакутах. Такую б сям'ю кожнаму. Падобна, што і сам Павел ці не ўзорны муж, бацька, сын, брат. Варта чуць з якой цеплынёй ён заўжды кажа пра сваю сям'ю.
  9. Севярынец насіў вусы! А гэта, мне здаецца, можа зрабіць толькі вельмі свабодны чалавек )
  10. У дзяцінстве лісты Пашу пісаў Чабурашка, а Паша — пісаў яму лісты ў адказ. Асабліва, калі ў нечым правініўся ці не зрабіў хатнюю працу. Насамрэч, вядома, ролю Чабурашкі выконвала мама Паўла, але, згадзіцеся, не кожнаму з вас пісаў сам Чабурашка!

Вельмі чакаем на волі, — піша Зміцер Панкевец.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:44)