У Баўгарыі захварэлі гомельскія дзеці

На баўгарскім курорце Кітэн захварэла сама меней 30 гомельскіх дзяцей. Яны скардзяцца на болі ў жываце, расстройства жывата, шмат каго моцна ванітуе.

Трывогу ўзьнялі бацькі рэчыцкіх школьнікаў, якія выехалі на адпачынак у баўгарскі Кітэн 29 чэрвеня. Гаворыць жыхарка Рэчыцы спадарыня Тацяна, у якой у Баўгарыі адпачывае дачка-школьніца: "З дачкою я зьвязвалася напярэдадні, дзесьці а палове на 23 гадзіну. Я практычна яе ня чую, у яе закладзена горла, гнойнае такое. І ваніты. Яна сказала: "Мама, мяне за дзьве гадзіны ванітавала тры разы". Дзеці паваліліся ўсе. Расейскіх некаторых дзяцей забрала хуткая дапамога — іх адвозілі ў шпіталь. Зранку сёньня было вядома, што дзяцей лекары не аглядалі. Прабіцца ў шпіталь немагчыма. Проста кіраўніца нашай групы туды схадзіла, і ёй выдалі якіясьці танныя лекі".

Спадарыня Тацяна кажа, што ў групе адпачывае беларуская жанчына-лекарка, якая і параіла іншыя лекі: "Лекарка сказала, што гэтыя таблеткі піць ня трэба — яны слабыя. Схадзілі ў аптэку, купілі іншыя таблеткі самі".

У іншай жыхаркі Рэчыцы Ірыны ў гатэлі "Грын Парк" баўгарскага курорту Кітэн, дзе лютуе невядомая пакуль інфэкцыя, адпачываюць 16-гадовы сын і 9-гадовая дачка: "Сын патэлефанаваў паўгадзіны таму, сказаў, што дачка заснула. Яна да абеду ляжала, я гутарыла з выхавацелькай. Сын не прызнаецца, што яму кепска. Але ў іх дзеці ляжаць — яны не выходзяць на вуліцу цэлы дзень. У сталоўку яны не хадзілі есьці — у іх ваніты і панос. І дрыжыкі праймаюць".

Спадарыня Ірына тэлефанавала сёньня ў Менск у Міністэрства замежных спраў, каб з павальным захворваньнем дзяцей у Кітэне дапамагла разабралася беларуская амбасада ў Баўгарыі ці кансулят, бо ў адміністрацыі гатэля "Грын Парк", дзе жывуць дзеці, цяжка атрымаць нейкую ўцямную інфармацыю.

Ад бацькоў пра масавае захворваньне дзяцей даведаўся і гомельскі турапэратар "Мэркурый", які афармляў дзецям пуцёўкі ў Баўгарыю.

Нам удалося зьвязацца праз тэлефон з адказнай за групу рэчыцкіх дзяцей Ірынай Чараднік. Яна паведаміла, што з 40 дарослых і дзяцей, якія прыехалі ў Кітэн з Гомельскай вобласьці, захварэлі 30 чалавек: "Ваніты ў іх, панос, тэмпэратура, болі ў жываце. Мы гэта зьвязваем з водаправоднай вадою, бо яна была з моцным пахам — нейкім газам сьмярдзела, ці, магчыма, туды каналізацыйныя сьцёкі трапілі. Яны ж ежу гатуюць на гэтай вадзе, дзеці рукі мыюць, мыюцца гэтай вадою, і яна была вельмі сьмярдзючая. Учора толькі была санстанцыя і ўчора бралі мазкі ў дзяцей. Мы ня ведаем, якая гэта інфэкцыя і як яна перадаецца".

Спадарыня Чараднік кажа, што й сама яна таксама чуецца кепска. Ля гатэлю "Грын Парк" пачалі зьбірацца баўгарскія тэлеапэратары, бо тут адпачываюць таксама і баўгары, і расейцы, і ўкраінцы. Кіраўніцтву гомельскай групы тэлефанавалі ўжо зь беларускай амбасады ў Сафіі, пыталіся тэлефон дырэктара гатэлю.

Гомельскія бацькі моцна трывожацца за здароўе дзяцей яшчэ й таму, што праз тры дні іх чакае зваротная дарога дадому — паўтара сутак на аўтобусе. У дарозе дзецям няма каму дапамагаць, калі належнай мэдычнай дапамогі яны не атрымаюць па страхоўцы на баўгарскім курорце.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)