У бабруйскай калоніі ў жніўні 2020-га бунтавалі зняволеныя. Іх пакаралі ўзмацненнем рэжыму

У рэдакцыю Новага Часу звярнуўся чалавек, які быў сведкам непадпарадкавання вязняў адміністрацыі бабруйскай калоніі №2 з 12 па 15 жніўня 2020 года.

– У кожным гаварыў беларус, i ў кожнага балела душа за краiну, — сцвярджае суразмоўца, які ў мэтах бяспекі пажадаў застацца ананімным.

«Новы Час» правёў фактчэкінг і высветліў, што ў жніўні 2020 году ў гэтай калоніі цягам некалькіх дзён сапраўды адбываліся хваляванні зняволеных, пасля чаго «бунтаўшчыкоў» пакаралі ўзмацненнем рэжыма.

Паводле інфармацыі крыніцы, з 12 па 15 жнiўня вязні ў калоніі не выконвалi каманду «адбой» тры ночы запар на знак пратэсту. «Там б'юць нашых родных і блізкіх», — гэтай фразай зняволеныя даводзiлi адмiнiстрацыi, чаму яны выйшлi з баракаў пасля 22-ой гадзiны.

Нiхто не чакаў, што ў бабруйскай калонii можа здарыцца такое непадпарадкаванне. Паводле нашага суразмоўцы, на працягу ўсiх трох дзён бунту адмiнiстрацыя калонii была амаль у поуным складзе ў зоне. Таксама там знаходзiлiся першыя намеснікі начальнікаў Дэпартамента выканання пакаранняў па Магiлёускай і Мінскай абласцях.

Кожны дзень зняволеным пагражалi расправай, казалi, што яны могуць забыць пра ўмоўна-датэрміновае вызваленне і замены, але калi спыняцца цяпер, абяцалі ўсё забыць.

Спынiлiся вязні на трэцi дзень. Тады ў калонію прывезлi бацькоў асуджаных, i тыя сталi казаць што цяпер усё добра, нiкога не б'юць, хутка ўсё вырашыцца, трэба толькi чакаць. Пра тое, што ў калоніі сапраўды быў бунт, і пасля яго туды выклікалі бацькоў зняволеных, «Новаму Часу» пацвердзілі і іншыя крыніцы.

Па словах інфарманта, адмiнiстрацыя калонii дала распiскi, што нiхто не будзе адказваць за гэтыя тры днi непадпарадкаванняў, не будуць шукаць вiнаватых, але гэта была хлусня. Па факце адміністрацыя вывезла з калонii не менш за 10 чалавек, якiм змянiлi рэжым на строгі, павялiчылi тэрміны, «павесiлi» прафулік па «экстрэмізме», зрабiлi «злоснiкамi». Не менш «экстрэмiстаў» засталося і ў калонii. Імёны некаторых з тых, хто трапіў пад ціск, ёсць у рэдакцыі.

Паводле крыніцы, адмiнiстрацыя калоніі насамрэч не шукала арганiзатараў бунту, яна iх «прызначала» сама. Гэта людзі, якія не баяліся выказваць сваё меркаванне. Усе яны асуджаныя па «наркатычным» 328 артыкуле, не маюць статуса палітвязняў, але ўжо ў зняволенні яны трапілі пад рэпрэсіі з боку рэжыма.

– Тыя, хто лiчыцца ў калонii «перасiдкамi», або «старымi сядзельцамi», казалi: колькi сяджу, нiколi такога не бачыў. Тут i блатныя былi, а прывезлi наркаманаў, i яны ўсю зону паднялi. І гэта не быў чый-небудзь адзiны план. У кожным гаварыў беларус, i ў кожнага балела душа за краiну, — адзначае наша крыніца.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3 (оценок:12)