Тышкевіч: «Амністыя – гэта проста прахадны перыяд, які не мае ніякай канчатковай мэты»

Эксперт Украінскага Інстытута будучыні – пра магчымую хвалю амністыі палітзняволеных у Беларусі.

– Па-першае, тыя, хто больш разумны, ужо зразумелі, што перагінаць палку не трэба і што палітыка нарэшце будзе змяняцца. А, па-другое, гэта сігнал для Захада, – разважае на сваім ютуб-канале аналітык Ігар Тышкевіч. – Вельмі доўга падавалася, што пытанне палітычных вязняў актуальнае.

А зараз вось-вось скончыцца суд па Аўтуховічу, скончыўся рэзанансны працэс па Федуце, Костусеву і Зяньковічу, таму на гэтым фоне патрэбна даваць адваротны сігнал. Прычым гэты сігнал ад афіцыйнага Мінска будзе давацца з пазіцыі моцнага. Сігнал, як для грамадства, так і для знешніх назіральнікаў.

На думку Тышкевіча для апошніх гэты сігнал будзе своеасаблівым запрашэннем да дыялогу, якое тым не менш будзе, хутчэй за ўсё, суправаджацца абвастрэннем рыторыкі, бо «афіцыйнаму Мінску трэба паказаць, што яны будуць размаўляць з пазіцыі моцнага».

– Да таго ж, – кажа ён, – такі дыялог зусім не азначае, што ягоны эфект будзе хуткім.

Аналітык працягвае:

– Яшчэ адзін ключавы момант – гэта тычыцца колькасці (палітвязняў – С.) і знакавых фігур сярод іх. Паколькі працэс зацягнуўся, не варта разлічваць, што выйдуць масава амаль усе асуджаныя і ў тым ліку ключавыя фігуры.

Калі ў атачэнні Лукашэнкі людзі разумныя, то некалькі такіх фігур яны амністуюць. Калі ж розума бракуе, а думаць пра такое ёсць падставы, то са знакавых статусных палітзняволеных выпусцяць не больш за адну асобу.

Астатнія – гэта тыя, хто атрымаў да 4-5 год і палову тэрміна ўжо адсядзелі і маглі ўжо падавацца на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Адпаведна частку з гэтых людзей будуць выпускаць.

А калі браць палітычныя артыкулы, – адзначае Тышкевіч, – па якіх беларускія праваабаронцы прызнаюць наяўнасць каля 1200 палітвязняў, але рэальна сядзіць каля 2-3 тысяч, то можна разлічваць на тое, што выйдзе недзе ў межах 500 чалавек.

Сярод іх, натуральна, будуць журналісты, дваровыя актывісты і іншыя, але яшчэ раз, гэта далёка не ўсе, – нагадвае эксперт.

Па яго словах, паміж першай хваляй амністыі і другой, хутчэй за ўсе будзе паўза.

– Яна называецца «гандаль галавамі», што ёсць звыклым механізмам афіцыйнага Мінска, бо ў меншых памерах гандлявалі галавамі і раней.

Акрамя гэтага Ігар Тышкевіч таксама падкрэслівае, што такія амністыі

– гэта не ёсць дэмакратыя:

– Спроба спрасціць грамадства і выціснуць нейкім чынам усіх незадаволеных ды загнацца ў фармат БССР 1980-х, дзе ёсць калгаснікі, якія слухаюць, а на ўсіх астатніх пляваць – гэта ўжо не атрымаецца. То бок паспрабавалі ды ўбачылі, што з гэтага плёну не будзе.

Гэта азначае, што ідэя прымітывізацыі грамадства і падгонкі яго пад архаічную сістэму не спрацавала. А алгарытма, якім чынам змяняцца і змяняць фармат працы не будучыню ў атачэнні Лукашэнкі пакуль што няма.

Амністыя – гэта проста адзін з механізмаў, але ён не мае ніякай канчатковай мэты, гэта проста прахадны перыяд, а далей ужо будуць думаць і вырашаць, што рабіць.

Да таго ж, на думку Тышкевіча, амністыя, хутчэй за ўсё, закране тых, хто пад артыкулам, але супрацоўнічае з рэжымам для таго, каб яны пачалі працаваць у палітычным полі без судзімасці.

– Напрыклад, здымаем судзімасць, а ты стварай партыю і ідзі ў парламент. На гэтых людзей таксама варта звяртаць увагу, таму што з імі будуць працаваць.

А спроба казаць пра тых, хто пойдзе ў публічную палітыку ў такім фармаце, што яны здраднікі справы дэмакратыі, я б таксама не браўся. Бо дзеля гэтага трэба ведаць сітуацыю кожнай асобнай асобы, адсочваць працэсы і рэагаваць на іх.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.8(4)