Лица

«Тузін. Перазагрузка». Пукст.

У межах праекту «Тузін. Перазагрузка» інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў» і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» бярэ ўдзел самы экстравагантны беларускі музыка Сяргей Пукст, вядомы сваімі панк-джаз экспэрымэнтамі. Ён упершыню ў сваім жыцьці засьпявае па-беларуску сваю песьню “Просто сталь”, якую перакладзе Андрэй Хадановіч.

“Пукст – гэта бог, але ведае пра гэта пакуль вузкае кола людзей”, — гэтак пра ўдзельніка праекту “Перазагрузка” выказаўся паэт Андрэй Хадановіч. Сяргея Пукста называюць самым адукаваным беларускім музыкам. Ён скончыў музычную школу пры беларускай кансэрваторыі, мастацкую вучэльню, лінгвістычны ўнівэрсітэт, вучыўся па клясу вакала ў Акадэміі мастацтваў… Але пайшоў ён зусім не ў рэчышчы клясічнай музыкі. На пачатку 90-х Пукст далучыўся да панк-гурта “Король пчёл” і ўзяўся за распрацоўку ўласнай творчай канцэпцыі. У 1997-м зьявіўся ягоны першы альбом “Сны”, тады ўпершыню загаварылі пра “нігілістычны джаз” ад Пукста. Потым ён стварыў уласную каманду – Pukstband, перад якой была пастаўлена задача “выконваць ідэальна адпрацаваную імправізацыю”. Наступны альбом Пукста – Strange Glamour быў названы найлепшым беларускім дыскам 2004 году па вэрсіі “Белорусской газеты”. Вельмі цёпла віталі і яго наступную працу – Pukstjazz (2004), пасьля якой выканаўца вырашыў перапыніць свае панк-джазавыя экспэрымэнты: “Ад джазавых выступаў я пакуль устрымаюся – гэта занадта вялікі выкід энергіі”, — патлумачыў тады ён.

Цяпер Пукст рыхтуе новы альбом, які хоча запісаць на аўдыёкасэту. Толькі што ён рэалізаваў творчы праект пад назвай “Хор мастакоў”. Паводле задумы гэтай відэаінсталяцыі, 60 беларускіх мастакоў сьпявалі пра розныя фізічныя тэорыі. Пукст якраз напісаў музыку і словы для гэтага дзіўнага хору. Прычым на беларускай мове, хоць сам выканаўца прызнаецца, што на сваёй мове ніколі яшчэ не сьпяваў. “Разумею, што гэта няправільна, бо каб быць сапраўды сумленным, трэ сьпяваць па-свойму, — кажа сьпявак. – Мілагучнасьць беларускай мовы недастаткова скарыстана, яна калі і гучыць, то ў няправільнай музыцы”.

На беларускай загучыць песьня Пукста “Просто сталь”. За яе пераасэнсаваньне возьмецца якраз Андрэй Хадановіч.

Наступны ўдзельнік “Перазагрузкі” будзе прадстаўлены 12 чэрвеня.

Даведка: У праекце «Тузін. Перазагрузка» інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў» і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» бяруць удзел 12 самых цікавых айчынных небеларускамоўных выканаўцаў розных стыляў, якіх лучыць арыгінальнасьць матэрыялу, прафэсыйнасьць у музычным падыходзе і жаданьне эксперымэнтаваць. Кожны зь іх перазапіша адзін з сваіх гітоў у беларускамоўным варыянце, выкананым прафэсыйным перакладчыкам. Усе песьні будуць прэзэнтаваныя на старонках music.fromby.net і budzma.org

Інфармацыйныя партнэры акцыі “ТУЗІН. ПЕРАЗАГРУЗКА”:

Інтэрнэт-партал TUT.BY

Першая прафэсыйная радыёстанцыя байнэту – Netradio.by

Першая беларуская газэта – «Наша Ніва»

Першая беларуская транспамежная FM-станцыя – Радыё Рацыя www.racyja.com (98,1 FM у Гародні і Беластоку)

Праграма «Proдвижение» (штонядзелю апоўначы, штосераду апоўдні на тэлеканале “Лад”)

Праграма “Новая зямля” (шточацьвер а 23-ай гадзіне на Радыё Unistar www.unistar.by (99,5 FM у Менску, 102,3 FM у Берасьце).

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)