История

Язэп Вараніцкі, Будзьма

Тры гісторыі кахання вядомых паўстанцаў

Будзьма распавядае гісторыі кахання Тадэвуша Касцюшкі і Людвікі Сасноўскай, Зыгмунта Серакоўскага і Апалоніі Далеўскай ды Кастуся Каліноўскага і Марыі Ямант.

Тадэвуш Касцюшка і Людвіка Сасноўская

Гісторыя кахання Тадэвуша Касцюшкі і Людвікі Сасноўскай, паводле шматлікіх біёграфаў, стала лёсавырашальнай для будучага паўстанцкага генерала. Каб перажыць тое, што ягоную каханую аддалі замуж за іншага, ды немагчымасць асабістага сямейнага шчасця, ён з вялікім імпэтам кінуўся ў вір сусветных гістарычных падзеяў: паўплываў на гісторыю ЗША, Францыі ды сваёй Айчыны, распачаўшы паўстанне за адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1774 года.

Тадэвуш Касцюшка і Людвіка Сасноўская

Каханая Тадэвуша Касцюшкі Людвіка Сасноўская была дачкой сенатара і расійскага агента Юзафа Сасноўскага. Маёнтак Касцюшкаў Сяхновічы знаходзіўся па суседстве з сенатарскім, ды Юзаф Сасноўскі па-суседску спрыяў маладому Тадэвушу, напрыклад з уладкаваннем 19-гадовага Тадэвуша Касцюшкі ў элітную вучэльню — Варшаўскі кадэцкі корпус, што рыхтаваў вайсковых інжынераў.

Пасля вяртання Касцюшкі з Францыі ў 1773 годзе, дзе ён па стыпендыі вывучаў мастацтва, Юзаф Сасноўскі прапанаваў яму працу хатнім настаўнікам для сваіх дачок: Кацярыны і Людвікі.

Юзаф Сасноўскі, бацька Людвікі Сасноўскай

Людвіка Сасноўская і Тадэвуш Касцюшка закахаліся адно ў аднога, але бацька Людвікі быў супраць уладкавання іх асабістага шчасця: у 1775 годзе ён дзякуючы расійскаму спрыянню атрымаў пасаду гетмана польнага і не жадаў, каб дачка пабралася шлюбам з незаможным шляхцічам. Паводле некаторых звестак, закаханыя спрабавалі ўцячы, але былі выкрыты Юзафам Сасноўскім.

Юзаф Любамірскі, муж Людвікі Сасноўскай

Пазней, падчас гульні ў карты з князем Юзафам Любамірскім, бацька Людвікі дамовіўся выдаць яе замуж за яго ў дадатак да прайгранага маёнтка. Закаханым нават не дазволілі развітацца. Увосень 1775 года бацькі вывезлі Людвіку разам з сястрой у іншы маёнтак.

Захаваліся пазнейшыя лісты ад Людвікі, ужо Любамірскай, да Касцюшкі, якія яна дасылала яму ўжо за акіян, калі той з’ехаў у ЗША. У лістах Людвіка ўзгадвае значную для іх дату 21 траўня, іх альтанку ў парку бацькоўскага маёнтка, добраўпарадкаваннем якога займаўся Касцюшка.

Партрэт Людвікі Сасноўскай, 1775 год

Сасноўская не даравала бацькам расстання з каханым да канца жыцця. І для Касцюшкі гэтая трагічная гісторыя стала вырашальнай — ён з адчаю завербаваўся ў армію ЗША, дзе ў якасці вайсковага інжынера займаўся будаўніцтвам фартыфікацыйных умацаванняў, пасля атрымаў чын брыгаднага генерала. Так з-за трагедыі ў асабістым жыцці пачаўся далейшы гераічны шлях ганаровага грамадзяніна Францыі, ЗША і будучага паўстанцкага генерала, які ў 1794 годзе ўзначаліў змаганне за адраджэнне Рэчы Паспалітай.

Помнік Тадэвушу Касцюшку ў Вашынгтоне Фота: nps.gov

Зыгмунт Серакоўскі і Апалонія Далеўская

У наступнай гісторыі ў закаханых атрымалася пабрацца шлюбам, але праз трагічную паразу паўстання 1863-1864 гг. іх шчасце працягвалася зусім нядоўга. Размова пра аднога з кіраўнікоў Студзеньскага паўстання Зыгмунта Серакоўскага і ягоную абранніцу, якую ў свой час называлі «першай прыгажуняй на Літве» Апалонію з Далеўскіх. Калі ў 2017 годзе на гары Гедыміна былі знойдзены парэшткі паўстанцаў, Зыгмунта Серакоўскага ідэнтыфікавалі акурат па заручальным пярсцёнку, на якім была гравіроўка «Зыгмунт і Апалонія, 11 жніўня / 30 ліпеня 1862».

Заручальны пярсцёнак Серакоўскага. Фота: delfi.lt

Вяселле Зыгмунта і Апалоніі называлі «Апошняй мазуркай у Літве», бо шлюб адбыўся у Кейданах, што цяпер на тэрыторыі Літвы, у касцёле Св. Юзафа 30 ліпеня 1862 года, за некалькі месяцаў да выбуху Студзеньскага паўстання. Тады край знаходзіўся ў ваенным становішчы і масавыя мерапрыемствы былі забаронены. На вяселлі прысутнічалі сябры і паплечнікі закаханых, сярод іх быў і Кастусь Каліноўскі.

Зыгмунт Серакоўскі і Апалонія Далеўская
Касцёл Святога Юзафа, Кейданы

Але шчасце маладых было нядоўгім. Зыгмунт Серакоўскі пасля таго, як далучыўся да паўстання, быў арыштаваны і пакараны праз павешанне на Лукішскім пляцы ў Вільні, а Апалонію саслалі ўглыб Расійскай імперыі. Апалонія была цяжарная, але праз выпрабаванні і складаныя ўмовы ў высылцы іх з Зыгмунтам дачка, якую яна назвала ў гонар каханага Зыгмундай, нарадзілася хворай на эпілепсію ды неўзабаве памерла.

Лукішская плошча, 1865-1866 гг. Фота: wikimedia.org

З апошняга ліста Зыгмунта Серакоўскага да Апалоніі:

«Анэлі мая! Даведаўся ўчора, што жыць і быць вольным магу пад адной умовай — выдачы асоб, якія кіруюць рухам. Не ведаю нікога, але гнеўна адказаў, што калі б і ведаў, дык і тады не сказаў бы. Дадзена мне зразумець, што падпісаў свой смяротны прысуд. Калі трэба памерці — памру чыстым і незаплямленым.

Скажы ж ты, Анэлі, хіба я мог адказаць інакш? Я цябе кахаць буду, буду лунаць над табой і нашым немаўлём, а потым ізноў сустрэнуся з табой у тым, іншым свеце.

Лічы, што ў панядзелак я буду мёртвы».

Апалонія не толькі была жонкай Зыгмунта Серакоўскага, але таксама ўдзельнічала ў паўстанні, як і яе сям’я. Сама Апалонія была кур’еркай у паўстанцаў, сястра Апалоніі Юлія з мужам Міхалам Беркманам дзейнічалі на Ковеншчыне, а Ксаверыя была сакратаром Франца Далеўскага.

Брат Апалоніі Франц быў прыхільнікам «белага» лагера паўстанцкага руху, а браты Канстанцін і Цітус прытрымліваліся больш радыкальных поглядаў на змаганне і належалі да «чырвоных». Цітус Далеўскі пабраўся шлюбам з Аленай Ямант, адной з сясцёр нарачонай Кастуся Каліноўскага Марыі Ямант, уся сям’я якой таксама далучылася да паўстання.

Цітус Далеўскі і Алена Ямант

З ліста Цітуса Далеўскага да Алены Ямант, напісанага незадоўга да пакарання смерцю на Лукішскім пляцы ў Вільні 30 снежня 1863-га:

«У жыцці маім я не адчуў шчасця. Дзяліў з маёй сям’ёй яе вялікую нядолю і ўсе маральныя пакуты. Любіў Радзіму, і цяпер мне радасна аддаць за яе жыццё. Пакідаю маю сям’ю на апеку майго народа, бо з нас, братоў, ніхто не застанецца жывым...

Праз тры дні свята Божага Нараджэння. Прашу цябе разламаць аплатку ў маё імя. Буду з Вамі думкамі, пачуццямі і душою. Маткі і Ты, блаславіце мяне на смерць».

Кастусь Каліноўскі і Марыя Ямант

Марыя Ямант паходзіла з вядомай у Вільні сям’і, усе чальцы якой далучыліся да паўстання. Таму гісторыя іх кахання, таксама як і папярэдняя, найперш гісторыя самаахвярнасці.

Пазнаёміліся Кастусь і Марыя на пачатку 1961 года, калі Каліноўскаму было 23 гады, а Марыі 19, у доме Ямантаў у Вільні. Кастусь толькі скончыў універсітэт у Пецярбургу і быў апантаны ідэяй вызвалення краю. Ягоныя погляды на гісторыю, імкненне да справядлівасці, шырыня поглядаў вельмі імпанавалі Марыі. Марыя Ямант таксама ведала замежныя мовы, цікавілася гісторыяй, шмат чытала. Яна скончыла прыватны пансіён, дзе выкладаў прафесар Віленскага шляхецкага інстытута Аляксандр Здановіч, сын якога Ігнат быў паплечнікам Кастуся Каліноўскага.

Кастусь Каліноўскі і Марыя Ямант

Сімпатыя між Кастусём і Марыяй узнікла вельмі хутка: сябры сцвярджалі, што гэта было каханне з першага позірку. Кастусь і Марыя мелі блізкія каштоўнасці, погляды на гісторыю і былі гатовыя прысвяціць жыццё вызваленню краю. Таму і не хавалі сваіх пачуццяў, бо разумелі, што часу разам маюць зусім не шмат.

Кастусь не меў магчымасці падоўгу гасцяваць у Ямантаў, шмат раз’язджаў, збіраючы рэсурсы для будучага паўстання. Ён зрабіў прапанову Марыі, вярнуўшыся ў Вільню пасля вяселля Зыгмунта Серакоўскага і Апалоніі Далеўскай у Кейданах, на якім прысутнічаў са сваімі шматлікімі паплечнікамі. Але вяселле Марылі і Кастуся так і не адбылося, спачатку было адкладзена на некалькі месяцаў, а пасля сталася немагчымым, бо выбухнула паўстанне.

Пахаванні Ямантаў на могілках Росы ў Вільні
Людвіка Ямант, сястра Марыі і Алены Ямант

Пасля пачатку паўстання Марыя і яе сястра Людвіка Ямант, у шлюбе Радзевіч, уваходзілі ў віленскі нелегальны жаночы камітэт салідарнасці. Камітэт захоўваў і пашыраў нелегальную літаратуру, дапамагаў сем’ям паўстанцаў, клапаціўся пра вязняў. Удзельніцы збіралі ахвяраванні, разносілі пошту, усялякімі шляхамі перадавалі ў турэмныя камеры лісты, прадукты, свежую бялізну.

Сям’я Ямантаў у ссылцы. Паміж бацькамі стаяць Марыя (злева) і Алена Фота: wikimedia.org

Дзякуючы Людвіцы Ямант і запісаным ёй успамінам пра паўстанне «Горсць успамінаў пра 63-ці год» мы сёння ведаем імёны да гэтага невядомых паплечнікаў Каліноўскага, а таксама аб тым факце, што Кастусь і Марыя былі заручаны.

Дамініканскія муры, вязніца Кастуся Каліноўскага. Фота: budzma.org

Кастусь і Марыя былі зняволены ў вязніцы ў студзені 1864-га. Іх камеры былі насупраць адна адной, з дапамогай цёткі Марыі Ядвігі Макрыцкай закаханыя нават маглі ліставацца.

Каб атрымаць магчымасць напісаць апошнія лісты, Каліноўскі скарыстаўся тым, што адмовіўся даваць вусныя паказанні ды папрасіў паперу і пісьмовыя прылады для напісання сведчанняў пра паўстанцкі рух на тэрыторыі Літвы і Беларусі. Але замест гэтага напісаў як мінімум 5 вядомых на сёння лістоў, адрасаваных Марысі, якую называў «годнай дачкою Літвы».

З ліста, напісанага Каліноўскім Марыі Ямант за 12 дзён да смерці:

«Дарагая Марылька.

На парозе смерці лёс мне падказвае пісаць да цябе. Пякельная рэчаіснасць, тым больш пасля тых надзеяў, якія луналі ў нашых юнацкіх сэрцах, поўных узаемнай любові. Падпарадкоўваючыся, аднак, сіле абставінаў, прымі са светлым тварам хоць і з параненым сэрцам лёс, які выпаў на тваю долю.

Час гоіць раны, а ўспамін мінулых момантаў, калі нараджаецца смутак у тваёй душы, няхай аднак не атручвае твайго жыцця. Жыццё тваё не табе належыць, яно дадзенае табе, каб ты ў кожную хвіліну несла дабро і праўду. Узнагарода за працу не на гэтым свеце людзей напаткае. Калі годна выканаеш мэту жыцця — сустрэнемся на небе.

Твой і за магілаю (хоць, можа быць, я і не буду яе мець), Канстанцін».

Калі 22 сакавіка 1864 года над Каліноўскім здзяйснялі смяротны прысуд на Лукішскім пляцы ў Вільні, Марыя ўсё яшчэ была ў турме. Праз некаторы час яе разам з усімі роднымі выслалі ў Табольск. Увесь гэты тэрмін яна насіла жалобу па каханым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(7)