Политика
Юлія Аляксандрава

Сяржук Серабро: «Мяне хвалююць не прычыны ператруса, а тое, што ён быў зроблены незаконна»

Падчас хатняга вобыску, які праходзіў у адсутнасці жыхароў кватэры, міліцыя канфіскавала кампутары і фотаапарат, пакінуўшы «прывітанне» ў выглядзе паперы з опісам. «Мяне хвалююць не прычыны ператруса, а тое, што ён быў зроблены незаконна», – распавёў «Салідарнасці» Сяржук Серабро.

Вобыск праводзілі 4 супрацоўнікі міліцыі, старэйшым з якіх быў палкоўнік Аўчыннікаў, – кажа рэдактар інтэрнэт- газеты «Народныя навіны Віцебска». – Забраныя два кампутары, маленькі лічбавы фотаапарат, чатыры асобныя вінчэсцеры і яшчэ некаторыя дробязі.

Вобыск праходзіў у адсутнасці журналіста і яго жонкі. Каб трапіць у кватэру, міліцыя звярнулася да гаспадыні кватэры, якую здымае сям’я, а ў якасці панятых выступалі некалькі суседзяў.

– Калі я прыехаў, гаспадыня кватэры перадала мне паперу з опісам забраных рэчаў, дзе было напісана, што вобыск праводзіўся «згодна з пастанаўленнем ад 13.01.2010”, але прычыны вобыску не былі пазначаныя, – дадае Сяржук Серабро.

Журналіст кажа, што міліцыя спрабуе ўстанавіць яго сувязь з Сяржуком Каваленка. Раніцой 13 студзеня следчая УУС Віцебскага аблвыканкама па тэлефоне запрашала журналіста прыйсці паразмаўляць з нагоды таго, што менавіта каля той елкі, дзе 7 студзеня быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг, Серабро затрымлівала міліцыя. Без афіцыйнай позвы журналіст вырашыў не ісці на гэтую размову. Магчыма, вобыск у кватэры Сержука Серабро звязаны з гэтымі следчымі дзеяннямі.

Зараз рэпарцёр збіраецца падаваць скаргу ў пракуратуру з нагоды таго, што маёмасць забіралі ў яго адсутнасці:

– Я не хвалююся, чаму гэта было зроблена. Мяне непакоіць тое, што адбылося гэта незаконна і зараз я пазбаўлены пэўнай магчымасці працаваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)