Общество

Яна Сакалова

Сяргей Будкін пра чысткі ва ўстановах культуры: «Гэта ўсё кафкіянства, оруэлаўшчына, якая разгортваецца да нечуваных маштабаў»

Кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін — пра тое, да чаго прывядуць масавыя звальненні ў дзяржаўных музеях, тэатрах, галерэях.

Паводле Будкіна, прыходзіць шмат паведамленняў з Мінска і рэгіёнаў пра масавыя звальненні, якія адбываюцца і плануюцца ва ўстановах культуры.

— Масштаб вялікі, — адзначае Сяргей Будкін у інтэрв’ю «Салідарнасці». —Людзі напужаныя, публічна не гатовыя паведамляць. Спадзяюцца некаторыя, што пранясе. На месцах засталася публіка альбо асцярожная, ці зусім вузкія спецыялісты, улюбёныя ў сваю справу.

Катэгорыя самых гарачых і актыўных была вычышчаная яшчэ год таму, а іншых, больш асцярожных, зараз вычышчаюць. Дойдзе да таго, што застануцца вахцёры і заўгасы.

Была сітуацыя ў адным з музеяў, калі дырэкцыя папрасіла адну супрацоўніцу, паставіла перад выбарам: альбо мы цябе звальняем, альбо ты нам прыносіш доказы ў адносінах да пяці чалавек, што іх трэба звольніць. Гэты чалавек адмовіўся гэта рабіць. Думаю, што некаторыя маглі і пагадзіцца. Атмасфера страху, спрыяння даносам — гэта ўсё, канечне, пужае.

— Па якіх прыкметах вылучаюць тых, каго трэба звольніць? Аватаркі БЧБ, публікацыі ў сацсетках ці гэта людзі, якія падпісаліся за Ціханоўскую ці Бабарыку ў перыяд выбарчай кампаніі?

— Так, гэта працэс пачаўся крыху раней. Месяц ці два таму было апублікавана пакаяльнае відэа радыёвядоўцы. Асобныя кропкавыя рэчы можна было назіраць. Людзі сутыкнуліся з нейкім шантажом, сталі адмаўляцца ад сваіх словаў, сказаных год таму, пачалі падчышчаць свае сеткі.

Відавочна, было ўказанне, каб нейкая аналітычная праца была праведзеная. Адпрацоўваюцца спісы тых, хто падпісваўся і ўваходзіў у ініцыятыўныя групы незалежных кандыдатаў. Плюс маніторынг сацсетак канкрэтных супрацоўнікаў. Дырэкцыі ўстаноў культуры павінны вылічваць сваіх жа людзей, збіраць на іх кампраматы, прадастаўляць у КДБ. Пакуль папярэдне схема выглядае такім чынам. Гэта двайны кантроль: і ў самім калектыве, і звонку, чым займаюцца ідэолагі, сілавікі.

— Да якіх наступстваў гэтыя зачысткі прывядуць, на вашу думку?

— Падавалася, усё разгромлена, але заставаліся на месцах людзі, якія выконвалі працу, якую ніхто замест іх не зробіць, і тыя, хто верыў, што ён будзе карысным на месцы.

Зараз усё разгромлена катэгарычна, і гэта чарговы прыклад падпілоўвання сука, на якім сядзіць рэжым. Ён сябе пазбаўляе глебы, з якой можа нешта прарастаць. Разгром музеяў, галерэй. Да гэтага быў разгром тэатральнай сферы. Гэта забарона на творчасць, рэфлексію і ў прынцыпе на культуру.

— Якія планы ў людзей, якія цяпер патрапілі пад рэпрэсіі?

— Разгубленасць і страх. Яны нават не могуць казаць публічна пра гэта, баяцца. Натуральна, судзіць іх за гэта цяжка, заклікаць да нейкіх актыўных дзеянняў таксама глупа і дзіўна ў такіх абставінах.

Тое, чым мы спрабуем займацца, — уладкаванне ў іншых краінах ці перакваліфікацыя, ці праектная падтрымка — у некаторых сферах складана зрабіць, калі гэта музейны спецыяліст. Зараз мы збіраем інфармацыю, хочам запусціць анкетаванне, каб дакладна прааналізаваць маштабы таго, што адбываецца.

— Можа быць, гэта план уладаў — каб засталіся адны «ябацькі» ва ўстановах культуры? Наколькі ён рэалістычны?

— Гэта ўсё кафкіянства, оруэлаўшчына, якая разгортваецца да нейкіх нечуваных маштабаў. Мне здаецца, мы жывем у дзічэйшым фільме ў жанры антыутопіі. Вынішчаюцца спачатку самыя актыўныя, потым тыя, хто нешта сабе думаў. Потым будуць вынішчаць тых, хто проста ўмее будаваць словы ў сказы? Не ведаю. Ідзе здыманне слаёў грамадства. Гэта прывядзе да выраджэння нацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(28)