Лица

Медыяменеджэр Кірыл Валошын пачаў выкладаць у Вільні сацыяльныя танцы

«Танец дастае цябе са змрочных думак». Беларусы пераехалі ў Вільню і вучаць сацыяльным танцам, піша Свабода.

Сузаснавальнік T*T.BY Кірыл Валошын разам з прафэсійнай танцоркай і псыхолягам Валянцінай Чудук пачалі выкладаць у Вільні сацыяльныя танцы. Пара расказала пра танец, які могуць танцаваць усе, і як заняткі дапамагаюць вызваліцца ад дрэнных думак.

Ідэя выкладаць танцы зьявілася даўно і пара шукала магчымасьці рэалізаваць яе ў Вільні, кажа Валянціна Чудук.

«Пакінуўшы дом, хочацца знаходзіць нейкія вельмі зразумелыя, звыклыя апоры, якія цябе грэюць і падтрымліваюць. Гэта тая дзейнасьць, якая прыносіла шмат задавальненьня там, у Беларусі, нам было добра. І тут мы па гэтым знудзіліся».

Кірыл Валошын тлумачыць, што танцы дапамагаюць пераключыць увагу з дрэннага, што цяпер важна.

«Мы шмат сумуем і злуемся цягам дня. У тых лістах, якія шлюць калегі з T*T.BY, сваякі перадаюць, яны пішуць, што ім хацелася б, каб людзі на волі шанавалі кожны дзень. Ты разумееш, як важна быць з блізкімі, мець зносіны, абменьвацца эмоцыямі і ўражаньнямі. Палітвязьню ў нейкім сэнсе лягчэй разумець, што яго родныя не адчуваюць нястачы; перажываюць, але не пакутуюць, што жыцьцё працягваецца. Падчас танца ты адцягваесься ад кепскага, табе ўсьміхаецца партнэрка, якую ты ўпершыню бачыш, у цябе нешта атрымліваецца. Ня тое, што гэта дае энэргію жыць, але танец дастае цябе са змрочных думак».

«Гараваньне ёсьць, і яно нікуды не падзелася. Гэтага гора шмат. І жыцьцё ёсьць, яно з адценьнем тугі, безвыходнасьці, адчаю, але яно працягваецца. У тым ліку ў танцы. Гараваць, жыць і танцаваць — нармальна. Нават для гора патрэбна энэргія, і яе трэба дзесьці браць», — дадае Валянціна.

Танец, які выкладаюць Кірыл з Валянцінай, называецца West Coast Swing (Свінг Заходняга ўзьбярэжжа).

«Гэта афіцыйны танец штату Каліфорнія з 1988 году. Сама гісторыя яго пачынаецца зь сярэдзіны мінулага стагодзьдзя. Ён вельмі папулярны ў Штатах і за мінулыя 20 гадоў набраў вялікую вядомасьць у Эўропе. Напрыклад, у Брытаніі, Францыі, Гішпаніі, Вугоршчыне, Польшы, Латвіі, Расеі вельмі вялікія супольнасьці, у Беларусі меншая, але вельмі цёплая вэсткостаўская тусоўка», — кажа Валянціна Чудук.

West Coast Swing — сацыяльны танец, бо танцуюць яго парамі, якія мяняюцца партнэрамі між сабой.

«За ўрок або вечарыну можна памяняць шмат партнэраў. І сацыяльны ён яшчэ і таму, што адбываюцца некаторыя зносіны на ўзроўні вядзеньня, як вы чуеце словы, абыгрываеце музыку. І партнэр вядзе, а партнэрка ня проста вядзецца, яна можа адказваць, перахопліваць ініцыятыву», — тлумачыць Кірыл Валошын.

«Гэта вельмі дыялягічны танец, у ім фактычна няма жорсткіх схемаў і ёсьць вельмі шмат імправізацыі. Што гаворыць партнэр і што на гэта адказвае партнэрка — кожны раз шмат варыяцый», — дадае Валянціна.

«Бачу шмат добразычлівасьці і зараду на навучаньне»

Яшчэ адна асаблівасьць West Coast Swing у тым, што не патрабуецца нейкай фізычнай падрыхтоўкі ці музычных ведаў. Танчыць можа кожны — было б жаданьне.

«У ЗША прыходзяць і жанчыны за 70 гадоў. Шмат пажылых людзей. У гэтым танцы не патрэбна адмысловая фізычная форма, напэўна, толькі на хуткі патрэбна нейкая дыхаўка, і то можна пасядзець, крыху адпачыць і працягваць танцаваць», — кажа Кірыл.

Валянціна дадае, што ў Менску такі танец папулярны больш сярод моладзі.

«Людзі ў Вільні быццам крыху больш адкрытыя. Тут сярэдні ўзрост тых, хто прыходзіць, вышэйшы. Пакуль я бачу тут шмат добразычлівасьці і зараду на навучаньне. Можа, і праўда людзі засумавалі адно па адным і руху разам».

«Мяне перапаўняюць эмоцыі! Гэта так выдатна! У пачатку была скаванасьць, але цяпер я вельмі адухоўленая, ажыўленая, вельмі радасна, засталося толькі знайсьці партнэра!» — кажа адна з удзельніц уроку Натальля.

Цяпер танцы праходзяць штопанядзелак увечары ў студыі Linedance, якая месьціцца ў віленскім мікрараёне Паўночны гарадок.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(8)