Политика
Радыё Свабода

Суд аштрафаваў газэту “Витебский курьер” на паўтара мільёна рублёў

Судовы працэс паводле зыску Аляксандра Данілава працягваўся амаль 4 месяцы. Падставай для яго стаў артыкул аднаго са старэйшых віцебскіх журналістаў , які быў надрукаваны ў нумары ад 14 красавіка 2006-га году пад псэўданімам Сьцяпан Старажыл. Аўтар выказаў меркаваньне , што рашэнне гарвыканкама аб адводзе зямельнага ўчастка прадпрымальніку Данілаву для будаўніцтва Цэнтра моладзевага адпачынку было прынятае насуперак закону.

Аляксандр Данілаў запатрабаваў, каб “Витебский курьер” надрукаваў абвяржэньне непраўдзівай, на ягоную думку, інфармацыі, а таксама кампенсацыі за маральны ўрон — 30 мільёнаў рублёў з газэты "Витебский курьер " і 5 мільёнаў з аўтара артыкула.

Суд Кастрычніцкага раёну задаволіў ягоныя патрабаваньні часткова: суддзя Тацяна Жураўкова пастанавіла, што “Витебский курьер” мусіць сплаціць прадпрымальніку за маральны ўрон і шкоду прафесійнай рэпутацыі паўтара мільёна рублёў, і 150 тысяч рублёў за тое самае мусіць сплаціць аўтар артыкула Сяргей Буткевіч. Апрача гэтага, выданьне абавязалі сплаціць судовыя выдаткі, якія складаюць 310 тысяч рублёў, і надрукаваць судовае рашэньне на такой самай старонцы і тым самым шрыфтам, што быў надрукаваны артыкул “Плошча Свабоды для вузкага кола асобаў”.

Рэдактар “Витебского курьера” Уладзімер Базан не выключае, што сваё рашэньне суддзя Тацяна Жураўкова прымала пад пэўным ціскам уладаў, якім недаспадобы апазыцыйны характар недзяржаўнага выданьня.

(Базан:) “Я думаю, што яна не самастойна прымала рашэньне. Хутчэй за ўсё на яе быў ціск, хутчэй за ўсё. Такое маё меркаваньне. Ну, мы будзем падаваць апеляцыю вышэй — у абласны суд і гэтак далей”.

Спадзёвы рэдактара аспрэчыць судовае рашэньне грунтуюцца на тым, што незалежны эксперт Аксана Шчарбакова, якая ёсьць пазаштатным супрацоўнікам Навукова дасьледчага інстытута крыміналістыкі й крыміналёгіі судовых экспертызаў, не знайшла ў газэтным артыкуле абразаў асобы прадпрымальніка Данілава. Шкоду ягонай прафесійнай рэпутацыі і асабістыя абразы ўбачыла ў тэксце Тацяна Пятрашка, супрацоўніца Віцебскага дзяржаўнага універсітэту, якую экспертам-лінгістам прызначыў непасрэдна суд.

Паводле Аляксандра Данілава, ён таксама мае неўзабаве зьвярнуцца ў абласны суд з касацыйнай скаргай, бо мяркуе, што суддзя Тацяна Жураўкова прызначыла “Віцебскаму кур”еру” занадта мяккае пакараньне. Прадпрымальнік спадзяецца спагнаць на ўласную карысьць большыя грошы, чымсьці пастанавіў раённы суд.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)