Стрыжак: якія сігналы будуць сведчыць пра тое, што Беларусь апынулася напярэдадні вайны

Праваабаронца, сузаснавальнік фонда BYSOL Андрэй Стрыжак распавёў «Салідарнасці», да чаго варта рыхтавацца.

– Апошнім часам Лукашэнка рэгулярна папярэджвае беларусаў пра верагоднасць вайны. Сапраўды, справа коціцца ў той бок, ці гэтыя заявы робяцца з палітычных мэтаў, каб паспрабаваць згуртаваць нацыю вакол дыктатара?

– Сітуацыя зараз ускладняецца з кожным днём. Мы бачым, што ўсё больш жорсткай робіцца рыторыка, як Лукашэнкі, так і суседзяў.

Але галоўная праблема – расійскае кіраўніцтва, якое не кіруецца лагічнымі падыходамі. Ім вельмі хочацца аднавіць імперыю ў «гістарычных» межах. Для Пуціна гэта ідэя фікс.

Крэмль эканамічна кантраляваў палову Еўропы праз свае энергетычныя магчымасці, але раптам прыняў рашэнне папрацаваць у фарматах XIX стагоддзя – перасунуць памежныя слупы.

Гэта, натуральна, вельмі моцна ўплывае на тое, як выглядае перспектыва Беларусі. Нашу краіну Пуцін разглядае як плацдарм для рэалізацыі сваіх планаў.

Валоданне Беларуссю – гэта валоданне або абарончай, альбо наступальнай стратэгічнай ініцыятывай.

Выдатная дарожная сетка, чыгунка, медычныя ўстановы, рамонтныя заводы (у тым ліку і авія, і танкавыя) плюс магчымасць вытворчасці прадуктаў харчавання, адзення, усяго астатняга – гэта ўсё вельмі моцны козыр, калі табе трэба рыхтаваць вялікі наступ. Наступаць, напрыклад, з абсалютна дэіндустрыялізаваных і разбітых заходніх абласцей Расіі значна складаней.

З Беларусі Пуцін можа сунуцца і ў бок краінаў Балтыі, і на Польшчу, і навісае над Украінай тысячакіламетровым фронтам.

Калі ж уявіць сабе Беларусь у стане заходняй кааліцыі, то мы адразу бачым іншы расклад сіл. Ад таго ж Віцебска да Масквы па прамой не так і шмат кіламетраў застаецца. Для расіян жа заўсёды стратэгічная і важная задача – мець як мага большую наземную тэрыторыю, якая аддзяляе сталіцу ад межаў краіны. Бо шмат у чым яны ваююць меркамі XIX стагоддзя, таму што некаторыя тэхналогіі и мысленне ў іх на тым узроўні засталіся.

Лукашэнка перайшоў у паўнавартасны статус сатэліта Расіі ў знешняй палітыцы. А ва ўнутранай у яго ёсць задача захоўваць стабільнасць і кіраванасць працэсамі на тэрыторыі Беларусі. Бо, калі мы кажам пра нейкія вайсковыя рашэнні, то, паводле крамлёўскіх стандартаў, тэрыторыя бліжняга тыла дзеючага войска павінна быць зачышчаная ад усіх варожых элементаў.

І гэта адна з прычын, чаму чатыры гады не спыняюцца рэпрэсіі. Ужо няма магчымасці гульняў з адлігамі. У Лукашэнкі задача проста трымаць гэтую тэрыторыю фактычна як акупацыйная адміністрацыя.

– Былі вялікія засцярогі наконт магчымасці ўварвання Расіі ў Польшчу і Літву ўвесну 2022-га. Пасля размовы пра гэта сцішыліся, а зараз узніклі ізноў. Чаму?

– Два гады таму такое ўварванне цалкам магло планавацца, калі б быў поспех ва Украіне. Але яна і заходнія дэмакратыі здолелі даць адпор і баявыя дзеянні збольшага каналізаваць на Данбасе ды блізкіх да яго лакацыях.

Але што мы бачым на 2024-ы? Што хіба заходнія дэмакратыі не да канца разумеюць маштаб таго, што адбываецца, і не гатовыя да канца перабудоўваць свае стратэгіі на ваенны лад. А Расія паспяхова робіць гэта.

Вайсковыя эксперты зараз сыходзяцца на меркаванні: з рэсурсаў, якія Пуцін укладае ў перабудову эканомікі пад вайну, павінны атрымацца вынікі ў выглядзе вайсковай тэхнікі, зброі, усяго астатняга, якія значна перавышаюць патрэбы вайны толькі з Украінай.

Гэта доўгатэрміновы трэк, гэта не пра тое, каб толькі даціснуць украінцаў і спыніць  баявыя дзеянні. Рускія перабудоўваюцца на серыю войнаў.

Час мірнага суіснавання, на жаль, скончыўся.

У планах Крамля вяртанне пад свой кантроль краінаў Балтыі. Думаю, што таксама свае інтарэсы яны будуць прасоўваць у накірунках Малдовы і Польшчы.

Самае істотнае ў гэтай гісторыі: ці з’яўляецца Пуцін галоўнай планетарнай праблемай? Ці не бачым мы зараз сітуацыю, у якой Пуцін фактычна Мусаліні, які з трыццатых гадоў вёў свае войны у Афрыцы, у Албаніі, а потым прыйшла сапраўдная сіла ў выглядзе Гітлера?

Вельмі важная тут пазіцыя, якая была агучана адным з тайваньскіх палітыкаў, што ЗША сваімі паводзінамі, фактычна адмовай ад ролі сусветнага стражу дэмакратыі, саступаюць ініцыятыву іншым гульцам.

Вось зла Расія-Іран-Кітай фармуецца паступова. І ці яна дафармуецца да канца, залежыць у тым ліку ад пазіцыі ЗША.

Сёння такі момант у свеце што дыктатуры ўмацоўваюцца. А ці маюць імпэт, магчымасць і моц дэмакратычныя сілы планеты перашкодзіць таталітарным, пакуль няма дакладнага адказу.

Што для цябе будзе маркерам таго, што вайна для Беларусі з магчымай ператвараецца ў непазбежную?

– Трэцяя Сусветная ўжо дэ-факта ідзе. Але, калі глядзець перадусім на Беларусь і яе перспектывы, трэба адсочваць некалькі важных пунктаў.

Буйныя вучэнні расійскага войска на тэрыторыі Беларусі – гэта мацнейшы сігнал. З неспецыфічных сігналаў – перакідка вялікіх дэсантных караблёў (калі яны яшчэ ў рускіх застануцца на той момант) на Балтыку, і узмацненне гарнізону Калінінграда, бо гэты горад практычна ў любым выпадку ў пачатку вайны будзе аточаны ў першыя ж гадзіны.

Адна з першых задач расійскага войска ў такой сітуацыі – прарвацца да Калінінграда і дэблакаваць яго. Прычым я не думаю, што гэта будзе пра Сувалкскі перашыек. Там асноўная частка дарог ідзе з поўдня на поўнач, а транспартныя магчымасці, якія патрэбныя рускім, гэта ўсход-захад. Таму значна лагічней ісці ў абыход Вільнюса, на Каўнас і далей у бок Клайпеды.

Я не думаю, што асноўным сцэнаром будзе заход у бок Польшчы, бо рускія і Лукашэнка добра разумеюць, што там зараз адно з самых узброеных войскаў кантынента. А краіны Балтыі фактычна абараняе пяты пункт статуту НАТА – гэта вайсковая салідарнасць. Але зараз гучаць словы, напрыклад, Бэна Ходжэса, былога камандуючага амерыканскім войскам у Еўропе, што пяты артыкул – гэта не аўтаматычная гісторыя…

Да Вільні ад мяжы з Беларуссю трыццаць-сорак кіламетраў. Сталіца Літвы ляжыць у лагчыне, і фактычна гэта ідэальная гісторыя для атачэння не надта вялікімі сіламі. Ці паспеюць саюзнікі арганізавацца, дамовіцца, перабросіць нейкія буйныя злучэнні сюды, гэта пытанне не толькі лагістыкі, а ў першую чаргу палітычнае.

Таму трэба ўважліва сачыць і для сябе прымаць рашэнне: ці ты застаешся і ваюеш, ці ты з’яжджаеш, ці ты спрабуеш заплюшчыць вочы і не бачыць нічога. Кожнаму з нас варта для сябе гэта вырашыць ужо сёння. Атрымаць тыя крытычныя навыкі, якія патрэбныя, разумець, як складаць чамадан, дзе знаходзяцца вашы дакументы, як будуць апранутыя вашы дзеці, якія павінны быць у іх прышчэпкі і ўсё астатняе. Бо вельмі вялікі шанец на тое, што нам прыдзецца ў гэтых новых умовах неяк існаваць, і чым больш ты падрыхтаваны да іх, тым лепш.

Што яшчэ ў гэтых умовах рабіць свядомым беларусам на выпадак, калі вайны з паўнавартасным удзелам войска Лукашэнкі ўсё-ткі атрымаецца пазбегнуць?

– Ёсць два розных наборы ўмоваў. Ёсць свядомыя беларусы, якія застаюцца ў Беларусі, і ёсць свядомыя беларусы, якія знаходзяцца за мяжой. Ясна, што я не прыхільнік дзяліць нас на дыяспару і беларусаў у Беларусі, бо адны і тыя ж людзі. Але ўмовы ў іх розныя.

Задача тых, хто знаходзіцца за мяжой, прыблізна такая ж, як задача ў часы Другой Сусветнай вайны дэмакратычна налаштаваных чэхаў і славакаў, або аўстрыйскіх дысідэнтаў. Твая краіна цалкам падпарадкаваная, яна стаіць у шыхце акупацыйнага войска, але ты сам адлюстроўваеш іншую Беларусь.

І зразумела, што тут ёсць велізарная роль дыяспаральных структур, якія робяць зараз усё для таго, каб імідж нашай краіны быў троху іншым, чым яго стварае Лукашэнка. Дзеля гэтага тым, хто за мяжой, можна параіць ўдзельнічаць у розных актыўнасцях – ад палітычных да культурных, дапамагаць данатамі палітвязням, незалежным медыя і г.д., культываваць салідарнасць і дабрачыннасць.

Калі ты ўнутры Беларусі, то задача таксама вельмі важная – захавацца, выстаяць, не даць сябе зламаць, не стаць чалавекам, які знявераны абсалютна ва ўсё.

І вельмі важна не дапускаць расколу паміж беларусамі, якія з’ехалі і якія засталіся.

Адначасова не трэба быць у ілюзіях і думаць, што ўсё можа вярнуцца на восень 2019-га. Гэтага не будзе ўжо ніколі. Свет змяніўся і будзе змяняцца далей.

Не варта думаць пра тое, што хтосьці за нас зможа ўсё павырашаць, і спадзявацца на тое, што Ціханоўская, ці BYSOL, ці яшчэ нехта прыйдуць і пафіксяць усе пытанні, усе праблемы.

Гранічна важна не апускаць рукі ва ўсім гэтым. Іншага жыцця ў нас не будзе, не трэба адтэрміноўваць ці чакаць, што пройдзе 5-10-20 год, і мы зажывем напоўніцу. Можа, так яно і адбудзецца, але гэтыя гады чакання проста скрадуць у вас радасць паўсядзённага жыцця.

– Тады лагічна напрыканцы пагаварыць пра пазітыўную альтэрнатыву для Беларусі, нават калі такая сёння выглядае досыць умоўнай.

– Добры сцэнар: Крэмль ва Украіне атрымае не паспяховы пачатак глабальнага вайсковага праекта, а руска-японскую ці Крымскую вайну, у якіх, нагадаю, Расія была не ў складзе міжнародных кааліцый заходніх краінаў (як падчас Другой Сусветнай), а супраць іх і пацярпела паразу.

Крымская вайна вельмі моцна паўплывала на тое, што з часам у Расіі адмянілі прыгоннае права, і наогул з’явіўся трэнд на перамены.

А руска-японская прывяла да таго, што адбылася першая рэвалюцыя, якая неўзабаве прывяла да другой і краху царызму цалкам. З 1917-га пачаўся працэс распаду Расійскай імперыі, які працягваецца дагэтуль. Нічога тут дзіўнага няма: тая ж самая Рымская распадалася таксама стагоддзямі, гэта нармальна для імперый – паміраць не за адно чалавечае жыццё.

Калі ўсё-ткі Захад мабілізуецца, Украіна выходзіць на межы 1991 года, Расія атрымлівае пякучую і вельмі непрыемную паразу. Адбываецца рэканверсія, вайсковыя заводы перабудоўваюць на нешта мірнае, замест патронаў робяць макароны, як у той савецкай байцы.

Пры такім раскладзе сітуацыя моцна змяняецца, бо тады беларускаму істэблішменту, нават дзейснаму, застаецца не так магчымасцяў для манеўраў. Лукашэнку давядзецца глядзець, хто ён у гэтым новым свеце, і спрабаваць неяк у яго ўбудавацца. Тое, што ён будзе імкнуцца захаваць сваю ўладу да апошняга – гэта абсалютная гарантыя.

Лукашэнка паспрабуе перабудаваць сваю ўнутраную і знешнюю палітыку, але такія моцныя віражы карабель можа не вытрымаць, як гэта адбылося з СССР, калі там Гарбачоў паспрабаваў даць троху волі. У выніку гэта прывяло да поўнага разладу сістэмы, бо старыя кадры не ўспрымалі перамены, а новыя лічылі паўмерамі тое, што робіць рэфарматар.

Але пазітыўныя сцэнары звязаныя найперш з паразай Расіі ў гэтай вайне. Тады і для Беларусі з’явяцца вокны магчымасцяў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(26)