Филин

Юлія Кот

Стрыжак: «Следчы камітэт згубіў частку паўнамоцтваў, яны перададзеныя пракуратуры»

Праваабаронца — пра барацьбу сілавых структур ва ўладзе і яе наступствы для беларусаў.

Беларускія ўлады збіраюцца ўнесці ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс чарговыя змены. Аб гэтым паведаміла аб’яднанне былых сілавікоў BELPOL, спаслаўшыся на інфармацыю адразу з некалькіх крыніц.

— Будзе пашыраны пералік артыкулаў Крымінальнага кодэксу, па якіх органы змогуць затрымліваць грамадзян без абавязковага выбрання меры стрымання на тэрмін да 10 сутак (зараз 72 гадзіны — Ф.), і без прад’яўлення абвінавачання — тэрмінам да 20 сутак (зараз да 10), — распавялі ў аб’яднанні.

Акрамя павелічэння тэрмінаў беспадстаўнага затрымання, сярод іншых меркаваных змен — выключэнне з КПК часткі 2 артыкула 333, паводле якой сведкі і пацярпелыя на судзе маглі блакаваць паказанні, атрыманыя ў іх гвалтоўна, пагрозамі ці падманам падчас дасудовага вядзення. Атрымліваецца, сілавікі змогуць выкарыстоўваць такія паказанні як доказы віны і патрабаваць прысуду на гэтай падставе.

Яшчэ адзін аспект, на які звярнулі ўвагу ў BELPOL — пашырэнне паўнамоцтваў пракурораў. Апошнія змогуць аддаваць следчым указанні, каго прыцягваць як абвінавачанага і як кваліфікаваць злачынства. Саміх жа кіраўнікоў следчых падраздзяленняў, наадварот, плануецца пазбавіць права адмяняць незаконныя пастановы аб адмове распачаць крымінальную справу ці спыніць папярэдняе расследаванне.

Законапраекту з гэтымі навеламі ў публічнай прасторы пакуль няма, таму цяжка сказаць, наколькі моцна пагоршыцца стан спраў для затрыманых і будуць развязаныя рукі ў сілавікоў. Аднак навіна ў любым выпадку непрыемная. Варта чакаць новага, непазбежнага і больш маштабнага вітка рэпрэсій?

— Трэба глядзець на гэтую сітуацыю, як на ўзмацненне ролі пракуратуры, — адзначае ў каментары Филину праваабаронца, сузаснавальнік фонда BYSOL Андрэй Стрыжак.

Андрэй Стрыжак

— Думаю, гэта звязана з тым, што калі згадаць адны з самых вар’яцкіх ідэй лукашысцкага рэжыму наконт прыцягнення мёртвых да адказнасці альбо наконт раскопкі магіл і спроб усталяваць шматмільярдныя рэпарацыі краінам Захада за Другую сусветную вайну, — правайдарам гэтых ідэй якраз з’яўляецца Генеральная пракуратура на чале з Андрэем Шведам.

Мяркую, гэтыя ідэі і практыкі моцна падабаюцца і самому Лукашэнку, які таксама досыць моцна адарваны ад рэальнасці і спрабуе, так бы мовіць, выбудаваць нейкую сваю, паралельную рэальнасць. Дзякуючы таму, што пракуратура дагаджае гэтым ягоным жаданням, яна і атрымлівае ўсё больш паўнамоцтваў.

З іншага боку, мы зараз падобныя да амерыканскіх саветолагаў у 1970-я, калі яны спрабавалі зразумець, хто высунуўся вышэй, хто ніжэй сярод савецкіх партыйных правадыроў, па расстаноўцы гэтых людзей на Маўзалеі падчас розных парадаў.

Мы не ведаем, што дакладна адбываецца на сёння ўнутры сістэмы, якія бойкі бульдогаў ідуць пад дываном. Але відавочна, што Следчы камітэт згубіў частку сваіх паўнамоцтваў, якія раней меў, і яны перададзеныя пракуратуры. Таму трэба чакаць, што «пракурорскія» будуць яшчэ больш каціравацца ў іхняй унутранай сістэме як больш моцная сіла.

Што ад гэтага нам, простым людзям? Магчымасці быць затрыманымі на 10 і нават на 20 сутак без прад’яўлення абвінавачанняў, на жаль, могуць сканчацца тым, чым сканчаліся ўжо некалькі затрыманняў за апошні час: калі чалавека затрымлівалі — а праз нейкі час яго хавалі.

Ніхто ні за што не будзе адказваць, і ў сілавікоў цяпер яшчэ больш развязаныя рукі на тое, каб дзейнічаць неправавымі метадамі.

Але нават у такой паламанай прававой логіцы, якая сёння існуе ў Беларусі, звяртае ўвагу праваабаронца, у сілавікоў «усё адно ёсць патрэба абкласціся паперкамі», засцерагчы сябе нібыта законнасцю таго, што яны чыняць:

— Сказалі б ужо: мы можам рабіць усё, што заўгодна — з вамі, з вашымі дзецьмі, з вашай маёмасцю і пашпартамі. Не, яны ўсё роўна прыдумаюць нейкія дэкаратыўныя, касметычныя змены ў законе.

Можа быць, гэта як у той сітуацыі з жабкай, якую вараць паступова, каб людзі не думалі, што трэба наогул усім зняцца і з’ехаць з краіны, якая больш непрыдатная для жыцця, — мяркуе Андрэй Стрыжак.

— Канешне, запланаваныя змены ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе — гэта вялікая, моцная дадатковая пагроза. Але за апошнія тры гады ўжо столькі ўсяго адбылося, што хіба ўжо нічога не здзіўляе. Тыя, хто хацеў выехаць — тыя павінны выязджаць, тыя, хто вырашыў застацца — павінны разумець, чым гэта можа быць небяспечна.

— На фоне ўсё большага аб’ёму паўнамоцтваў пракуратуры — пракуроры і падручнікі пішуць, і памерлых пераследуюць, і «нетрадыцыйныя адносіны» выносяць па-за межы закону, і сексуальнай адукацыяй у школах заклапаціліся — у вас не ўзнікае адчування, што, калі ва ўсім свеце існуе прэзумпцыя невінаватасці, то ў Беларусі паўстае яе супрацьлегласць, прэзумпцыя вінаватасці па змоўчанні?

— Я сказаў бы так: калі раней пра Беларусь можна было сказаць, што гэта «краіна, захопленая ментамі», то цяпер яшчэ і «пракурорскімі». Ясна, што пракуратура атрымлівае ўсё больш моцы — і, паўтаруся, гэта сведчыць пра расстаноўку сіл у лукашэнкаўскай структуры ўлады.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(26)