Стрыжак: «Пакуль беларускае грамадства будзе хацець падтрымліваць Украіну, мы будзем гэтым займацца»

  Праваабаронца і заснавальнік фондаў дапамогі беларусам і ўкраінцам – пра тое, ці ёсць крыўда на ўкраінцаў за абразы ў сеціве.

– Канешне, калі ты раз за разам чытаеш нейкія абразы або кпіны, гэта так ці інакш уплывае на ўласнае стаўленне, – прызнаецца Андрэй Стрыжак у эфіры «Е*рарадыё».

Андрэй Стрыжак. Фота: Яўгена Парашчанкі

Але яшчэ раз падкрэсліваю, што наша праца з’яўляецца каналам і магчымасцю дапамогі для розных людзей і на розныя мэтавыя аўдыторыі. Пакуль гэта будзе актуальна, дагэтуль у нас будзе ўкраінскі накірунак.

Актывіст кажа, што ніколі не будзе адмаўляць людзям, якія прыходзяць і хочуць менавіта праз яго структуры адправіць штосьці ў якасці дапамогі Украіне.

– Напрыклад, калі хтосьці хоча перадаць праз нас тры машыны. Для іх гэта вельмі важна, і яны лічаць, што гэта будзе найбольш карысна.

Таму тут вельмі шмат залежыць ад таго, ці будзе беларускае грамадства хацець падтрымліваць Украіну. Пакуль яно хоча гэта рабіць, мы будзем гэтым займацца. І тут мае эмоцыі або маё асабістае стаўленне да таго, ці слушна або няслушна штосьці пра нас прамаўляюць, маюць другаснае значэнне.

Андрэй Стрыжак таксама распавёў, ці даводзілася яго фонду сутыкацца з фактамі карупцыі або кумаўства, працуючы ва Украіне. Ён узгадаў нядаўнюю вялікую дыскусію ў чэшскім Брне з удзелам беларусаў і ўкраінцаў, якія выехалі пасля вайны.

– Адна ўкраінская ўдзельніца спыталася: «Як вы бачыце перамогу Украіны ў вайне?». І я адказаў, што сам выхад на межы 1991 года не будзе для вас перамогай. Самае галоўнае, што будзе ўнутры гэтых межаў і якія змены ў вас там адбудуцца: ці зможаце вы пазбавіцца кумаўства, карупцыі і усіх заганаў і хібаў, якія ёсць ва украінскім грамадстве.

Бо калі іх не пазбыцца, то атрымліваецца, што ўсе гэтыя ахвяры былі марнымі. Што ўсё роўна застаецца грамадства, у якім могуць быць тыя тэмы, што ўжо прыводзілі да двух Майданаў.

Асабіста мы не сутыкаліся з такімі сітуацыямі кумаўства або карупцыі, бо працуем з 2015 года з праверанымі партнёрамі, якія маюць сваю ўласную сістэму і механізмы працы ўнутры Украіны. Яны самі могуць даць па руках нейкім карупцыянерам, якія штосьці там вымагаюць, – запэўнівае Стрыжак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(10)

Читайте еще