Женщины

Ірына Марозава

Стэфанія Станюта. Светланосная

«Салiдарнасць» працягвае расказваць пра выбітных беларусак.

Легенда беларускай сцэны, народная артыстка Беларусі і СССР, актрыса-эпоха, якая фактычна пражыла ХХ стагоддзе ад пачатку да канца. У дачыненні да Стэфаніі Станюты нават самыя пафасныя эпітэты гучаць дарэчы.

Сапраўды вялікая слава прыйшла да Стэфаніі Міхайлаўны позна, калі яна ўжо грала пажылых жанчын і бабуль, прычым аднолькава пераканаўча стварала як вобраз простай сялянкі, так і шляхетнай пані.

Партрэт Стэфаніі аўтарства яе бацькі (1923 год). Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Фота artmuseum.by
Стэфанія Міхайлаўна з тым самым партрэтам. Фота kupalauski.by

Адной з зорных яе роляў у кіно стала Дар'я ў «Развітанні» (паводле аповесці «Развітанне з Мацёрай»). Вочы жанчыны, якая глядзіць на сваю палаючую, а да таго чыста прыбраную і ўпрыгожаную хату, нібыта жывая ікона, змяшчаюць усю трагедыю і боль сялян, вымушаных з-за будаўніцтва ГЭС пакінуць родную вёску, спаліць хаты і даць затапіць родныя магілы…

Кадр з фільма Ларысы Шапіцькі і Элема Клімава «Развітанне». Фота Kino-teatr.ru

Але да гэтай стужкі, як і да ўлюбёных некалькімі пакаленнямі гледачоў «Белых росаў», было яшчэ больш як 60 плённых год на тэатральнай сцэне — ад трупы статыстаў да тэатра імя Янкі Купалы, была Вялікая Айчынная і выступленні ў шпіталях перад параненымі, было каханне і расчараванне, гучныя тытулы і захапленне самымі простымі рэчамі.

Танец на ўсё жыццё

Стэфанія нарадзілася 13 мая 1905 года ў Мінску. Назвалі яе ў гонар бабулі па бацьку. Той — вядомы беларускі мастак Міхаіл Станюта — адным з першых заўважыў акцёрскі талент дачкі і яе пластычнасць. Мама, сялянка з-пад Докшыц Хрысціна Іванаўна, з усіх сіл забяспечвала тыл: купляла ў наваколлі Мінска прадукты і прадавала іх у сталіцы.

Усё адно жылі бедна: нашмат пазней Стэфанія Міхайлаўна ўспамінала, як пашыла сабе сукенку са старой льняной прасціны, якую ледзь выпрасіла ў мамы — вышыла па ёй уручную контуры сцяблінак і лісця, а паверх размалявала бацькоўскай акварэллю. Атрымалася прыгожа і незвычайна, аднак пасля кожнага мыцця сукенку даводзілася «маляваць наноў».

Пасля заканчэння Мінскай урадавай жаночай гімназіі дзяўчына, якая вельмі любіла танцаваць, марыла пра балет. З 1918 года яна працавала статысткай, харысткай і танцоркай у Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі Фларыяна Ждановіча — менавіта на яго аснове праз некалькі гадоў узнік Першы Беларусі дзяржаўны тэатр, які пазней стаў тэатрам імя Янкі Купалы.

Актрыса (другая злева) ў групе артыстаў БДТ-1. На пярднім плане — Фларыян Ждановіч, крайні справа — будучы муж Станюты Васіль Рагавенка. 1924-1930 гады. Фота planetabelarus.by

Свой першы ганарар — два злотых — юная актрыса атрымала за невялічкую ролю ў п’есе, дзе выконваліся ўсе жаданні героя: яна выходзіла на сцэну «у пачцы з паперы канарэечнага колеру, у трыко, зробленым з дзвюх пар панчох», пад рэпліку «Запаліць бы люльку!» з той самай люлькай у руках. А вось ролі са словамі напачатку аказаліся правальнымі: Стэфанія саромелася і забывала ці блытала словы, з-за чаго страшэнна перажывала.

Набрацца вопыту і ўпэўненасці дапамагла вучоба ў драматычнай студыі ў Маскве і наступная  стажыроўка ў Віцебску (з тамтэйшага Другога драматычнага тэатру потым вырас тэатр імя Якуба Коласа). 

«Там я была зоркай», — згадвала потым гэты вельмі насычаны перыяд сама актрыса. А ў 1931 годзе яна вярнулася ў Мінск, і ўжо тут на 70 гадоў «зраслася» з тэатрам імя Янкі Купалы.

Кароткае каханне, доўгая любоў

Прывабная, стройная, эфектная — у Стэфаніі не было праблем з кавалерамі, хіба адна: як адбіцца ад самых настойлівых. Часам аднакурснік Канстанцін Саннікаў выконваў ролю «раўнівага мужа», каб адвадзіць прыхільнікаў сяброўкі.

Сама яна яшчэ падчас вучобы ў Маскве закахалася ў калегу па студыіі Васіля Рагавенку. Калі маладыя распісаліся, дырэкцыя выплаціла ім па 10 рублёў. Стэфанія набыла шыкоўныя туфлі-лодачкі ды фільдэперсавыя панчохі, а на вакацыях упершыню ў жыцці закаханыя дазволілі сабе паездку ў Крым, на мора.

Зрэшты, шлюб гэты пратрымаўся ўсяго некалькі год. Лёс першага мужа Стэфаніі Станюты склаўся нешчасліва: у 1930-ыя ён трапіў у жорны сталінскіх рэпрэсій, быў звольнены з тэатра і сасланы ў Магаданскі край на 13 гадоў...

З другім мужам, Аляксандрам Кручынскім, актрыса пазнаёмілася… у кавалерыйскім палку. Туды акцёраў пры аказіі адправілі вучыцца ездзіць верхам, і Аляксандр з канём Агеньчыкам быў інструктарам Стэфаніі.

Закаханыя хутка пажаніліся, нарадзіўся сын, але тэатральныя раз’езды жонкі нервавалі афіцэра Чырвонай Арміі: «Замкну на ключ, ні ў які тэатр не пойдзеш!». Напярэдадні вайны пара разышлася.

У ролі Дзіяны ў спектаклі «Дурная для іншых, разумная для сябе». 1940-ыя. Фота kupalauski.by

Пачатак Вялікай Айчыннай былы муж і сын актрысы заспелі ў Мінску, а сама яна была на гастролях у Адэсе, адкуль трупу неўзабаве эвакуіравалі ў сібірскі Томск. Тут адбыўся трэці, кароткі і нешчаслівы, шлюб актрысы: муж, нашмат за яе маладзейшы акцёр-калега Сямён, памёр у халодным тылавым горадзе ад хваробы, практычна на руках у Станюты.

«У вайну я, страшна сказаць, была паляўнічым сабакам: кідалася ў туфлях за падстрэленымі качкамі, біла іх галавамі аб абцас… І гэта я, якая ў дзяцінстве не магла есці зарэзаную мамай курыцу, — расказвала праз шмат гадоў актрыса. — Але тут было пачуццё: гэта мяса, ежа, а галоўнае, гэта для інтэлігентнай сям’і, з якой я пасябравала і якая не маглі выжыць у тых умовах».

Кручынскі ж падчас акупацыі дапамагаў партызанам, але пазней яго ўсё адно абвінавацілі ў «хаўрусніцтве» і саслалі ў Варкуту; з лагераў ён не вярнуўся.

Сын, які ўзяў прозвішча маці, стаў літаратуразнаўцам, доктарам навук. У іх з маці былі вельмі цёплыя і трапяткія адносіны, і многія маналогі актрысы захаваліся толькі таму, што іх запісаў Аляксандр Станюта. А яшчэ ён прысвяціў маме адну са сваіх лепшых кніг, якая так і называецца — «Стэфанія». І перажыў яе ўсяго на 11 гадоў…

Вокладка кнігі «Cтэфанія» (1994 год). Праз некалькі гадоў выйшла дапоўненая версія на рускай мове «Жыццё актрысы»

«Мы ігралі і ў «Беларускай хатцы» на Чырвонай вуліцы (яна і цяпер Чырвоная) — у вялікім такім бараку. I ў клубе «Сокал» на Магазіннай (цяпер Кірава). На плошчы Свабоды быў тады яшчэ Камерны тэатр, там ставілі кароткія п’есы, у адзін акт.

Пастаянных акцёрскіх труп нідзе не трымалі. А ў нас была сцэна свая — вось у гэтым будынку, дзе зараз наш тэатр імя Янкі Купалы. Былі ў нас тады ўжо і «выязныя» спектаклі: на драбінах ехалі касцюмы, дэкарацыі, а самі мы — пешшу, да цягніка.

Так мы памалу замянялі вандроўны тэатр Галубка. А калі зімою выступалі ў Інтымным тэатры — на цяперашняй вуліцы Мяснікова, — дык спярша клалі на сцэну толькі што злепленую снежку. Пачне раставаць — згаджаемся іграць. Калі не раставала — адмаўляліся. Маразы былі тады лютыя» (з кнігі «Стэфанія»).

Застацца ў памяці святлом

Мастацтвазнаўцы падлічылі: у тэатры Стэфанія Станюта сыграла амаль 300 роляў, у кіно і на тэлебачанні — звыш 70. Але штука ў тым, што вельмі часта ёй выпадала граць персанажаў другога, трэцяга плану, што называецца, «ад зямлі»:  «сялянка», «знахарка», «бабулька».

Яна не адмаўлялася ад эпізодаў, грала іх і ў кіно, і ў тэатры. А ўжо калі выпадала раскрыць свой  камедыйны, сатырычны, драматычны талент — у гледачоў пераймала дух.

Многія тэатралы дагэтуль згадваюць абсалютна шыкоўную і, здаецца, вельмі блізкую актрысе нераіню ў спектаклі  «Гаральд і Мод» (1986) — пажылую жанчыну, у якую закахаўся 18-гадовы юнак.

З Віктарам Манаевым у спектаклю «Гаральд і Мод». 1986 год. Фота kupalauski.by

Плюс, канешне, неверагодная працаздольнасць. Вось толькі частка з геаграфіі яе здымак: Мінск, Масква, Ленінград, Тбілісі, Гагры, Таржок, Кіеў, Валдай, Селігер, Краснаярск, Іўе, Нароўля, Талін… Дзеля таго, каб сыграць эпізод (!) у дзіцячым фільме «Пра Чырвоную шапачку», Стэфанія Міхайлаўна прыляцела з Крыма ў Калінінград.

Напэўна, немагчыма выбраць з галерэі яе вобразаў больш ці менш удалыя — бо кожны з іх глыбокі і сапраўдны. Каго б яна ні грала, гледачы пазнавалі ў ёй сваіх аднасяльчанак, маці, бабуль.

Яна бачыла візіт цара Мікалая ІІ у Мінск, сустракала Леніна і Сталіна на дэкадах беларускага мастацтва ў Маскве, атрымала цэры шэраг высокіх узнагарод і званняў, ад народнай артысткі СССР да першай «Хрустальнай Паўлінкі». Яна была жывой легендай і талісманам Купалаўскага, аднак праз гады заставалася сабой — вельмі сціплай, інтэлігентнай, шчырай, адкрытай і добрай.

У ролі Кіселіхі ў «Белых росах». 1983 год. Фота sadalskij.livejournal.com

Не так шмат у акцёрскім асяродку людзей, пра якіх кажуць толькі добрыя словы, але Станюта — якраз той рэдкі выпадак.

Нават пасля 70-цi яна лёгка танцавала і магла сесці на шпагат, як яе знакамітая праўнучка Меліціна Станюта, частавала калег рознымі прысмакамі і дарыла ўласнаручна зробленую біжутэрыю — з шышак і грэцкіх арэхаў, карэньчыкаў, незвычайных пладовых костачак, нават з фігурных макарон!

«Светланосная», — напісаў у віншавальнай тэлеграме на адзін з яе юбілеяў рэжысёр Элем Клімаў.

Марка, выпушчаная «Белпоштай» да 100-годдзя актрысы
Памятная дошка на доме па праспекце Незалежнасці

У лістападзе 2000-га яе не стала. А святло і цеплыня — засталіся. Хай не на «элітнай», закрытай для свабоднага ўваходу вуліцы яе імя (каля Цнянскага водасховішча ў Мінску), але на Усходніх могілках, дзе яна пахаваная, у доме, дзе жыла (цяпер Незалежнасці, 19), у сэрцах родных людзей і ў памяці многіх тысяч удзячных гледачоў.

Оцени статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)