Стэфан Эрыксан: «Нацыянальны складнік зараз мацнейшы, чым калі я быў у Беларусі 10-15 гадоў таму»

Канферэнцыю «Новая Беларусь» у Вільні наведаў і першы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, адзін з нешматлікіх кіраўнікоў замежных місій, хто дасканала вывучыў беларускую мову і дагэтуль ёй карыстаецца. Спадар Эрыксан адказаў на некалькі пытанняў журналістаў «Е*рарадыё» ў вымушаным перапынку.

– Дзякуючы чаму, не працуючы ў Беларусі, вы не забылі беларускую мову?

– Усё ж такі 7 гадоў пакінулі нейкі след. І я кантактую з сябрамі, якія засталіся з таго часу. У мяне шмат беларускіх сяброў, з якімі я езджу сустракацца ў Вільню або Варшаву. І, зразумела, калі я даведаўся, колькі беларусаў будуць зараз у Вільні, я падумаў, чаму б мне не прыехаць сюды з Рыгі (зараз Эрыксан працуе ў Латвіі – С.), гэта не вельмі далёка.

– Часам маладыя дэмакратычныя сілы чуюць папрокі, што ў іх вельмі слабы нацыянальны складнік і мала нацыянальнай свядомасці. Ці мусіць ён быць высокім і яскравым?

– Мне здаецца, што нацыянальны складнік зараз мацнейшы, чым, калі я быў у Беларусі гадоў 10-15 таму. І я б не сказаў, што маладое пакаленне не ўсведамляе важнасці гэтага пытання. Наадварот, я чую больш беларускай мовы, чым на падобных імпрэзах раней. Таму ў мяне вялікая надзея, што гэтае пытанне застанецца на парадку дня.

– Учора сваю першую прамову на канферэнцыі Святлана Ціханоўская рабіла па-руску. Можа, палітыкам не хапае беларускай мовы?

– Святлана гаварыла і па-беларуску. І мне вельмі спадабалася, як даволі натуральна людзі мянялі мовы. Хтосьці пачынаў гаварыць па-расейску і потым пераходзіў на беларускую і гэта нармалёва.

Думаю, што крок для больш шырокага выкарыстання беларускай мовы ўжо зроблены. І я ўпэўнены, што гэта будзе толькі ўзмацняцца. Падзеі ва Украіне таксама прымушаюць людзей трохі задумацца пра сваю гісторыю, сваю культуру і сваю мову. Гэта цалкам натуральны працэс.

– Як дыпламат патлумачце, калі ласка, якую карысць даюць шматлікія візіты на высокім узроўні Святланы Ціханоўскай і яе прадстаўнікоў?

– Я прысутнічаў у Рызе, калі Святлана чытала прадмову ў латвійскім парламенце на пачатку чэрвеня. Я таксама дапамагаў прыехаць з Варшавы Вольнаму Хору, які выступіў з канцэртам. І я бачыў, як латышы прымалі, арганізавалі гэты візіт усур’ёз і, зразумела, гэта вельмі важна.

Так, латышы – гэта суседзі, і яны і так усё ведаюць пра Беларусь. Але, канешне, такія візіты даюць магчымасць нагадваць пра беларускае пытанне, бо зараз усе занятыя іншай праблемай, хаця ўсё ж насамрэч узаемазвязана, а беларускі складнік у праблеме Украіны і Расіі відавочны.

Таму кожная магчымасць нагадваць пра гэта на высокім узроўні – гэта добра і мне здаецца, што ўсе ў Беларусі павінны вітаць і радавацца, калі гэта адбываецца.

– Ці будзеце вы дапамагаць Святлане або кабінету міністраў у якасці незалежнага кансультанта?

– Я з задавальненнем сустракаюся і размаўляю з усімі беларусамі. У тым ліку і са Святланай Ціханоўскай. Я думаю, што яны самі і без маіх саветаў цудоўна справяцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)