История

Андрэй Кныш

Слуцкі збройны чын: чаму случакі тады пацярпелі паразу і ў чым наша агульная перамога

Прыгадваем адну з самых слаўных і драматычных старонак нашай гісторыі.

«Яны пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына»

27 лістапада 1920 года пачаліся першыя баявыя дзеянні з удзелам падраздзяленняў 1-га Слуцкага палка, якія атакавалі размяшчэнне 8-й дывізіі савецкіх войскаў.

Так пачаўся Слуцкі збройны чын, які сёння адзначаюць як Дзень Герояў. Герояў, што наважыліся на адчайны крок — выступіць супраць шматкроць большай сілы.

З іншых рэгіёнаў Беларусі случакі мелі толькі сімвалічную падтрымку. Дасланы з Гродна сцяг з вышытай «Пагоняй» і словамі  «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына» — адзін з прыкладаў такога сімвалізму.

Далей «Салiдарнасць» раскажа пра тое, у якіх умовах пачалося паўстанне, што падштурхнула ягоных удзельнікаў узяцца за зброю.

Масква прапаноўвала палякам усю Беларусь

12 кастрычніка 1920-га ў Рызе пачаліся мірныя перамовы паміж урадавымі дэлегацыямі Савецкай Расіі і Савецкай Украіны, з аднаго боку, і Польшчы — з другога. Гэта надзвычай важны момант, бо на тых перамовах наўпрост вырашаўся лёс Беларусі.

Вось як пра гэта пісаў гісторык Анатоль Грыцкевіч у сва ёй кнізе «Слуцкае паўстанне. На крутым павароце гісторыі»:

— Кіраўнік савецкай дэлегацыі А. Іофе не дапусціў прадстаўніка БССР А. Чарвякова да перагавораў, сказаўшы яму, што калі спатрэбіцца, то савецкі бок перадасць Польшчы ўсю тагачасную тэрыторыю Беларускай ССР (шэсць паветаў былой Менскай губерні — да Барысава, Бабруйска і Мазыра ўключна).

І сапраўды, А. Іофе зрабіў польскай дэлегацыі такую прапанову, згодна з інструкцыяй урада РСФСР (які ўзначальваў У. І. Ульянаў-Ленін). Кіраўнік аб’яднанай савецкай дэлегацыі прапанаваў Польшчы гэтую тэрыторыю, каб толькі спыніць наступленне польскіх войскаў на ўсход.

Аднак старшыня польскай дэлегацыі Ян Домбскі адмовіўся ад гэтага падарунка, бо Польшча лічыла немэтазгодным уключаць вялікую тэрыторыю (разам з Заходняй Беларуссю) з беларускім насельніцтвам у склад Польскай дзяржавы з-за магчымага ўздыму нацыянальна-вызваленчага руху беларускага насельніцтва.

Узамен польская дэлегацыя прапанавала правесці рэферэндум па ўсёй тэрыторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, уключна са Смаленскай губерняй, пад міжнародным кантролем. Добра ведаючы, чым гэта можа скончыцца, — на прыкладзе галасавання за незалежнасць БНР, абвешчанай 25 сакавіка 1918-га, савецкая дэлегацыя рашуча адмовілася ад такой прапановы.

У той дзень бакі дамовіліся пра перамір’е і папярэднія ўмовы міру. У 1921-м быў заключаны Рыжскі мір, які на два дзесяцігоддзі падзяліў Беларусь паміж бальшавіцкай Расіяй і Польшчай.

Гэта моцны напамін пра тое, што з намі можа зрабіць у неспрыяльны для сябе момант дзяржава, якая лічыцца найпершым нашым саюзнікам.

«Проці акупацыі родных зямель чужацкім наездам і проці самазванай савецкай улады»

Паводле умоваў кастрычніцкага перамір’я была ўтвораная дэмаркацыйная лінія, якая мусіла стаць мяжой паміж Польшчай і савецкай Расіяй.

Паласа, шырынёй у 15 км, якая праходзіла ўздоўж лініі дэмаркацыі, была абвешчаная нейтральнай зонай. Адсюль былі выведзеныя войскі бальшавікоў і палякаў.

Слуцк на той момант быў другі раз акупаваны польскімі войскамі, якія пакінулі горад, перадаўшы справы беларусам. Якія і скарысталіся з гэтага моманту.

Гімн случакоў

14-15 лістапада 1920-га адбыўся I Беларускі з’езд прадстаўнікоў Слуцка і Случчыны, у якім бралі ўдзел 107 дэлегатаў. Удзельнікі з’езду заявілі катэгарычны пратэст «проці акупацыі родных зямель чужацкім наездам і проці самазванай савецкай улады».

— Найбольшы ўплыў на ім мелі беларускія эсэры. З’езд заслухаў дэлегацыю Станіслава Булак-Балаховіча, але адмовіўся прызнаць яго верхавенства. Дэлегаты прынялі рэзалюцыю, у якой прызналі ўладу БНР, віталі «сястру Польшчу», а савецкі ўрад Вільгельма Кнорына характарызавалі як самазваны. Гучаў і заклік «Няхай жыве братэрства ўсіх славянскіх народаў!» — так апісвае гэтую падзею гісторык Захар Шыбека.

З’езд абраў Раду Случчыны Беларускай Народнай Рэспублікі ў складзе 17 чалавек. Згадаем іх імёны і прозвішчы: Уладзімір Пракулевіч (старшыня), Анастас Анцыповіч, Пётр Бабарэка, Барысавец, Янка Біруковіч, Улас Дубіна, Павел Жаўрыд, Янка Каўпак, Юрый Лістапад, Янка Мацэлі, Анупрый Няронскі, Арсен Паўлюкевіч, Рабы, Ю. Радзюк, Т. Раковіч, Васіль Русак, Юльян Сасноўскі.

Рада абвясціла незалежнасць Случчыны і падпарадкавалася ўраду БНР, які на той момант ужо дзейнічаў у выгнанні. Было прынятае рашэнне аб стварэнні атрадаў самаабароны — неўзабаве чакаўся наступ бальшавікоў.

Так з’явілася Слуцкая брыгада, якая складалася з двух палкоў: 1-га Слуцкага палка і 2-га Грозаўскага палка. Агулам сілы случакоў налічвалі 10 тысяч чалавек, з якіх 6 тысяч знаходзіліся ў рэзерве.

«Ня гледзячы на лічбовую перавагу ворага»

21 лістапада Рада Случчыны прыняла дэкларацыю, з тэкста якой добра бачна, што яе аўтары цвяроза ацэньвалі ўласныя сілы. І тым не менш, выйшлі на бой:

— У момант самаазначэння ўсіх народаў і змагання іх за сваю самастойнасць і свабоду Беларуская Рада Случчыны выконвае волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасці нашае бацькаўшчыны Беларусі, заяўляе ўсяму свету аб дамаганнях-намерах беларускага сялянства аб тым, што Беларусь павінна быць вольнай незалежнай рэспублікай у яе этнаграфічных межах.

Абвяшчаючы аб гэтым i, з’яўляючыся выразіцелькай волі народу, Слуцкая Рада дэкларуе цвёрда стаяць за незалежнасць роднай Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту з боку чужаземных захопнікаў і ў выпадку патрэбы, нават, сiлай аружжа, нягледзячы на лічбовую перавагу ворага, думаючы, што наша справа — справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе.

Гісторык Анатоль Грыцкевіч не выключаў, што ўжо ў часе баёў тая дэкларацыя магла быць дапоўненая: у яе былі ўключаныя пункты аб дэмакратычных свабодах і эканамічных правах насельніцтва, якія раней былі прыняты ў ІІ-й Устаўнай грамаце Рады Беларускай Народнай Рэспублікі 9 сакавіка 1918-га.

Чаму менавіта на Случчыне

На думку гісторыкаў, гэты рэгіён за колькі гадоў да падзей 1920-га быў асяродкам дзейнасці беларускага нацыянальнага руху. Напрыклад, у 1917-м тут запрацавала першая ў Беларусі беларуская гімназія.

— Яшчэ ў 1918-м у Слуцку быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт на чале са старшынёй Паўлам Жаўрыдам, які адразу прыступіў да творчай дзяржаўнай працы, — пісаў у сваёй кнізе гісторык Грыцкевіч.

Паводле гісторыка Шыбекі, БНК «ствараў па населенных пунктах мясцовыя рады, вёў актыўную культурна-асветную і кааперацыйную працу».

Менавіта Жаўрыд на з’ездзе ў Слуцку заклікаў да ўзброеннга паўстання, і ягоны заклік быў шырока падтрыманы.

Адным з рухавікоў паўстання было мясцовае сялянства, якое расчаравалася ў бальшавіках, што выціскалі з іх апошнія рэсурсы палітыкай харчразвёрсткі.

Слуцкія сяляне здаўна былі заможнымі, іх дарогі відавочна разыходзіліся з тымі, хто адбіраў у вяскоўцаў усё да апошняга каласка.

Перашкаджалі недахоп зброі, афіцэраў, правіянту, эпідэмія тыфу

Баі з бальшавікамі цягнуліся з 27 лістапада па 28 снежня. Найбольш жорсткія сутычкі адбываліся па лініі Капыль–Цімкавічы–Вызна. Працытуем Захара Шыбеку:

— Вёска Сямежава некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. Але перавага была на баку рэгулярнай арміі бальшавікоў. Некаторыя аддзелы Грозаўскага палка загінулі ў баях каля мястэчка Вызна цалкам.

Гісторык тлумачыць прычыну паразы случакоў шэрагам фактараў — як знешніх, так і ўнутраных:

— Надзеі на дапамогу Польшчы і на тое, што іх падтрымаюць у іншых месцах Беларусі, не спраўдзіліся. Перашкаджалі недахоп зброі, афіцэраў, правіянту, эпідэмія тыфу.

Не сціхала барацьба за палітычнае лідарства паміж эсэрамі і прыхільнікамі Булак-Балаховіча, якую толькі ўскладнялі прадстаўнікі Найвышэйшай рады БНР. Аб’яднання слуцкіх паўстанцаў з арміяй Булак-Балаховіча ўрэшце так і не адбылося.

У канцы снежня 1920-га рэшта атрадаў паўстанцаў перайшла на другі бок ракі Лань, дзе іх сустрэлі і інтэрнавалі польскія вайскоўцы. На той момант случакі ўжо не мелі боепрыпасаў.

Лёс большасці ацалелых ваяроў і камандзіраў быў незайздросны. Кагосьці польскі бок неафіцыйна выдаў Саветам, многія ў часе рэпрэсій загінулі ў сталінскіх лагерах.

Паўстанне ці вайна?

Сярод даследчыкаў дагэтуль здараюцца спрэчкі, чым былі падзеі на Случчыне напрыканцы 1920-га. Збройны чын, паўстанне ці нават вайна?

Гісторык Ніна Стужынская, якая даследуе тэму антыбальшавіцкіх паўстанняў на тэрыторыі Беларусі, у інтэрв’ю Радыё Свабода адзначала:

— Ёсьць пэўная дыскусія. Па сутнасці, гэта ваенная антысавецкая і антыпольская акцыя 1920-га. Але самі ўдзельнікі называлі гэтую падзею Слуцкім паўстаннем, а сябе — паўстанцамі. Сам гэты тэрмін вельмі шырокі, ён ахоплівае і партызанку, і падполле, і іншыя формы змагання.

Па яе словах, паўстанцы відавочна імкнуліся стварыць рэгулярную армію, усе атрыбуты якой былі навідавоку. Стужынская таксама тлумачыць, адкуль пайшла назва «збройны чын»:  частка тэарэтыкаў тлумачыць гэта тым, што сама падзея адбылася на неакупаванай тэрыторыі. То бок, паўставаць не было супраць каго, случакі імкнулі ўзяць пад кантроль сваю тэрыторыю і не дапусціць сюды Чырвоную армію.

Гісторык і аўтар Радыё Свабода Сяргей Абламейка мяркуе, што падзеі на Случчыне слушна называць беларуска-савецкай вайной 1920-га. Пры ўмове, калі лічыць легітымнай уладу БНР, якой прысягнула Рада Случчыны. А таксама прыняць той факт, што ўзброеныя адзінкі случакоў мелі выразныя прыкметы рэгулярнай арміі: ад наяўнясці палкоў, выведкі і контрвыведкі, уласнай штабной стаўкі да палявога шпіталя.

Варта памятаць не толькі пра Слуцкае паўстанне

Вернемся да інтэрв’ю Ніны Стужынскай. Даследчыца заклікае глядзець на карціну тых падзей больш шырока:

— Гісторыкі і краязнаўцы прызвычаіліся вывучаць менавіта гэты факт і кавалак гісторыі, які абмежаваны тэрытарыяльна і часова.

Але калі глядзіш крыніцы, то бачыш, што аналагічныя падзеі адбываліся і ў іншых месцах Беларусі. Напрыклад, на Барысаўшчыне — там былі тыя ж лозунгі і бел-чырвона-белыя сцягі. Трохі раней за слуцкія падзеі такія ж адбываліся на Ігуменшчыне, там падчас паўстання сама меней у трох валасцях былі тыя самыя заклікі: «Жыве беларуская Рада», «Жыве вольная, непадзельная Беларусь» і г. д. Тое ж назіралася і ў іншых мясцінах.

***

Архіўнае фота: адзначэнне 95-годдзя Слуцкага паўстання ў Грозаве

Слуцкае паўстанне 1920 года ўвайшло ў гісторыю беларускага народа як адна з яе гераічных старонак. Яно вялося пад лозунгам: «Ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў». Гэта было першае самастойнае выступленне беларусаў за сваю нацыянальную незалежнасць.

Захар Шыбека

Незалежнасць Беларусі — гэта вялікі шлях змагання папярэдніх генерацый. Гэта адзін вялікі зневажлівы для беларусаў міф, што яна на нас звалілася «з неба».

Ніна Стужынская

Слуцкае паўстанне было адзіным самастойным узброеным выступленнем за свабоду. Гэта прыклад, калі ініцыятыва ідзе знізу, проста насельніцтва выбірае сваё прадстаўніцтва і пачынае збіраць сваё войска. Таму мы павінны гэтую падзею шанаваць, гэта прыклад таго, што беларусы здольныя змагацца за сваю краіну, праліваць за яе кроў.

Алег Латышонак

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(23)