Политика
Руслан Гарбачоў, фота аўтара

«Шанцы перамагчы на гэтых выбарах вялікія, як ніколі» (фотарэпартаж)

Кампанія «Гавары праўду!» на чале з Уладзімірам Някляевым наведала 22-23 чэрвеня Гродна і Гродзенскую вобласць, каб скончыць збор подпісаў за з’яўленне вуліцы Быкава і дапамагчы жыхарам вёскі Шырокая. Паездка на Захад нагадвала перадвыбарчае турнэ кандыдата ў прэзідэнты.

Папярэдні раз карэспандэнт «Салідарнасці» бачыў Уладзіміра Някляева падчас паездкі ў рэгіёны ў 2006-м. Тады паэт прыязджаў у Баранавічы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў разам з Аляксандрам Казуліным.

На гэты раз у ролі відавочнага лідэра быў Някляеў, а побач з ім знаходзіўся публіцыст Аляксандр Фядута – чалавек, які спрычыніўся да прыходу Лукашэнкі да ўлады і які даўно жадае ўбачыць на чале краіны дэмакратычнага палітыка. На гэтым правядзення паралеляў пакінем, бо мэта паездкі ў Гродна была ўсё ж не палітычнай.

22 чэрвеня, у 7-ю гадавіну смерці Васіля Быкава, кампанія «Гавары праўду!» сканчала збор подпісаў за з’яўленне ў Мінску і Гродна вуліц імя пісьменніка. Удзельнікі акцыі «ЗА вуліцы Быкава» і сталічны vip-дэсант, у складзе якога акрамя Някляева і Фядуты былі музыкант Зміцер Вайцюшкевіч, паэты Міхась Скобла і Глеб Лабадзенка, накіраваліся ў неафіцыйны гарадзенскі музей Быкава.

Музей гэты дзейнічае ў пакоі гарадскога аб’яднання ветэранаў вайны, працы і ўзброенных сіл і трымаецца выключна на энтузіазме. Уладзімір Някляеў выказаў падзяку яго заснавальніку Мікалаю Мельнікаву і захавальніку фондаў Аляксею Дземідовічу і паабяцаў па магчымасці аказваць музею дапамогу.

– Кампанія «Гавары праўду!» застанецца ў незалежнасці ад таго, як пройдуць прэзідэнцкія выбары. Калі да 18 мая (ператрусаў і арыштаў удзельнікаў кампаніі – С.) мы вагаліся, то цяпер будзем дапамагаць дэмакратычным сілам на гэтых выбарах перамагчы. Шанцы на гэтых выбарах вялікія, як ніколі, – сказаў журналістам Уладзімір Някляеў пасля выхаду з музею.

Затым ўдзельнікі акцыі «ЗА вуліцы Быкава» і Уладзімір Някляеў на

вуліцы Савецкай пачалі збор апошніх подпісаў сярод гарадзенцаў. Кожны, хто ставіў подпіс, атрымоўваў зборнік вершаў паэта «Кон» з аўтографам аўтара. Найбольшае жаданне спрычыніцца да акцыі чамусьці выказвалі дзяўчыны.

Нехта з падпісантаў шчыра здзіўляўся, што для з’яўлення вуліцы Быкава ў Гродна трэба збіраць подпісы.

– А што ўлады не хочуць? У нас вуліца Дубко ёсць, старшыні калгаса ёсць… Чаму Быкава нельга?! – адзначыў мужчына гадоў 40.

На пытанне людзей, якая вуліца будзе названа імём Быкава, актывісты адказвалі, што адзін з варыянтаў – пераіменаваць вуліцу Свярдлова, на якой доўгі час жыў пісьменнік.

Збор подпісаў не застаўся без увагі участковага. «Збіраеце подпісы за вуліцу Быкава? Даўно пара!», – пагадзіўся Мікалай Аляксандравіч. Уладзімір Някляеў падпісаў яму сваю кнігу, участковы запісаў дадзеныя паэта. На гэтым і разышліся.

Усяго за паўтары месяцы ўдзельнікі акцыі «ЗА вуліцы Быкава» сабралі 70 тысяч подпісаў. Цяпер яны будуць накіраваны ў мінскі і гродзенскі гарвыканкамы.

Пасля збору подпісаў Уладзімір Някляеў і Зміцер Вайцюшкевіч завіталі на паседжанне Саюза палякаў Беларусі, дзе выступілі з прывітальным словам.

Скончылася 22 чэрвеня для vip-дэсанта літаратурнай вечарынай, на якую прыйшлі некалькі дзесяткаў гарадзенцаў.

Назаўтра актывісты кампаніі «Гавары праўду!» на чале з Уладзімірам Някляевым накіраваліся ў вёску Шырокая, якая знаходзіцца амаль на самай мяжы Ліды. Непасрэдна каля жылога сектару вёскі ўлады плануюць пабудаваць завод гарачага ацынкавання металаканструкцый. Жыхары вёскі другі год змагаюцца за свае правы: ніхто іхнага меркавання не ўлічыў, не было праведзена даследванне аб экалагічных наступствах пабудовы заводу, таму людзі баяцца за сваё здароўе. Каб расказаць аб гэтай няпростай сітуацыі на сустрэчу з Уладзімірам Някляевым прыйшло каля 40 чалавек.

– Тут ёсць сведкі: дырэктар прадпрыемства, якое будзе будаваць завод, нам так і сказаў – «праглынулі Чарнобыль – праглынеце і гэты завод», – расказала адна з жыхарак вёскі.

Уладзіміру Някляеву былі перададзены каля 2800 подпісаў, якія сабралі жыхары Лідскага раёна і актывісты кампаніі «Гавары праўду!» супраць будаўніцтва завода і за правядзенне экалагічнай экспертызы. Паэт асабіста даставіў іх у райвыканкам.

Да рэзюмэ двухдзённай паездкі актывістаў «Гавары праўду!» у Гродзенскую вобласць можна залічыць словы Уладзіміра Някляева напрыканцы літаратурнай вечарыны ў Гродна: «Мэта кампаніі «Гавары праўду!» – каб беларусы пайшлі і прагаласавалі за змены ў нашай краіне».

 

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)