Сьцягі і талеркі над Менскам
Самай папулярнаю навіной апошніх двух дзён стала паведамленьне наконт зьняцьця спадарожнікавых антэнаў, што маецца адбыцца ў Менску. Аргументацыю чыноўнікі ад архітэктуры арыгінальную ня вынайшлі – маўляў, “як спаскудзілі фасады дамоў на цэнтральным прашпекце, вой-вой-вой”. Вось толькі цікава, як гэта будзе рэалізавана тэхнічна.
Паведамленьне на гэты конт выклікала бурную дыскусію
на minsk_by. У сталіцы амаль кожная трэцяя сям’я мае
спадарожнікавую антэну. Рассылаць усім абвесткі, каб зьнялі пад пагрозаю
штрафу? Але наколькі я памятаю, барацьба
з млынамі ў Лідзе асаблівага плёну не дала. Ну зьніме
пара, яшчэ некалькі жыхароў ськінуць манцёраў са сходаў (дарэчы, я амаль зрабіў
гэта з манцёрам, які намагаўся парэзаць кабель маёй хатняе сеткі), а астатніх
што — да суду прыцягнуць? Цікава, як нашыя самыя працавітыя ў сьвеце суды
вытрываюць 600 000 чалавек. А фізычная рэалізацыя праекту? Адкуль ЖЭСы
возьмуць столькі працаўнікоў, каб тае зрабіць?
Праблема ў тым, што гэта — не палітычная акцыя. Большасьць карыстальнікаў талерак
не глядзіць “Эўраньюз” — яны паставілі іх, каб глядзець стужкі, мульты,
эротыку. Палітыка для іх — справа не апошняя, але й ня першая. То бок улады
пасягнулі не на што іншае, як на сьвятніцу паспалітага чалавека. Нават зацятыя
лукашысты наўрад ці падтрымаюць такую ініцыятыву. Натуральна, Лукашэнка адседзіцца
ўбаку — калі акцыя праваліцца, то ва ўсім зьвінаваціць галоўнага менскага
архітэктара, у якога прага зьняцьця
антэнаў, што зацішна прабавілі на сьцянах 15 год, наўрад ці ўзьнікла самастойна.
“Эўрабачаньне” хутка загасла. Блёгасфэра Калдуна ўвогуле не абмяркоўвала.
Крыху народу выказаліся ў падтрымку Сярдзючкі.
А так — зацішша. Мабыць, блёг ды тэлевізія — паняцьці антаганічныя…
Другая навіна, што тарганула блёгасфэру — з’яўленьне нашае нацыянальнае
сымболікі над беларускімі гарадамі ва ўгодкі рэфэрэндуму. Асабліва моцна
рэфлексаваў minsk_by наконт сьцягу
на ронда Прытыцкага (мэтро “Пушкінская” ў Менску). Я нават зьдзівіўся,
наколькі станоўчымі былі ўсе выказваньні — ніякае псэўданавуковае дыскусіі,
якую так падабаюць ладзіць ў нэце некалькі карыстальнікаў, я не знайшоў.
Читайте еще
Избранное