Рыгор Кастусёў: гісторыя экс-кандыдата ў прэзідэнты, які апынуўся ў СІЗА

Некалькі момантаў з біяграфіі старшыні Партыі БНФ, якому патрэбная тэрміновая дапамога медыкаў.

Фота Наша Ніва

Стан здароўя старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ, пагоршыўся, яму неабходная шпіталізацыя. Пра гэта стала вядома 27 ліпеня, калі палітыка наведала адвакатка Інэса Аленская.

24 ліпеня Кастусёву выклікалі ў СІЗА хуткую дапамогу.

— Медыкаменты, якія даюць лекары ў СІЗА, бацьку не дапамагаюць, яму становіцца толькі горш. Паводле апошніх аналізаў, наогул падазрэнне на анкалогію. Тэрмінова патрэбная біяпсія, але яго трымаюць у камеры, — расказала дачка палітыка Кацярына Кастусёва.

Пра падазрэнне на анкалогію стала вядома ў сярэдзіне ліпеня, але Кастусёву адмовілі ў пераводзе пад хатні арышт і ў шпіталізацыі.

Палітыка абвінавачваюць у змове з мэтай захопу ўлады. Яго затрымалі ў красавіку адначасова з юрыстам Юрасём Зянковічам і літаратуразнаўцам Аляксандрам Фядутам.

2 ліпеня Кастусёва экстрана шпіталізавалі: у яго з’явіліся праблемы з сэрцам, ціскам, ацёкі канечнасцяў, дыхавіца, блытаная свядомасць. Тады стала вядома, што 17 начэй ён вымушаны быў спаць на падлозе, пад нарамі іншага затрыманага, бо для яго не знайшлося спальнага месца.

«Салідарнасць» расказвае пра асноўныя моманты біяграфіі былога кандыдата ў прэзідэнты.

Рыгор Андрэевіч Кастусёў нарадзіўся 17 красавіка 1957 года ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. Бацька працаваў шафёрам, маці — у саўгасе. Беларус, праваслаўны.

Ад рабочага саўгаса да камерцыйнага дырэктара

Пасля заканчэння школы перад службай у войску Рыгор Кастусёў папрацаваў рабочым у саўгасе «Друць» Бялыніцкага раёна.

Пасля войска скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, дзе атрымаў спецыяльнасць інжынера-механіка. Вярнуўся ў саўгас «Друць», дзе дарос да пасады галоўнага інжынера.

У 1988-м абраны дырэктарам саўгаса «Іскра» Бялыніцкага раёна. Потым была праца ў Шклове: галоўны інжынер МПМК-283, дырэктар Шклоўскага раённага аб’яднання ЖКГ (да 2001-га). Гэтую пасаду Кастусёў страціў за ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2001 года.

Далей працаваў у прыватных прадпрымемствах: дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства «Гідрасіла — Белая Русь» у Магілёве, супрацоўнікам ТАА «СтройАрком» (Санкт-Пецярбург), намеснікам гендырэктара ТАА «Асвейская будаўнічая кампанія».

Пяць спробаў прабіцца ў парламент, прэзідэнцкія амбіцыі

Тут і далей фота Радыё Свабода

За плячыма Рыгора Кастусёва багаты досвед удзелу ў грамадска-палітычных кампаніях. Пачалося ўсё з выбараў у Вярхоўны Савет СССР у 1989-м. У 1993-м ён узначаліў Шклоўскую раённую арганізацыю Партыі БНФ, а праз 24 гады і саму партыю.

Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых Саветаў (1987, 1991, 1995). Пяць разоў спрабаваў свае сілы ў якасці кандыдата ў дэпутаты парламента.

У 2006-м быў даверанай асобай адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча.

У 2010-м паспрабаваў уласныя сілы ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, паводле афіцыйных звестак атрымаў 1,97% галасоў. У ноч на 20 снежня 2010-га, пасля разгону Плошчы, Рыгора Кастусёва затрымалі. Неўзабаве дзяржаўныя СМІ апублікавалі ягоныя словы пра правакацыі ў часе акцыі пратэстаў. Зрэшты, пра магчымыя правакацыі з боку расійскіх спецслужбаў ён папярэджваў на працягу той кампаніі.

У 2015-м уваходзіў у ініцыятыўную групу Таццяны Караткевіч, якую БНФ падтрымаў на выбарах прэзідэнта.

Знаёмства з Лукашэнкам

Па словах Рыгора Кастусёва, з Аляксандрам Лукашэнкам ён пазнаёміўся, калі абодва яны кіравалі саўгасамі. У 1989-м Лукашэнка канкураваў з Вячаславам Кебічам у часе выбараў у Вярхоўны Савет СССР. Кастусёў тады падтрымаў калегу-дырэктара, за што атрымаў вымову — маўляў, пайшоў супраць лініі партыі.

Пазней Кастусёў расказваў журналістам пра запрашэнне далучыцца да каманды Лукашэнкі ў 1994-м, пра прапанову стаць ягоным намеснікам. Урэшце, іх дарогі рызышліся ў розныя бакі. Пасля падзей снежня 2010-га пайшлі чуткі пра асабістае заступніцтва Лукашэнкі, дзякуючы якому нібыта Кастусёва аператыўна вызвалілі з-пад варты. Але падзеі нашых дзён сведчаць пра сапраўднае стаўленне да былога калегі.

Сям’я

З жонкай Ларысай Рыгор Кастусёў пазнаёміўся ў часы сваёй вучобы ў Горках. Разам яны ўжо 42 гады.

Ларыса Кастусёва прызналася ў адным з інтэрв’ю, што прысвяціла сваё жыццё сям’і, а не кар’еры. Калі муж ішоў у парламент, збірала подпісы за яго, была назіральніцай на ўчастку.

Дочкі палітыка — 40-гадовая Галіна і 37-гадовая Кацярына — настаўніцы па адукацыі. 33-гадовы сын Андрэй апошнія 15 гадоў жыве ў Польшчы, там жа ён атрымаў адукацыю.

Галіна вымушаная была пакінуць Беларусь разам з сям’ёй пасля арышту бацькі. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(22)