Рудкоўскі: «Магільная цішыня вельмі зманлівая. Туніскі кейс далёка не адзіны, які сведчыць аб гэтым»

Не раз паўстае пытанне: ці рэпрэсіі ўсур'ёз і надоўга прыдушылі волю да свабоды, ці ўсё гэта — часовая дамба, якую ў любы момант можа прарваць чарговая хваля народнага паўстання, піша палітолаг Пётр Рудкоўскі.

Пётр Рудкоўскі

— Цікава ў гэтым плане было пачытаць сведчанне аднаго тунезійскага актывіста пра сітуацыю ў яго краіне ў 2008 года. Для нас гэты год, магчыма, асацыюецца з «адлігай», а ў Тунісе ад ліпеня пачаліся небывалыя рэпрэсіі, параўнабельныя да таго, што адбываецца ў Беларусі з канца 2020.

Прычынай сталі лакальныя, але даволі настойлівыя пратэсты першай паловы 2008. У выніку гвалтоўнай іх пацыфікацыі загінулі два пратэстоўцы, каля 30-ці раненых і пару сотняў займелі крымінальныя справы.

Вось што піша актывіст пра сітуацыю ў медыйнай сферы ў Тунісе ў 2009 годзе, то бок на этапе пост-пратэстнага закручвання гаек:

— У 2009 годзе была хваля цэнзуры, якой раней не было. Гэта было нават смешна. Пад цэнзурай было ўсё. Любы вэб-сайт, які змяшчаў словы «правы» і «чалавек» быў заблакаваны. YouTube, DailyMotion, WordTV ... усе платформы для абмену відэа былі зачыненыя.

Калі ў вашага блогу было больш за 20 наведвальнікаў, незалежна ад тэмы, нават калі вы вялі блог пра кулінарныя рэцэпты, ён быў аўтаматычна заблакіраваны.

З улікам такой шалёнай пацыфікацыі грамадства складана было ўявіць, што ў агляднай будучыні здарацца сур'ёзныя пратэсты. А яны здарыліся — прыблізна праз два з паловай гады пасля расправы з пратэстоўцамі ў 2008-ым. Здарыліся без планавання і падрыхтоўкі. І гэтая хваля стала вырашальнай для лёсу аўтарытарнага рэжыму з 50-гадовым стажам. У студзені 2011-га аўтакрат адрокся ад улады і збег.

Мы ўсе інтэлігентныя людзі і разумеем, што няма сэнсу прарочыць літаральнае паўтарэнне таго ці іншага працэсу. Але ясна адно: магільная цішыня вельмі зманлівая. Туніскі кейс далёка не адзіны, які сведчыць аб гэтым.

У 2021 г., пасля 10 год адносна дэмакратычнага жыцця, у Тунісе здарыўся палітычны крызіс, які трывае дагэтуль. Гэта ўжо асобная тэма, але, так ці інакш, як на краіну, якая ніколі раней не мела досведу дэмакратыі і дзе рэлігійныя і племянныя фактары дужа моцныя, агульны вынік звяржэння аўтакратыі цалкам нядрэнны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(19)