Филин

Марк Дзюба

Рудкоўскі: Чаму Польшча наўрад ці падтрымае ўзброенае паўстанне ў Беларусі

Палітолаг, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пётр Рудкоўскі — пра тое, ці варта беларусам разлічваць на падтрымку Польшчы і Украіны ва ўзброенай барацьбе з рэжымам Лукашэнкі.

Пётр Рудкоўскі

— Былы намеснік міністра абароны Польшчы Вальдэмар Скшыпчак заявіў на днях, што Польшча павінна рыхтавацца падтрымаць беларусаў у выпадку іх узброенага паўстання супраць рэжыму. Наколькі верагодна, што такая краіна, як Польшча, сапраўды акажа падобную дапамогу беларусам?

— Падтрымка ўзброенага паўстання — гэта вялікая рызыка і вялікая адказнасць. Ёсць даволі свежы вопыт Сірыі. Пасля таго, як у 2011 годзе рэжым Асада брутальна разагнаў пратэсты, якія пачаткова былі адносна мірнымі, частка вайскоўцаў вырашыла, што цяпер трэба дзейнічаць сілавым метадам.

Пры падтрымцы Турцыі і некаторых заходніх краін сфармавалася Свабодная сірыйская армія і распачала ўзброеную барацьбу з дыктатарскім рэжымам. На жаль, як ведаем, дыктатура не пала, затое барацьба ператварылася ў жудасную грамадзянскую вайну, наступствы якой адчуваюць не толькі сірыйцы, але і цэлы кантынент.

Чыніць або падтрымліваць узброенае паўстанне мае сэнс толькі тады, калі ёсць высокая імавернасць, што: а) рэгулярная беларуская армія ў сваёй большасці падтрымае паўстанцаў або прынамсі захавае нейтралітэт; б) беларускі рэжым не атрымае ўзброенай падтрымкі звонку (напрыклад ад Расіі або АДКБ).

На дадзены момант імавернасць наконт абедзвюх рэчаў даволі нізкая, і я думаю, што польскія ўлады гэта таксама разумеюць. Рызыка займець грамадзянскую вайну ў непасрэдным суседстве і паток бежанцаў, які будзе супастаўны па колькасці з бежанцамі з Украіны, — гэта асноўныя перашкоды для падтрымкі з боку Польшчы.

— А як наконт падтрымкі з боку Кіева беларускіх ўзброеных падраздзяленняў у іх барацьбе супраць рэжыму Лукашэнкі? На гэта спадзяюцца добраахвотнікі, якія сёння ваююць за Украіну.

Калі Украіна пераможа (чаго ёй зычу), то як мінімум некаторыя ўкраінскія палітыкі будуць прасоўваць гэтую ідэю. Але ці яны будуць вызначаць палітыку ў дачыненні да Беларусі? Не думаю.

У выпадку перамогі Украіны з’явяцца менш праблемныя і больш прымальныя для Захаду спосабы прыцягнення беларускага рэжыму да адказнасці. У выпадку паразы Расія пагрузіцца ва ўнутраныя разборкі і будзе слабой настолькі, што не зможа аказаць дзейсную падтрымку Лукашэнку.

Я думаю, сам факт наяўнасці альтэрнатыўных (у стасунку да ўзброенага паўстання) спосабаў прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці прывядзе да таго, што Кіеў не будзе схільны падтрымліваць гэты сцэнар.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(18)