Пётр Рудкоўскі: «Лукашэнкаўцы прайграюць вайну без правіл супраць бел-чырвона-белага сцяга»

Дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Пётр Рудкоўскі – пра ролю інтэлектуальнай сумленнасці ў прапагандысцкім супрацьстаянні.

Не паспелі прапагандысты запусціць чарговую кампанію супраць бчб, як у грамадстве ўжо шырока абмяркоўваецца повязь чырвона-зялёнага сцяга з гітлераўскім нацызмам. Падстава: Мікалай Гусеў, аўтар бэсэсэраўскага сцяга, у часы акупацыі пісаў партрэты Гітлера і нацысцкіх афіцэраў, а пасля вайны нават сядзеў у турме за «калабарацыю», — піша Пётр Рудкоўскі.

Ясна, што гэта вельмі слабая падстава, пра што сумленна нагадала Ганна Севярынец, хоць сама яна мае тысячы прычын, каб не любіць чырвона-зялёны сцяг.

Але. Запуск наратыву пра «нацысцкае паходжанне» чырвона-зялёнага сцяга — гэта жорсткі напамін пра тое, да чаго можа весці прапагандысцкая вайна «без правіл». Напамін для лукашыстаў.

Каб выйграць у гэтай вайне за сімвалы, ім трэба рабіць стаўку на інтэлектуальную сумленнасць апанентаў: спадзявацца, што ўсе акажуцца такімі ж сумленнымі, як спадарыня Севярынец.

Без гэтага — добрай волі з боку апанентаў — выйграць гэту прапагандысцкую вайну лукашысты не змогуць.

Добра, для парадку дадамо: «хутчэй за ўсё» не змогуць. Бо ў выпадку чырвона-зялёнага на гістарычную (нацягненую) асацыяцыю з гітлерызмам накладваецца жывы і актуальны досвед: катаванні, фальсіфікацыі, бяспраўе, палітычныя забойствы — з’явы, якія самі па сабе спараджаюць асацыяцыі з гітлерызмам.

У выпадку ж бчб ёсць толькі (вельмі нацягненая) гістарычная асацыяцыя. Але нават гэтая асацыяцыя вельмі хутка разбіваецца аб падручны контраргумент: як быць, напрыклад, з расійскім трыкалорам, які таксама выкарыстоўваўся антыбальшавісцкімі сіламі ў часы вайны?

Гэта контр-аргумент, які не патрабуе вытанчанага лагічнага аналізу, то бок ён лёгка можа быць зразуметы і прыняты шырокімі коламі грамадства. У лукашыстаў няма аналагічнага козыру ў дачыненні да наратыву пра чырвона-зялёны сцяг.

Такім чынам, без поўнай інфармацыйнай манаполіі выйграць прапагандысцкую вайну ў лукашыстаў няма шанцаў. Манапалізаваць інтэрнэт або адключыць яго ў Беларусі практычна немагчыма. Давер жа да БТ знізіўся да 10% і пабіў антырэкорд ЦВК.

Улічваючы, што ім прыходзіцца для палітычных перадач наймаць у якасці вядучых жонак амонаўцаў, людзей без журналісцкай падрыхтоўкі, няцяжка спрагназаваць далейшы лёс даверу да БТ.

Прасоўваны лаяльнымі сілавікамі законапраект аб фактычнай забароне бчб папросту падкорміць контр-прапагандысцкі трэнд. Пасля прыняцця такога закону (калі ён увогуле будзе прыняты) прыйдзецца прымаць закон аб забароне асацыявання чырвона-зялёнага з Гітлерам.

А пасля прыняцця гэтага закону (калі будзе прыняты) прыйдзецца прымаць закон аб забароне згадвання самога факту пра тое, што Мікалай Гусеў у часы вайны пісаў партрэты нацыстаў. Альбо аспрэчваць датычнасць Гусева да паўстання чырвона-зялёнага сцяга.

Кожны з гэтых крокаў ва ўмовах, паўторым, адсутнасці інфармацыйнай манаполіі будзе толькі прыцягваць увагу да праблемных месцаў у рэжымным наратыве. Адзіны спосаб пазбегнуць далейшай дыскрэдытацыі чырвона-зялёнага сцяга — адмова ад спроб дыскрэдытацыі бчб.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(134)