Политика
Таццяна Гусева

Прэтэндэнту на пасаду прэзідэнта параілі пагаліцца

Салігорская пенсіянерка ўбачыла ў прэтэндэнце на пасаду прэзідэнта Андрэе Саннікаве клон Мілінкевіча і параіла яму пазбавіцца барады і вусоў.

- Вось такі да нас Мілінкевіч прыязджаў, - прыгадала іміджмейкер ад сахі Ніна Ярмалінская. - Зарослы, як мядзведзь з бярлогі. Не разабраць, дзе твар. Калі ты вылучаешся на пасаду прэзідэнта - павінен ідэальна адпавядаць усім сучасным патрабаванням.

Саннікаў у адказ паабяцаў выканаць пажаданне салігорскай пенсіянеркі.

Падчас сустрэчы каардынатара грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэя Саннікава з жыхарамі Салігорска прэтэндэнт у кандыдаты атрымаў шэраг прапановаў для сваёй будучай выбарчай праграмы. У тым ліку - гаварыць з выбаршчыкамі па-беларуску, адмяніць хларыраванне вады, зрабіць так, каб законы працавалі, зачапіць сялянскую душу і аддаць частку акцыі «Беларуськалія” працоўнаму калектыву.

Раілі Саннікаву ўлічваць настрой ва ўсім грамадстве і не развенчваць Казуліна, а таксама знайсці кампраміс з Яраславам Раманчуком і вылучыць адну кандыдатуру. Прэтэндэнт запэўніў, што кансалідацыя адбудзецца.

- Калі шчыра казаць, я б хацеў бачыць Яраслава Раманчука ва ўрадзе на пасадзе віцэ-прэм'ера. Вельмі паважаю яго. Добрая, светлая галава. Аналітык, але ж не працаваў практычна, - сказаў Андрэй Саннікаў.

Адзіным супернікам на выбарах ён назваў Лукашэнку, а вось Мілінкевіча разглядае як саюзніка.

- У 2006-ым я працаваў у ягоным штабе. Але ён не апраўдаў мой давер. Мілінкевіч не падтрымлівае палітвязняў і прапануе Захаду весці дыялог з Лукашэнкам.

- За якія грошы вы ездзіце па рэгіёнах? - запытаўся ўдзельнік сустрэчы.

- За уласныя сродкі.

- А вы ведаеце, што на арганізацыю кампаніі “Гавары праўду” маскалі далі 10 мільёнаў даляраў, - не суняўся суразмоўца.

- Я ведаю пра такую кампанію, але не ведаю, колькі грошай і хто ім дае.

- Вы кажаце, што зараз вырашальны момант для краіны, а я лічу, што мы яго страцілі ў 2006 годзе. Дзе вы былі тады?

- Я на плошчы быў. З людзьмі. У нас было шмат шанцаў змяніць будучыню краіны. Так, мы іх згубілі, у тым ліку і таму, што мы не патрабавалі ад лідэраў іншага.

- Усё, выбары прайшлі. Вы прэзідэнт. Якім будзе лёс Лукашэнкі? - пацікавіўся сівы дзядуля.

- Лёс Лукашэнкі будзе вырашаць народ. Будуць вырашаць суды. Ніякіх самасудаў не будзе.

- Сярод моладзі мала хто ўжывае беларускую мову. Мае аднагодкі цураюцца, калі чуюць, што я размаўляю па-беларуску. Як вы будзеце падтрымліваць ўзмацненне пазіцый беларускай мовы сярод моладзі? - звярнуўся да Саннікава маладзён.

- Дзяржаўнай мовай павінна быць адна - беларуская.

У размове з карэспандэнтам “Салідарнасці” Андрэй Саннікаў зазначыў, што мэта ягоных паедак па рэгіёнах - фарміраванне ініцыятыўнай групы і падрыхтоўка выбарчай праграмы.

- Алесь Міхалевіч у сваёй выбарчай праграме паабяцаў ліквідаваць вытворчасць пладова-ягадных він, якія ў народзе называюць чарніла. А у вашай праграме будзе такі пункцік?

- Я маю намер гаварыць пра сур'ёзныя рэчы, а не жартаваць з людзьмі. Такія папулісцкія трукі лёгка выдумляць, але яны не даюць ніякіх вынікаў.

- Калі вы пра сябе людзям расказвалі, пра сям'ю не згадалі.

- Мая жонка Ірына Халіп, вядомы журналіст. Майму старэйшаму сыну 35, малодшаму - тры гады.

- Народ цікавіць таксама наяўнасць у палітыка пазашлюбных дзяцей.

- (Усміхаецца) Усе дзеці нарадзіліся ў шлюбе.

- Калі вы станеце прэзідэнтам, якім будзе ваш першы указ?

- Вяртанне гістарычных нацыянальных каштоўнасцяў - сцяга і герба Пагоня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)