«Прессбол» з 1 жніўня перастане прадавацца ў кіёсках Мінскай вобласці

Папулярнае спартыўнае выданне «Прессбол» з 1 жніўня 2011 года перастане паступаць у рознічны продаж (кіёскі «Саюздрука») на тэрыторыі Мінскай вобласці (за выключэннем Мінска), пра гэта гаворыцца ў рэдакцыйным звароце выдання да чытачоў.

Прычына, па словах выдання, у тым, што РУП «Мінскаблсаюздрук», якое займаецца распаўсюдам выдання, сістэматычна не выконвае свае абавязкі. «Прессбол» зазначае, што "Мінскаблсаюздрук» не расплаціўся за наклад, рэалізаваны яшчэ ў мінулым жніўні, а сёння завінавачанасць «Мінскаблсаюздрука» перад газетай складае 150 млн рублёў.

Апроч таго, «Мінскаблсаюздрук» прапанаваў з 1 жніўня 2011 года разарваць дамову пастаўкі "да стабілізацыі далейшай сітуацыі на РУП "Мінскаблсаюздрук"".

У звароце зазначаецца, што рэдакцыі «Прессбола» не застаецца нічога, як прапанаваць сталым чытачам Міншчыны аформіць падпіску на выданне. Таксама звяртаецца ўвага на тое, што прадпрыемствы Саюздрука ў іншых абласцях і горадзе Мінску (Белсаюздрук) спраўна выконваюць свае абавязкі, і газета будзе паступаць у кіёскі гэтых абласцей і ў сталіцы.

«Прессбол» таксама прапануе электронную падпіску на нумары выдання, што танней, а нумар прыходзіць чытачам не раніцай, а напярэдадні, пасля падпісання газеты ў друк (у 21:00—21:30).

*** «Прессбол» — самае папулярнае спартыўнае выданне ў Беларусі. Гэта — недзяржаўная газета. Выдаецца ад 16 студзеня 1991 г. Зараз выходзіць 4 разы на тыдзень: аўторак — пятніца. Наклад аўторкаўскага нумару складае 20 тыс асобнікаў, пятнічнага — 15 401.

Электронных падпісчыкаў у газеты на сёння 807. «Прессбол» зазначае, што калі колькасць электронных падпісчыкаў дасягне 5 тыс. чалавек, то першы нумар новага тыдня будзе прыходзіць падпісчыкам не вечарам панядзелка, а вечарам нядзелі.

Кошт электроннай падпіскі на паўгода складае цяпер 90 тыс. рублёў, што амаль удвая танней, чым падпіска цераз пошту. Так, кошт падпіскі на жнівень цераз пошту — 29 630 рублёў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)