Общество

Прашэнне аб памілаванні для палітычных — пісаць ці не?

Разважанні былога палітзняволенага, праваабаронцы Леаніда Судаленкі.

Леанід Судаленка

— Першы раз аб памілаванні мне нагадаў Юрый Васкрасенскі, тады я яшчэ ў СІЗА быў у статусе падазраванага, — піша Судаленка. — Прэзумпцыя маёй невінаватасці ніколькі не збянтэжыла сумна вядомага «пасярэдніка», прапанову ён матываваў прыгожымі фразамі, тыпу «ваш крымінальны пераслед з'явіўся следствам палітычных падзей 2020 года», намякаючы на палітычны складнік і абяцаючы зрабіць усё магчымае для майго будучага вызвалення.

Давер да гэтай асобы ніжэйшы за плінтус, але прапанову далучыў у крымінальную справу як доказ, што не ўяўляю небяспекі для грамадства і мяне можна да суда адпускаць пад падпіску аб прыкладных паводзінах.

Галоўным бар'ерам на шляху падачы хадайніцтва аб памілаванні для мяне з'яўлялася прызнанне віны. Бо фактычна прапаноўвалася паставіць знак роўнасці паміж абаронай правоў людзей і крымінальным злачынствам! Для мяне гэта чырвоная лінія, якую пераступіць не мог.

Не пераступіў і аднойчы раніцай, калі ў атрад прыбег опер, паставіў усіх палітычных у лакальным участку і са словамі «хто прызнае віну — крок наперад» чакаў і майго выхаду. Людзі, якія былі там, скажуць як я тады паступіў. Таму і сядзеў са статусам «злоснага парушальніка», не атрымаўшы за ўвесь тэрмін ніводнага спаткання з блізкімі.

Дык пісаць ці не пісаць памілаванне? А калі пішаш, ці становішся на калені перад дыктатарам? Мой адказ просты кожны ўсталёўвае сваю чырвоную лінію, і гэты выбар трэба паважаць!

Тым, хто там не быў, прымяраць мундзір суддзі ці пракурора не рэкамендую. Часам там выбіраеш паміж здароўем і нават жыццём і для гэтага (асабліва, калі сядзіш, як і ўсе палітычныя, без злачынства) змушанае прызнанне віны з'яўляецца шанцам для выратавання.

Год таму была памілаваная мая памочніца Таццяна, з якой у нас агульны прысуд на дваіх. Седзячы ў судзе ў адной клетцы я ўгаворваў яе пісаць «памілуху», таму што адчуваў маральную адказнасць за тое, што здарылася. Ды і яе асабістыя абставіны не пакідалі іншага выбару — памерла мама, самотны бацька з абмежаванымі магчымасцямі мае патрэбу ў доглядзе. На шчасце, яе хадайніцтва тады патрапіла ў гульню, якая, на вялікі жаль, хутка скончылася.

У лагеры мне даводзілася пісаць «памілухі» іншым людзям, хаця ніводная не спрацавала. Усіх без выключэння палітычных робяць парушальнікамі, якія не сталі на шлях выпраўлення. А раз не выправіўся, якое памілаванне?

Я пра гэта казаў людзям, яны ж спрабавалі, і я іх не асуджаю. А раптам зноў пачнецца маленькая гульня пад назваю «адпусці закладніка» і камусьці, як і Таццяне, пашанцуе? Ну а калі пачнецца вялікая гульня, тады на волю выйдуць усе і адразу!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(23)