Коктейль

План Агінскага. Як спрабавалі адрадзіць ВКЛ пад скіпетрам Расійскай імперыі

Пра адну з такіх спробаў у «Нашай гісторыі» піша кандыдат гістарычных навук Павел Булаты.

Такім Агінскі бачыў Санкт-Пецярбург у 1811 годзе, калі пісаў свае прапановы да Аляксандра І. Неўскі праспект і Казанскі сабор на малюнку Бенжамена Патэрсэна

Як толькі ў 1795 годзе з палітычнай карты свету знікла Рэч Паспалітая абодвух народаў, яе эліты адразу пачалі рабіць спробы адрадзіць некалі магутную дзяржаву.

Крокі былі розныя: адныя шукалі апекі пры дварах еўрапейскіх манархаў і ўрадаў, іншыя ўскладалі спадзеў на сумесную вайну з Турцыяй супраць Расіі і ўнутранае паўстанне. Але былі і такія, якія спрабавалі паразумецца ў гэтай справе з расійскім імператарам.

Палітык, дыпламат і ваяр

Пачынаючы з першых гадоў ХІХ стагоддзя многія ліцвіны і палякі бачылі галоўным сваім збаўцам Напалеона Банапарта. Менавіта з асобай французскага імператара і яго вялікай арміяй звязваліся надзеі на адраджэнне незалежнасці Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага.

Гэта знайшло сваё адлюстраванне, сярод іншага, і ў пачатку моды называць Напалеонамі сваіх нованароджаных дзяцей (гл. пра гэтую традыцыю, якая расцягнулася больш чым на стагоддзе, артыкул Дзяніса Лісейчыкава ў № 7/2019 «Нашай гісторыі»).

Але былі і такія, хто не хацеў давяраць лёс краіны амбітнаму карсіканцу. Частка шляхты зніклай краіны вырашыла пашукаць шчасця на іншым баку супрацьстаяння. Самым вядомым палітыкам гэтай групоўкі быў Міхал Клеафас Агінскі.

Так, гэта менавіта той самы Агінскі, вядомы цяпер перш за ўсё як кампазітар, аўтар знакамітага паланэза «Развітанне з радзімай». Але музыка для Міхала Клеафаса была толькі хобі, бо ў першую чаргу ён быў усё ж палітыкам і дыпламатам.

Ягоная палітычная кар’ера пачалася даволі рана і развівалася хутка ды паспяхова: у 20 гадоў Агінскі быў абраны паслом на сойм (гэта як цяпер дэпутат парламента), у 25 стаў надзвычайным паслом у Рэспубліцы Злучаных Правінцый (так тады зваліся цяперашнія Нідэрланды), а ў 28 атрымаў пасаду вялікага падскарбія літоўскага (аналаг міністра фінансаў).

Потым было паўстанне на чале з Тадэвушам Касцюшкам, падчас якога літоўскі падскарбі ўзяўся за шаблю. А пасля яго паразы трыццацігадовы Агінскі быў вымушаны на некалькі гадоў пакінуць бацькаўшчыну і падацца на эміграцыю. Тады, дарэчы, і з’явіўся знакаміты паланэз.

Паміж Напалеонам і Аляксандрам

Шанец Агінскаму вярнуцца з эміграцыі даў палацавы пераварот у Расіі ў сакавіку 1801 года, пасля якога на трон замест забітага змоўцамі Паўла І узышоў ягоны сын Аляксандр І. Той спачувальна ставіўся да Польшчы і палякаў, а таму працягнуў ім руку паразумення. Міхал Клеафас Агінскі быў сярод тых, каго гэта адразу натхніла і збудзіла надзею.

У 1801 годзе ён прыехаў у Гродна і прысягнуў новаму расійскаму імператару. А той выказаў прыязнасць да былога паўстанца і дапамог яму вырашыць спрэчкі з раней секвестраванымі зямельнымі ўладаннямі.

Магчыма, у вачах некаторых сучаснікаў Агінскага яго адносіны з расійскімі ўладамі маглі ўспрымацца як здрада, але сам Міхал Клеафас лічыў, што робіць справу на карысць айчыне.

Вера ў магчымасць паразумення з расійскімі ўладамі не згасла ў яго і ў наступныя гады, калі ў шляхецкіх асяродках былой Рэчы Паспалітай поўным ходам забуяла напалеонаманія.

Агінскі тады быў адным з нямногіх шляхцічаў, хто не даверыўся Напалеону і не бачыў у ім вызваліцеля.

Ён, дарэчы, неаднаразова асабіста сустракаўся з Банапартам і найвышэйшымі чынамі Францыі і з гэтых сустрэч зразумеў, што адраджэнне Рэчы Паспалітай не ўваходзіць у планы Францыі, а Вялікае Герцагства Варшаўскае, створанае Напалеонам у 1807 годзе, не больш чым фармальнасць.

Падпарадкоўвалася яно непасрэдна імператару Францыі, а вайсковыя фармаванні, набраныя з палякаў, выкарыстоўваліся як «гарматнае мяса» ў розных кутках Еўропы.

Таму Агінскі асэнсавана зрабіў стаўку на расійскага імператара, які падаваўся яму больш ліберальным і адкрытым, чым французскі. І такое меркаванне не было беспадстаўным: Аляксандр І у першыя гады кіравання лічыўся рэфарматарам і да тэрыторый беларускіх і літоўскіх губерняў, далучаных да імперыі яго бабкай Кацярынай ІІ, ставіўся цярпіма.

Там па-ранейшаму дзейнічаў Статут ВКЛ 1588 года (яго дзеянне працягвалася да 1831 года ў Віцебскай і Магілёўскай губернях, а ў іншых — да 1840- га), а справаводства і навучанне, як і ў часы Рэчы Паспалітай, вялося па-польску.

Агінскі лічыў, што расійскі імператар павінен замацаваць гэтыя парадкі заканадаўча, а да таго ж ён можа зрабіць яшчэ і невялікі крок у бок аўтаноміі.

ВКЛ у далюблінскіх межах

У маі 1811 года Міхал Клеафас перадаў імператару ліст з праектам загада, які сёння больш вядомы нам пад назвай «План Агінскага». Гэты дакумент — бачанне Агінскім таго, як мусіць быць уладкавана жыццё на землях, што яшчэ два дзесяцігоддзі да таго былі суверэннай дзяржавай.

План складаўся ўсяго з 11 невялікіх артыкулаў, але ў іх Агінскі змог ахапіць асноўныя сферы ўладкавання жыцця меркаванай новай аўтаномнай адзінкі Расійскай імперыі — Вялікага Княства Літоўскага.

У лісце да плана Агінскі спрабуе патлумачыць Аляксандру І перавагі сваёй прапановы. Міхал Клеафас піша, што план Напалеона аб адраджэнні польскай дзяржавы ў выглядзе Варшаўскага герцагства пацярпеў паразу, але многія палякі і ліцвіны ў Еўропе яшчэ чапляюцца за яго як за саломінку.

І калі расійскі імператар працягне ім руку дапамогі ў выглядзе новай польска-літоўскай аўтаноміі ў складзе імперыі, то яны з радасцю стануць пад расійскія сцягі ў хуткай вайне. А ў тым, што вайна будзе, Агінскі не сумняваўся.

Тэрыторыя меркаванага аўтаномнага Вялікага Княства Літоўскага ў адпаведнасці з планам Агінскага. Аўтар — Уладзімір Садоўскі

Першы артыкул плана Агінскага выглядае даволі дзёрзка. У ім акрэсліваюцца землі, якія прапаноўвалася ўключыць у склад аўтаномнай правінцыі. Акрамя традыцыйных Гродзенскай, Віленскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў, Міхал Клеафас прапаноўваў лічыць часткай Вялікага Княства Літоўскага Кіеўскую, Падольскую і Валынскую губерні, а таксама Беластоцкую вобласць і Тарнопальскую (Цярнопальскую) акругі.

У складзе Рэчы Паспалітай гэтыя землі былі часткай Каралеўства Польскага. Бо, як вядома, перад заключэннем Люблінскай уніі ў 1569 годзе польская шляхта дабілася таго, каб кароль Жыгімонт Аўгуст выдаў указ аб далучэнні да Кароны Польскай Падляшша, Валыні, Падолля і Кіеўшчыны (гл. пра гэта падрабязней у артыкуле Уладзіміра Падалінскага ў № 6/2019 «Нашай гісторыі»).

Такім чынам, сваім планам Агінскі фактычна імкнуўся да адраджэння межаў ВКЛ далюблінскіх часоў. Адміністрацыйным цэнтрам адроджанага княства мусіла стаць яго старадаўняя сталіца — Вільня.

Свае людзі і свае законы

Значная частка артыкулаў-прапаноў тычыцца адміністрацыйнага ўладкавання княства. Агінскі прапаноўваў даручыць кіраванне Вялікім Княствам Літоўскім урадніку з тытулам імператарскага намесніка і ўтрымліваць яго за дзяржаўны кошт, а таксама стварыць пры імператару літоўскую канцылярыю на чале са статс-сакратаром. Канцылярыя мусіла непасрэдна займацца кіраваннем справамі княства.

Унутранае кіраванне меркавалася даручыць Адміністрацыйнай радзе пад апекай імператарскага намесніка, у якую б уваходзілі розныя дэпартаменты. Пры гэтым усе сябры рады прызначаліся б непасрэдна расійскім самаўладцам. Але ў гэтай схеме быў адзін істотны момант, вынесены ў асобны артыкул.

Усе пасады ў сістэме дзяржаўнага кіравання маглі б займаць толькі асобы, народжаныя ў Вялікім Княстве Літоўскім, а таксама тыя, хто меў тут уласнасць. Так ствараўся цалкам мясцовы апарат кіравання, нягледзячы на адсутнасць выбарнасці ўраднікаў і іх прызначэнне імператарам.

Важны пункт плана абгаворваў тое, якія законы будуць дзейнічаць на землях Вялікага Княства Літоўскага. Агінскі прадугледжваў, што літоўскі Статут назаўсёды застанецца асновай грамадзянскага заканадаўства для княства.

Такім чынам Міхал Клеафас імкнуўся заканадаўча замацаваць ужо наяўную практыку. Гэта ж тычылася і мовы дзяржаўнага справаводства ў аўтаноміі: паводле Агінскага, такой мовай для ВКЛ мусіла стаць польская, якой у той час працягвалі карыстацца ў далучаных губернях.

Як вядома, польская мова ў канцы XVII стагоддзя была вызначана як мова дзяржаўнага справаводства ў Вялікім Княстве Літоўскім, замяніўшы старабеларускую і трывала замацаваўшыся ў колах эліты.

Апошняй інстанцыяй для вырашэння ўсіх грамадзянскіх і крымінальных спраў мусіў быць вярхоўны суд у Вільні. Не ў Пецярбурзе, а ў адміністрацыйным цэнтры Вялікага Княства. Хоць пры гэтым права прымянення смяротнага пакарання і памілавання заставалася толькі за імператарам.

І ўжо па-за межамі плана Агінскі прапаноўваў імператару Аляксандру І стварыць асобную армію ВКЛ. Але распрацоўку канкрэтнага плана арганізацыі войска ён збіраўся перадаць больш дасведчаным у вайсковых справах асобам.

Няздзейсненыя мары

У рэальнасці план Агінскага застаўся толькі на паперы. Ёсць шмат поглядаў на тое, чаму Аляксандр І марудзіў з яго выкананнем. Найперш для рэалізацыі плана было вельмі мала часу: крыху больш за год. Ён быў распрацаваны вясной 1811-га, а ўжо летам наступнага года пачалася вайна з Напалеонам.

І хоць Агінскі прадбачыў будучае супрацьстаянне і прапаноўваў сваім планам перавабіць частку актыўных палякаў на бок Расіі, што паляпшала б яе стратэгічнае становішча, імперская бюракратыя была вельмі маруднай і да пачатку вайны ўсё адно не змагла б рэалізаваць настолькі маштабныя пераўтварэнні.

Тым не менш на працягу ўсёй кампаніі 1812 года Міхал Клеафас Агінскі не пакідаў надзеі на рэалізацыю свайго плана. Сярод іншых ён сустракаўся і размаўляў пра гэта са славутым галоўнакамандуючым расійскай арміі Міхаілам Кутузавым, які, дарэчы, два разы, у 1799—1801 і 1809—1812 гадах, быў літоўскім генерал-губернатарам. Але ніякіх канкрэтных вынікаў гэтыя сустрэчы не далі.

Пасля вайны ж ужо было і зусім не да таго. Напалеона разбілі, а тэрыторыя створанага ім Варшаўскага герцагства па выніках Венскага кангрэсу 1815 года ўвайшла ў склад Расійскай імперыі і атрымала статус аўтаноміі — Царства Польскага. Яшчэ адна аўтаномія на захадзе імперыі ў выглядзе Вялікага Княства Літоўскага расійскім уладам была проста непатрэбная.

Да таго ж значная частка расійскага дваранства разглядала тэрыторыі беларускіх губерняў як «спрадвечна рускія землі» і ні пра якія асаблівыя правы для іх чуць не хацела.

Не меншую ролю ў тармажэнні на шляху да рэалізацыі плана адыгрывала і асоба самога імператара. Па ўспамінах сучаснікаў, у палітычным жыцці Аляксандру І было ўласціва крывадушніцтва. Хоць ён і абяцаў Агінскаму прыняць план, дэманстраваў клопат пра Вялікае Княства Літоўскае, дэклараваў прыхільнае стаўленне да памкненняў шляхты будаваць сваю дзяржаву пад апекай Расіі, але рабіў гэта толькі на словах. Да справы ж урэшце так і не дайшло.

Сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, Смаргонскі раён. Фота: depositphotos.com

Агінскі быў гэтым вельмі расчараваны і пасля заканчэння вайны з Напалеонам стаў паступова адыходзіць ад палітычных спраў. У 1815 годзе, пасля таго як была завершана пабудова палаца ў Залессі, Міхал Клеафас разам з сям’ёй перабраўся туды з Пецярбурга.

У сваіх мемуарах пяцідзесяцігадовы палітык і кампазітар занатаваў: «Мой узрост і хваробы прымушаюць мяне адысці ад спраў, каб знайсці ў самоце радасць адпачынку і супакою ад бурлівага жыцця». А апошнія 10 гадоў жыцця, з 1823 па 1833 год, ён правёў у эміграцыі ў Італіі.

Гэтым разам прымусіў Агінскага змяніць клімат не палітычны фактар, а кепскі стан здароўя. А развітаўшыся з радзімай чарговы раз, ён больш на яе не вярнуўся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(20)