“Пісьменнікі ў эміграцыю не збіраюцца. Аніяк”
Адразу чатыры замежныя творчыя арганізацыі прапанавалі прытулак Саюзу беларускіх пісьменнікаў: маскоўскі, літоўскі, польскі і украінскі. Жыллёвае пытанне ў ліку асноўных разглядалася на з’ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў, які адбыўся 22 кастрычніка. “Калі ўлада адпіхае і гатовая нават выгнаць у эміграцыю ўсіх сваіх народных пісьменнікаў і самых таленавітых паэтаў — гэта вар’яцтва, — пракаменціраваў “Салідарнасці” сітуацыю, якая склалася, паэт Генадзь Бураўкін.
Прыемна уладзе ці не, але ёсць у Беларусі Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Ніл Гілевіч і яшчэ паўтысячы літаратараў, якія не пажадалі пець з чужога голаса. Больш за палову з іх сабраліся на з’езд. Кворуму з каптурком было не да рыфмаў і эпітэтаў — выступаючыя мусілі ашчадна ставіцца да часу, бо ўпершыню за апошнія трыццаць гадоў Саюз беларускіх пісьменнікаў вырашаў надзённыя пытанні не ва ўласным, а ў арэндаваным памяшканні.
Нагадаем, што 30 жніўня Саюз быў выселены з Дома літаратара. Гэта адбылося пасля таго, як 2 сакавіка Вышэйшы гаспадарчы суд задаволіў пазову Упраўлення справамі прэзідэнта да СБП аб выплаце 55,5 млн. рублёў і высяленні з памяшканняў Дома літаратара.
— Мы ўдзячныя усім калегам найперш за маральны прытулак. Але Саюз беларускіх пісьменнікаў будзе існаваць у Беларусі, у Мінску. Пісьменнікі не збіраюцца ў эміграцыю. Аніяк, — паведаміў “Салідарнасці” Алесь Пашкевіч. — Пашырэнне перакладаў твораў — адзіны варыянт эміграцыі, які мы прадугледжваем.
Читайте еще
Избранное