Кризис
Юрась Вітальеў, Еўрарадыё

«Першым антыкрызісным крокам павінна быць адстаўка ўрада»

Беларускі ўрад зацвердзіў антыкрызісную праграму, тэкст якой засакрэцілі ад грамадства. Еўрарадыё папрасіла вядучых эканамістаў краіны ацаніць эфектыўнасць гэтай праграмы і прапанаваць свае першыя крокі для выхаду з крызісу.

У праграме няма разумення, што рабіць, і ў ёй адлюстраваныя праблемы ўчорашнія, а сёння сітуацыя іншая, лічыць рэктар Маскоўскай бізнэс-школы Павел Данэйка:

"Мы пакуль заўтра ўяўляем сябе ўчорашнім днём. Таму ўсе гэтыя меры састарэлыя. Крызіс - гэта нараджэнне новага. Трэба зразумець, якая эканоміка будзе заўтра, і дапамагчы ёй нарадзіцца. У гэтым павінна быць логіка антыкрызісных мер".

Нічога новага ў праграме не бачыць і эканаміст Сяргей Чалы:

"Ім сказалі: трэба пра пісаць пра лібералізацыю. Яны бяруць старыя праграмы і ўстаўляюць слова "лібералізацыя". Тут парадаксальная сітуацыя. Адміністрацыя прэзідэнта зацікаўленая і патрабуе. А людзі даўно ўжо развучыліся пісаць праграмы, якія можна рэалізаваць. Ёсць у мінэканомікі праграма прыцягнення замежных інвестыцый, так яна 10 гадоў і не змянялася".

Апарат кіраўніцтва не можа напісаць нармальную праграму, бо многія там не разумеюць сітуацыю, таму што маюць тэхнічную адукацыю, лічыць чалец грамадска-кансультатыўнага савета пры адміністрацыі прэзідэнта Леанід Заіка:

"Я ведаю, што ёсць супярэчнасці ў самім апараце ўрада. Таму што ў шмат якіх кіраўнікоў тэхнічная адукацыя. Яны пакуль нават не разумеюць, што адбываецца ў эканоміцы"

Якія ж крокі прапаноўваюць нашыя эканамісты?

На думку Сяргея Чалага, каб з'явіліся антыкрызісныя крокі, трэба задумацца не над тым, як змагацца з крызісам, а над тым, як распрацаваць базу росту. І пазбавіцца ад перажыткаў старой сістэмы:

"Была спроба скрыжаваць капіталізм з сацыялізмам. І паколькі гэтая сістэма працавала кепска, то яе трэба было пастаянна падтрымліваць. Таму ствараліся такія падпоркі - напрыклад, рэгуляванне коштаў, каб стрымаць інфляцыю, і субсідаванне прадпрыемстваў. Цяпер ад гэтага трэба пазбаўляцца. Прыбраць дзяржрэгуляванне коштаў, зарплат. І найважнейшае, што ўся эканоміка цяпер пабудаваная па прынцыпе скрыжаваных субсідый".

Калі спыніць субсідыі прадпрыемстваў і паставіць іх ў роўныя умовы, то адразу стане зразумела, хто вытрымае і каго трэба падтрымаць, а каго трэба зачыніць, дадаў Сяргей Чалы.

Леанід Заіка прапанаваў кіраўніцтву краіны 5 першых антыкрызісных крокаў, адзін з іх - гэта сыход урада ў адстаўку.

"Першае, што трэба зрабіць, — гэта правесці дасканалую праверку і аналітыку параметраў паказальнікаў беларускай эканомікі.

Другое: на падставе гэтых параметраў вызначыць болевыя кропкі і вектары, па якіх будзе аказана дакладнае ўздзеянне на сітуацыю.

Трэцяе: дасканалы адбор сярод кіраўнікоў міністэрстваў спецыялістаў, здольных да прыняцця граматных рашэнняў.

Чацвёртае: спатрэбіцца стварэнне нацыянальнага камітэта, які зможа выпрацаваць праграму дзеянняў. Таму ўсё, што падрыхтавана ўрадам, уяўляе сабой набор мер, выкладзеных рознымі міністэрствамі і ведамствамі. Сістэмнасці ў гэтым няма".

І пятым крокам Леанід Заіка прапанаваў бы сысці ў адстаўку сённяшняму складу ўрада, каб кіраўнік дзяржавы змог на час антыкрызісных мерапрыемстваў даць кіраванне добрай антыкрызіснай камандзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)