«Паверце мне, ніхто зь іх ня пойдзе ваяваць за гэтую мову». Лявон Вольскі — пра палымяных абаронцаў расейскае мовы

Навошта абараняць мову суседняе краіны, на якой і так гаворыць большасьць насельніцтва Беларусі? Хто ўсе гэтыя людзі, якія адмоўна выказваюцца пра беларускую мову?

Піша Лявон Вольскі на Budzma.org па слядах чарговай дыскусіі, якая разгарэлася ў сацыяльных сетках вакол выказвання адной дзяячкі, абуранай тым, што на пэўным беларускім сайце няма расейскай мовы, а толькі беларуская і ангельская.

Лявон Вольскі

Тэма, якой не абмінуць

Я даўно заўважыў, што пра беларускую мову адмоўна выказваюцца:

1. Людзі малаадукаваныя;

2. Людзі неразумныя;

3. Людзі, бацькі якіх прыехалі ў горад зь вёскі;

4. Людзі, якія прыехалі з Расеі;

5. Людзі рэтраарыентаваныя;

6. Людзі, якія хочуць атрымаць ад сваіх гэтых выказваньняў нейкую карысьць — падабайкі, піяр, халівар;

7. Розныя спалучэньні вышэйазначаных пэрсанажаў — напрыклад, неразумны чалавек, бацькі якога прыехалі ў беларускі горад з расейскага мястэчка, і які хоча ад пагардлівых выказваньняў у бок беларускае мовы атрымаць шмат падабаек ад такіх самых асобаў, як ён.

Прабачце, што я чарговым разам вяртаюся да гэтае тэмы, але яе зноў не абмінуць — сацсеткі палаюць камэнтарамі на выказваньне чарговай перадавой дзяячкі, якую абурыла тое, што на асобна ўзятым беларускім сайце адно толькі беларуская і ангельская мовы. Няма расейкае. І гэта, маўляў, ігнараваньне правоў расейскамоўных беларусаў!

Як той чорт з табакеркі

Вось ужо гэтыя абаронцы расейскае мовы ў беларускай прасторы! Пэрыядычна ўзьнікаюць, як той чорт з табакеркі, і зноў зьнікаюць недзе. Абаронцы гэтыя напішуць чарговы пост, беларускаарыентаваныя асобы на іх накінуцца ў камэнтарах, а тады прыходзяць іншыя — абаронцы абаронцаў расейскае мовы. І тут будуць гучаць розныя рочы — пра расейскую мову (з малаком мацеры), якая беларусу раднейшая за беларускую, пра «спачатку эканоміка, а потым мова», пра Ірляндыю, Бэльгію, пра нават Бразылію, Мэксыку й Эквадор. Пра Аўстрыю.

6 пунктаў абаронцаў расейскай мовы

Здавалася б, навошта абараняць мову суседняе краіны, на якой і так гаворыць большасьць насельніцтва Беларусі?

1. На тое, што чалавек малаадукаваны ідзе па жыцьці з усталяваным раз і назаўсёды клішэ: сьнег — белы, трава — зялёная, малако — карыснае, ежа — калярыйная, карціна — прыгожая, лідэр — моцны, мова — расейская.

Усё, што ня ўпісваецца ў клішэ (там насамрэч ёсьць яшчэ пару дзясяткаў пастулятаў) — ня мае права на існаваньне. Бо разбурае раз і назаўсёды збудаваны сьвет неадукаванага індывіда.

2. На тое, што чалавек неразумны (ён можа быць і адукаваны, адно аднаму не перашкаджае) далучаецца да малаадукаваных і такіх самых дурных, як ён, абаронцаў расейскае мовы проста праз сваю неразумнасьць. І пачынае апэляваць сваімі павярхнёвымі ведамі з гісторыі, геаграфіі і эканомікі.

І будзе спрачацца да ачмурэньня, а заўтра ў яго, неразумнага, зьменіцца вэктар і прыярытэты, і ён будзе спрачацца ўжо пра іншае. Можа быць, і пра неабходнасьць ратаваньня беларускае мовы. Яны, неразумныя, забываюцца, пра што спрачаліся ўчора.

3. На тое, што чалавек, бацькі якога прыехалі ў вялікі горад зь вёскі, з усіх сілаў выстаўляе сябе гарадзкім. Саромеецца сваіх бацькоў, іхнае трасянкі, свайго вясковага дзяцінства (штолета аддавалі да бабулі зь дзедам), прыбіральні на вуліцы, брудных калгасных кароваў, сельскае крамы й вечна п’янага суседа. Гэтага ўсяго не было! Canсeled!

Таму й мова мусіць быць гарадзкая — расейская. Без варыянтаў. Ясна, што праз усе старанна падслуханыя з расейскае маскультуры «булошные», «кушать» і «ступай» раз-пораз праступаюць «на корідоре», «смеялісь с него» і «жгёт», але гэта нічога не мяняе. Нэафіт хоча быць расейцам болей за самога расейца.

4. На тое, што чалавек, які прыехаў з Расеі, звычайна (увага: ёсьць выключэньні!) пагардліва ставіцца да абарыгенскай гаворкі. Што ў Казахстане, што ў Беларусі, што ў Нямеччыне. І калі будзе магчымасьць, заўсёды ўставіць свае пяць расейскіх капеек у абарону роднай мовы.

5. На тое, што чалавек рэтраарыентаваны жыве спарахнелымі стандартамі мёртвай краіны — СССР. І ён лічыць за неабходнасьць змагацца за «мову міжнацыянальных зносінаў», на якой размаўляюць у «сталіцы нашай родзіны — Маскве». Звычайна рэтраарыентаваныя людзі — гэта адгалінаваньне з пункту 2.

6. На тое, што шмат каму пляваць, на якой тэме зарабляць падабайкі і новых інтэрнэт-сяброў. А тэма беларускае мовы — заўсёды розгаласная. Хтосьці пракляне, а хтосьці — падтрымае. Хтосьці з чатырох катэгорыяў, пазначаных вышэй.

Паглядзіце ўважліва: кожнага разу, калі нейкі чарговы пэрсанаж пачынае пранікнёныя сьпічы за расейскую мову ў Беларусі, ён, гэты пэрсанаж, абавязкова ўпішацца ў адзін з гэтых шасьці пунктаў. І ягоныя абаронцы таксама.

І, паверце мне, ніхто зь іх ня пойдзе ваяваць за гэтую мову. Зьменяцца абставіны, памяняецца кантэкст, узьнікне новая рэчаіснасьць, і яны будуць адно гаротна ўздыхаць: «Ах, вось за Грыгор’евічам значна лепей было! І нават нашая расейская мова была дзяржаўная!».

Вось і пакінем іх каля гэтых іхных разьбітых начовак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(14)