Вікторыя Захарава

Павел Батуеў: «З'ехалі людзі з галавой, з рукамі – цвет нацыі»

Актывіст з Салігорска – пра настрой, «званочкі» і масавыя ад'езды беларусаў.

Нягледзячы на на заявы ўладаў пра спакой і кантроль над сітуацыяй, у Беларусі працягваюцца пераслед і затрыманні грамадскіх актывістаў. Так, днямі пракацілася хваля ператрусаў у Наваполацку, былі затрыманыя 10  чалавек у Баранавічах, затрымліваюць актывістаў у Брэсце, па паўторных пратаколах – за правапарушэнні, якіх не было, – утрымліваюцца ў ЦІП на Акрэсціна мінчане.

Складваецца адчуванне, што сілавікі зноў і зноў адпрацоўваюць усе кропкі патэнцыйнага неспакою, дзе была вялікая пратэставая актыўнасць у 2020-м.

Пра тое, якая абстаноўка і настрой зараз у Салігорску (летась у горадзе пачалася самая маштабная стачка, але ў выніку ад некалькіх тысяч бастуючых засталіся некалькі соцень), што матывуе заставацца ў Беларусі і адкуль браць сілы, каб не скаціцца ў дэпрэсію, «Салідарнасць» распытала актывіста Паўла Батуева.

Фоты з сацсетак суразмоўцы

– Як у нас зараз? Як ва ўсіх – сядзіш, чакаеш, арыштуюць цябе ці не арыштуюць. Апошнім часам у Салігорску штотыдзень каго-небудзь арыштоўваюць па справах жніўня-верасня мінулага году, – гаворыць Павел.

Паводле яго слоў, перад абвешчаным на 1 лістапада агульнанацыянальным страйкам ніякага ажыўлення ў горадзе не было:

– Любы адэкватны чалавек разумеў, што сёння абвяшчэнне страйку – нейкая дзіч. Не зразумела, дзеля чаго і на якіх падставах яго абвяшчалі, бо відавочна, што гэта несур’езная справа.

Адзінае, як яго можна было заўважыць – у гаворках з салігорскімі людзьмі, хто ў стачцы, хто ўжо з’ехаў і пільна сочыць за нашымі навінамі. Вось тыя пра яго ведалі, а астатнія – наогул не.

«Не хачу трансляваць далей упадніцкія настроі, іх і без таго хапае»

– Як гэта: пасля шэрагу арыштаў, вобшукаў, адседак заставацца ў Салігорску і, мала таго, захоўваць пачуццё гумару, каб каментаваць наша «новае дно штодня»?

– На самай справе я далёкі ад нейкага аптымізму. Калі чытаеш беларускія навіны, то не паспяваеш, выбачайце, ахрэневаць. Складваецца ўражанне, быццам чытаеш навіны з вар’яцкага дому – і пісаць нешта сур’ёзнае ў такіх умовах проста не выпадае.

Хоць, паўтару, у мяне няма ніякага аптымізму, што да сітуацыі ў Беларусі. Я не бачу пазітыўных сцэнараў у прынцыпе. Проста не хачу трансляваць далей упадніцкія настроі, іх і без таго хапае, таму ўсяго і застаецца, што кпіць з усёй нашай сітуацыі.

– Кпіны кпінамі, а пагрозы арышту для актывістаў зараз больш, чым рэальныя, і многія вымушана з’язджаюць. Ці мільгала ў вас думка, што трэба пераставіць коску ў выразе «паехаць нельга застацца»?

– Скажам так, за апошнія дзесяць гадоў я амаль восем правёў па-за Беларуссю: пяць гадоў у расійскай частцы Арктыцы, і болей за два гады – у Польшчы. І ўлічваючы ўвесь гэты трэш і няпэўнасць сітуацыі, калі па нейкіх надуманых абставінах ты можах «прысесці», то канешне, перыядычна ёсць такая думка.

Часам кажу сам сабе: калі пабачыў расейскую Арктыку, было б няблага пабачыць, скажам, канадскую частку, які-небудзь Юкон…

– І што ўтрымлівае?

– А хто яго ведае. (Смяецца) Мабыць, дзеці. Хоць таксама часам разумееш: калі разважаць выключна катэгорыямі дзяцей, то лепш жыць у такой краіне, дзе дзеці будуць упэўненыя, што бацька з працы вернецца, а не сядзе на пару год з нейкіх прыдуманых прычын.

Таму ў мяне адназначнага адказу на гэтае пытанне – паехаць ці застацца – няма…

Да таго ж, згадвае Павел, пасля ягоных «сутак» у сям’ю тэлефанавалі са школы і з дзіцячага садка, куды ходзяць ягоныя дзеці – не тое, каб адкрыта ціснулі ці пагражалі, але «цікавіліся».

– Тыдзень таму з самай раніцы, я яшчэ спаў нават, раздаўся званок з дзіцячага садка дачкі: Павел Сяргеевіч, а вы ж беспрацоўны? Адказваю: не-не-не, я не беспрацоўны, я – чалавек, які можа дазволіць сабе не працаваць. Там яшчэ паспрабавалі высветліць, ці працую я нелегальна, потым развіталіся.

«Ёсць сілы, няма – трэба падтрымліваць людзей»

– На ваш погляд, ці захаваліся наогул сёння магчымаці для нейкага актывізму, альбо пасля татальнай «зачысткі» НГА і грамадзянскай супольнасці ў гэтым няма сэнсу?

– Нейкія магчымасці заўсёды ёсць. Тым больш, у Салігорску не адзін палітвязень – можна як мінімум пісаць ім лісты і адпраўляць пасылкі, дапамагаць сваякам. Ведаю, што лісты пішуць досыць актыўна.

Натуральна, такога актывізму, які быў да кастрычніка мінулага году, зараз няма – бо ў нас, як і па ўсёй Беларусі, затрыманых людзей садзяць у вельмі неспрыяльныя ўмовы. Месяц таму сядзела на «сутках» жанчына ў гадах, і шмат у каго быў спадзеў, што хоць у гэтым выпадку будзе паслабленне незаконных жорсткіх дзеянняў – мо, хоць выдадуць матрасы…

Але не, нікому нічога не выдалі. Жанчына адседзела за рэпост з «экстрэмісцкага рэсурсу», прычым у сацсетках ейных было тры прагляды, і, як вынікае са справы, як мінімум адзін з іх ажыццёўлены супрацоўнікамі міліцыі. І вось за гэта чалавек правёў 10 сутак у камеры – у холадзе, без матрасаў, без нічога.

– Нават на тое, каб не трансляваць далей дэпрэсію, каб падтрымліваць палітвязняў і пісаць ім лісты, патрэбныя сілы. А дзе ўзяць?

– Ды ніадкуль іх не ўзяць – проста ты разумееш, што гэтым людзям рэальна патрэбная падтрымка, нават не з салідарнасці, а чыста з гуманістычных меркаванняў, каб чалавек адчуваў, што ён не адзін.

Людзі, якія зараз сутыкаюцца з сістэмай у Салігорску – гэта пераважна не актывісты, якія праз тое ўсё праходзілі і маюць досвед падобных сітуацый, а тыя, хто раней нічога пра гэта не ведаў. Канешне, у іх ёсць пэўная разгубленасць, і іх неабходна падтрымаць. Хочаш, не хочаш, ёсць сілы ці няма – трэба.

Што натхняе, усцешвае нават у безнадзейнай шэрані? Напрыклад, дзеці – пра іх Павел з пяшчотай гаворыць, што гэта бясконцая крыніца аптымізму. Таксама выклікаюць калі не захапленне, то вялікую павагу, стачкамаўцы з «Белкалія»:

– Як бы пафасна тое не гучала, людзі паставілі на кон свой дабрабыт, вельмі неблагія па беларускіх мерках заробкі, але не адмовіліся ад сваіх перакананняў.

А што расчароўвае? Напэўна, тое, што шматлікія людзі дагэтуль не ў стане скласці два і два, і зрабіць высновы. У мінулым жніўні людзі былі абураныя гвалтам, выходзілі супраць гэтага пратэставаць – але пры тым у стачку запісваліся ледзьве не 6 тысяч чалавек, а па факце амаль усе вярнуліся да працы.

Мой брат у стачцы, і мы з ім часам, ідучы па горадзе, сустракаем знаёмых, якія працягваюць працаваць на «Белкаліі». А Салігорск, умоўна кажучы, горад аднаго прадпрыемства, і ўсе іншыя так ці інакш завязаныя на «Белкаліі». Як ні круці, ягоная будучыня, пастаўкі ўгнаенняў  – пытанне нумар адзін для Салігорска. І вось гэтыя людзі на поўным сур’ёзе задаюць пытанні: а чаму Літва збіраецца перакрыць нам транзіт, а адкуль у Менску з’явілася столькі мігрантаў?

То-бок, пры ўсім доступе да інтэрнету, магчымасці атрымаць інфармацыю і зрабіць высновы людзі настолькі інфантыльна глядзяць на падзеі, і такое глупства насамрэч засмучае і расчароўвае…

Тры гады, каб  (не) вярнуцца

– У старой показцы аптыміст вывучае англійскую, песіміст – карту Сібіры, а рэаліст – аўтамат. На ваш погляд, што будзем вучыць мы і нашы дзеці – замежную мову, каб з'ехаць, альбо беларускую, каб застацца?

– Глабальны свет і інтэрнет дазваляюць вучыць беларускую, знаходзячыся ў любым месцы свету, і мець кам'юніці, каб гэтай мовай карыстацца – так што нашы дзеці могуць вучыць любую мову і пры тым заставацца беларусамі.

Канешне, хацелася б, каб яны жылі на сваёй зямлі і будавалі сваю краіну. Але насамрэч пазітыўных сцэнараў наўпрост зараз для Беларусі я не бачу. І падзеі, якія ўжо адбыліся і працягваюць адбывацца, маюць для краіны фатальныя наступствы. Хацелася б памыляцца, але… Людзі з'язджаюць тысячамі.

Магу сказаць па досведзе свайго жыцця ў Польшчы, дзе шмат камунікаваў з мігрантамі: ёсць умоўны перыяд у тры гады. Калі за гэты час чалавек не вярнуўся на радзіму, то з вялікай доляй верагоднасці, прайшоўшы праз складанасці адаптацыі, ён знойдзе сабе больш-менш прыстойную працу, абрасце нейкімі сувязямі, сябрамі, – і ўжо не вернецца.

Атрымліваецца, што ў нас з'ехалі найбольш актыўныя людзі. Бо я гляджу на свой двор – людзі, якія злоўжываюць алкаголем, прытым сярод іх шмат маіх аднагодкаў – яны не паехалі і не паедуць. А з'ехалі, без пафасу тут не абысціся, людзі з галавой, з рукамі – цвет нацыі.

Некаторыя мае знаёмыя IT-шнікі, нават хто не пацярпеў непасрэдна ў нашых падзеях, выехалі з краіны, бо ім патрэбныя бяспека і будучыня. Гэта абсалютна зразумелая матывацыя і, мяркую, надалей працэс працягнецца, мо трэнд нават пашырыцца. Каго сустракаю зараз са знаёмых даўно не бачаных, першае пытанне: «Ты яшчэ не з’ехаў?»

І нават тыя, хто застаецца на «Белкаліі», прызнаюцца, што грошы плацяць, але гэта не прыносіць такога задавальнення, як раней. Бо ўсе разумеюць, куды коціцца краіна.

Я слаба застаў гэты перыяд, але «па ашчушчэніях» гэта падобна на канец Савецкага Саюза. Толькі тады ў людзей яшчэ не было ведання мовы, разумення, куды і як можна выехаць. А зараз многія ведаюць замежныя мовы, ёсць інтэрнет і інфармацыя аб плюсах і мінусах жыцця ў розных краінах. У гэтым плане я хутчэй, скажам так, песімістычны рэаліст.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:64)