Филин

Сяргей Васілеўскі

Пашкевіч: Вярнуць грамадзянства пасля змены ўлады будзе справай тэхнікі

Гісторык Аляксандр Пашкевіч расказаў Филину, чым сёлетняя амністыя адрозніваецца ад папярэдніх. А таксама пра тое, чым можа скончыцца пагроза пазбаўлення грамадзянства апанентаў рэжыму.

— Лукашэнкаўскі рэжым не першы раз ладзіць амністыю для зняволеных па палітычных матывах. Ці бачыце вы нейкія прынцыповыя адрозненні ад мінулых працэдур?

— З ранейшымі амністыямі ўвогуле не выпадае параўноўваць, бо зусім іншая сітуацыя. Раней было менш палітвязняў, не былі спаленыя ўсе шляхі да адступлення, не былі падарваныя канчаткова кантакты з Захадам. І тады можна было гандлявацца палітвязнямі.

Сёння сітуацыя іншая. І становішча Лукашэнкі зусім інакшае. Ён звязаны саўдзелам у вайне, яго не прызнаюць легітымным. Таму яму нават цяжка спадзявацца на тое, што амністыя прынясе пэўныя дывідэнды.

Можна параўноўваць з мінулагодняй амністыяй, якую правялі пад так званы дзень народнага адзінства, 17 верасня. Яна таксама прагназавалася, анансавалася. Лукашэнка і высокапастаўленыя сілавікі тады не выказваліся на гэтую тэму, але праўладныя прапагандысты шмат пра яе гаварылі. Юрый Васкрасенскі хадзіў з уласным спісам, угаворваў падпісаць прашэнне.

Мы памятаем, што тады нешта накшталт амністыі адбылося, але ў мізэрным і абрэзаным варыянце. Бо выпусцілі ўсяго 13 чалавек, пры тым тых, чые прозвішчы мало хто ведаў. Гэта людзі, якія сядзелі за нейкую драбязу.

Цяпер жа анансавана, што будзе выпушчана восем тысяч чалавек, нават болей. Мяркуючы па выказваннях, нейкая частка палітвязняў сярод гэтай колькасці апынецца, хоць вядома, што асноўную частку складуць зусім іншыя людзі.

Улічваючы тое, што афіцыйна прызнаная колькасць палітвязняў даўно перавысіла тысячу, выпусціць могуць і дзясяткі чалавек, і нават сотні. Але ў рэжыма ёсць магчымасць выпускаць тых, хто сядзіць за поўную драбязу, у каго невялікія тэрміны і чые імёны не на слыху.

Акрамя таго, ад падзеяў 2020-га мінула ўжо два гады, ёсць нямала вязняў, у каторых заканчваецца тэрмін зняволення. Мы штотыдзень чуем, што хтосьці новы выйшаў на волю, адбыўшы нават не год ці паўтара, а хто і два гады паспеў адсядзець.

Таму думаю, тут не трэба нічога асабліва выдумляць, а проста выпускаць такіх людзей, іх набярэцца дастаткова шмат. І далей выкарыстоўваць у прапагандысцкіх мэтах.

Але калі казаць пра тых палітвязняў, каму прысуджаныя вялікія тэрміны, людзей дастаткова вядомых, думаю, гэтая амністыя іх не датычыць. Проста таму, што сама атмасфера ў сённяшнім грамадстве, у краіне не сведчыць пра тое, што хтосьці збіраецца істотна адкручваць гайкі.

Таму што першасным павінна быць не вызваленне палітвязняў, а спыненне набірання новых, спыненне арганізаванага дзяржаўнага тэрору ў краіне, калі кожны дзень затрыманні, суды са сталінскімі тэрмінамі. Усё гэта нават і не думае спыняцца.

У такім выпадку фармальнае амніставанне дзясяткаў і нават сотняў чалавек не мае значэння, бо відавочна, што пры такім раскладзе атрыманы эфект хутка будзе зноў ураўнаважаны. 

— Адначасова з заявамі пра хуткую амністыю прагучалі пагрозы адабраць грамадзянства ў апанентаў рэжыму, што пакінулі краіну. У гэтыя ж дні былі вынесеныя чарговыя жорсткія прысуды. Чым гэта можна патлумачыць? Ці не спрабуе Лукашэнка такім чынам залагодзіць сілавікоў, якім яўна не падабаецца сама ідэя амністыі для «палітычных»?

— Відаць, такая думка мае права на існаванне. З аднаго боку, напэўна, ёсць жаданне даць нейкі пернік для пэўных тактычных мэтаў. І ў той жа час ястрабам з сілавых структураў, людзям, якія не хочуць спыняць рэпрэсіі, хочацца паказаць, што ні пра якую лібералізацыю і паслабленне ў дачыненні да ворагаў рэжыму гаворка не ідзе.

І такім чынам выбраная такая опцыя, каб адначасова і пернік даць, і ў той жа час прадэманстраваць моцны бізун. Наколькі гэты бізун будзе моцны, зноў жа, невядома. Бо адна справа прадэклараваць нейкія намеры, іншая — пасля праводзіць іх у жыццё.

Мы не ведаем, як будзе адбывацца працэдура пазбаўлення грамадзянства. А галоўнае — мы не ведаем, наколькі масавай яна будзе і колькі людзей закране. За мяжой цяпер вельмі шмат апанентаў Лукашэнкі, яны па-рознаму сябе паводзяць, нехта больш актыўна, нехта менш.

І тут узнікае пытанне: ці будуць пазбаўляць сотнямі і тысячамі па нейкай спрошчанай схеме, ці гэта будзе датычыць пары дзясяткаў знакавых асоб — Ціханоўскай, Латушкі, Стрыжака, былых сілавікоў. Пакуль мы не ведаем усіх акалічнасцяў, цяжка ацэньваць.

— Пазбаўленне грамадзянства прыдумалі не ў Беларусі, гэта практыкавалі іншыя аўтарытарныя рэжымы і дыктатуры. Ці можам мы на іх досведзе ўсё ж паспрабаваць уявіць, што чакае нас? Ці былі ў сусветнай гісторыі прыклады масавага пазбаўлення грамадзянства?

— Масавых ніколі не было. Гэта магчыма ў адносінах да пэўнай групы, калі б кагосьці пераследавалі па нацыянальнай ці расавай прыкмеце. А так, вядома, будзе як у СССР ці Польшчы часоў ПНР, калі пазбаўлялі пашпартоў найбольш актыўных апанентаў.

І гэта будзе мець хутчэй сімвалічны сэнс.

Калі, напрыклад, пазбавяць грамадзянства тую ж Ціханоўскую, то што? Гэта ж нічога асаблівага не азначае, яна ды іншыя працягуць сваю дзейнасць за мяжой. А калі яны і мелі беларускі пашпарт у кішэні, то дзе яны яго маглі прымяніць?

Па вялікім рахунку, людзям, што актыўна змагаюцца з рэжымам з-за мяжы, гэты пашпарт хутчэй замінае. Бо гэта ўзаемнае абавязальніцтва: не толькі ўладальнік пашпарту мае абавязкі ў дачыненні да сваёй краіны, але і яна абавязаная яму дапамагаць у нейкіх крытычных сітуацыях, абараняць яго.

Але цяперашнія палітэмігранты, калі ў іхнім жыцці ўзнікаюць нейкія праблемы, апошнім месцам, куды яны пойдуць іх вырашаць, будзе беларуская амбасада.  Бо там не толькі не дапамогуць, але і могуць зрабіць яшчэ горш.

Таму, калі пашпарт і забяруць, масты будуць спаленыя, нічога страшнага не адбудзецца. Тым больш, калі нешта памяняецца ў краіне, пачнецца лібералізацыя, ці ўвогуле зменіцца ўлада, аднаўленне грамадзянства будзе справай тэхнікі. Звычайна, рашэнні аб пазбаўленні грамадзянства адмяняліся асобным указам, або прызнаваліся неканстытуцыйнымі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)