Пашкевіч: «Палесцінскія тэрарысты — гэта тыя ж «палітыкі са стальнымі яйцамі», якіх мы ва ўсёй красе ўжо шмат гадоў назіраем у нашым рэгіёне»

Гісторык — пра адзіную мову, якую разумеюць некаторыя рэжымы.

Аляксандр Пашкевіч

— Цікава, што ў маёй стужцы застаюцца вельмі нешматлікія людзі, але яны ўсё ж ёсць, якія мараць пра тое, што некалі ў Ізраілі прыйдуць да ўлады «прапалесцінскія» палітыкі, якія задаволяць усе патрабаванні палесцінцаў, і пасля таго там нарэшце настане мір, — піша Аляксандр Пашкевіч. — Ну а так дзе ж яму настаць, калі Ізраіль лапкі не складае і замест няўцямнага мямлення, што «ўсе людзі брацья», адказвае ўдарам на ўдар?

Насамрэч жа трэба глядзець праўдзе ў вочы: палесцінскія тэрарысты — гэта тыя ж «палітыкі са стальнымі яйцамі», якіх мы ва ўсёй красе ўжо шмат гадоў назіраем у нашым рэгіёне.

Іх погляды і на пажаданую ўнутраную пабудову грамадства, і на дзейнасць на міжнароднай арэне нічым не адрозніваюцца ад нашых «стальнаяйцавых».

Нездарма ж і за іх спінай стаяць тыя самыя рэжымы, якія з нашымі «стальнаяйцавымі» цудоўна ўжываюцца і ўсяляк узаемна адзіна аднаму спрыяюць. Свае таму што, а крумкач крумкачу вока не выдзеўбе.

Да якіх вынікаў прыводзіць сітуацыя, калі «палітыкам са стальнымі яйцамі» доўгі час супрацьстаялі (а на самай справе патуралі) «палітыкі без яец» (тэрміналогія ўсюды не мая аўтарская), мы таксама можам бачыць на прыкладзе нашага рэгіёна. Ні да якога міру гэта не прывяло, а якраз такі наадварот.

І цяпер мы самі наракаем ды праклінаем заходнія эліты, што іхнія органы недастаткова налітыя сталлю і прынамсі некаторыя з якіх спрабуюць хоць бы неяк залагодзіць Пуціна (і Лукашэнку), замест таго каб выкарыстоўваць адзіную мову, якую ён разумее і хай з неахвотай і нянавісцю, але паважае — мову сілы. Прытым некаторыя асуджаюць «пуцінферштэераў», адначасова з'яўляючыся «хамасферштэерамі».

Ізраіль жа — акурат найбольш характэрны прыклад таго, як дзеянні «палітыкаў з яйцамі» дзесяцігоддзямі мэтанакіравана і свядома натыкаюцца на супрацьдзеянні іншых «палітыкаў з яйцамі».

Цвёрда ўпэўненых — і думаю, што цалкам слушна, — у тым, што калі іх што і абароніць, то гэта дакладна не «прекраснодушные» рэзалюцыі імпатэнтнай Рады бяспекі ААН. Да міру гэта таксама не прывяло, канешне, але не дапусціла і «скідання ў мора» Дзяржавы Ізраіль.

Пра «хамасферштэераў» жа добра сказаў яшчэ ў ХІХ стагоддзі Марк Твен:

«Індзеец Джо абвінавачваўся ў забойстве пяці жыхароў горада, але што ж з таго? Будзь ён самім д'яблам, знайшлася б дастатковая колькасць слабавольных людцаў, гатовых падпісацца пад петыцыяй аб яго памілаванні і капнуць на яе адну слязіну са сваіх шматводных запасаў».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(44)